Па заводзе электронікі ў Варонежы УСУ, верагодна, ударылі трыма новымі амерыканскімі ракетамі
Завод электронікі ў Варонежы УСУ маглі атакаваць 22 чэрвеня трыма новымі амерыканскімі ракетамі AGM-188A Rusty Dagger. Пра гэта паведамляе выданне Forbes са спасылкай на расійскія і ўкраінскія крыніцы. Афіцыйнага пацвярджэння выкарыстання гэтых ракет пакуль няма.

Ракета AGM-188A Rusty Dagger была распрацаваная ў межах праграмы Extended Range Attack Munition (ERAM), якая прадугледжвае стварэнне адносна недарагой дальнабойнай зброі для знішчальнікаў F-16. Вытворцам выступае амерыканская кампанія Zone 5 Technologies.
Паводле наяўнай інфармацыі, далёкасць палёту ракеты перавышае 460 кіламетраў. Яна абсталяваная сучаснымі сістэмамі навядзення і сродкамі супрацьдзеяння радыёэлектроннаму падаўленню.
Forbes сцвярджае, што Украіна заказала 3550 такіх ракет на агульную суму 825 мільёнаў долараў. Такім чынам, кошт адной адзінкі складае каля 246 тысяч даляраў, што прыкладна ў дзесяць разоў танней за брытанскія ракеты Storm Shadow.
Паводле спадарожнікавых здымкаў кампаніі Planet Labs, апублікаваных праектам «Схемы», у выніку ракетнага ўдару па Варонежскім заводзе паўправадніковых прыбораў былі пашкоджаныя як мінімум два будынкі.
Губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў раней паведамляў, што ў выніку атакі загінулі пяць чалавек, яшчэ некалькі дзясяткаў атрымалі раненні.
Прадпрыемства «ВЗПП-С» лічыцца адным з вядучых расійскіх вытворцаў паўправадніковых прыбораў, інтэгральных мікрасхем і сілавых модуляў. Паводле адкрытых крыніц, яго прадукцыя выкарыстоўваецца ў тым ліку пры вытворчасці крылатых ракет Х-101, комплексаў «Іскандэр-К» і «Калібр», а таксама сістэм супрацьпаветранай абароны С-400 і «Панцыр».
Каментары
Гэта, як экскаватар і лапата, абодвы прыстроя прызначаны капаць зямлю, але кожны эфектыўны па-рознаму, і мае свае перавагі.