Беларуса прымусова дэпартавалі з Расіі. А ён палез назад праз 50 хвілін
Суд улічыў прызнанне віны Міхаіла Дземідовіча і даў яму паўтара года калоніі для рэцыдывістаў.

Себежскі раённы суд Пскоўскай вобласці асудзіў грамадзяніна Беларусі Міхаіла Дземідовіча на 1 год 6 месяцаў пазбаўлення волі за паўторнае незаконнае перасячэнне расійскай мяжы пасля дэпартацыі.
Дземідовіч ужо меў тры судзімасці ў Расіі — за замах на рабаванне, крадзеж і незаконнае перасячэнне мяжы. Пасля апошняй адседкі яму паведамілі, што ўезд у Расію яму забаронены на дзесяць гадоў.
У канцы 2023 года Беларуса дэпартавалі з Расіі па мосце праз раку Чарапеціца ў Себежскім раёне Пскоўскай вобласці. Гэта было ў 17:40.
Але калі Дземідовіч апынуўся ў Беларусі, ён адразу ж вырашыў вяртацца. Ён рушыў пешшу назад да мяжы і каля 18:30 зноў перасёк яе каля перахода «Доласцы».
Затрымалі яго ў той жа дзень.
На судзе Дземідовіч прызнаў віну і хадайнічаў аб асаблівым парадку разгляду справы — без судовага следства. Пракурор не пярэчыў. Псіхіятрычная экспертыза не выявіла ў яго псіхічных расстройстваў, якія б выключалі адказнасць, хоць ён і назіраецца ў псіхіятра з дыягназам «лёгкая разумовая адсталасць».
Суд улічыў прызнанне віны і актыўнае садзейнічанне следству як змякчальныя акалічнасці, але таксама і рэцыдыў злачынстваў — як абцяжарвальную.
У выніку 25 студзеня 2024 года Дземідовіча прыгаварылі да паўтара года калоніі строгага рэжыму.
Каментары