Грамадства44

«На адчувальныя тэмы — толькі дома або калі гуляеш пешшу. Гэта цяпер база». Беларусы расказалі пра самацэнзуру ў іх жыцці

Беларусы, якія жывуць унутры краіны, расказалі выданню «Салідарнасць», ці прысутнічае ў іх жыцці самацэнзура і ў чым яна выяўляецца. Усе імёны суразмоўцаў змененыя.

Фота: Lookby.media

Даніла, 26 гадоў. «Трэба хаця б тры месяцы пагутарыць з чалавекам, каб абмяркоўваць адчувальныя тэмы»

— У апошнія гады самацэнзура на высокім узроўні. Калі працаваў на дзяржзаводзе, там было шмат чэкістаў. Прычым пра некаторых даведаўся ўжо пасля звальнення. Таму заўсёды даводзілася фільтраваць тое, што гаворыш. Гэта цяжка, бо часта спыняў сябе і думаў: вось тут лепш прамаўчаць, а тут — быць больш паліткарэктным.

Акрамя таго, мяне перыядычна выклікаюць на медкамісію ў ваенкамат, на зборы, таму тэлефон павінен быць «чыстым». Ні пра якія «не тыя» лайкі або каментарыі ў сацсетках і гаворкі не ідзе. Незалежныя СМІ чытаю праз Telegram, але без падпіскі.

Даводзіцца, хоць і не хочацца, здымаць слухаўку ад незнаёмых нумароў, бо гэта можа быць ваенкамат.

У мяне ёсць «бяспечныя месцы», дзе я магу быць сабой, ёсць аднадумцы. Але тут таксама свае нюансы — па сотавай сувязі мы нічога не абмяркоўваем, толькі праз Viber і Telegram. Таксама не гаворым на адчувальныя тэмы, калі знаходзімся ў транспарце. У асноўным дома або калі гуляем пешшу. Гэта цяпер база.

Таксама стала складаней адкрывацца новым людзям. Трэба хаця б тры месяцы пагутарыць з чалавекам, прамацаць глебу, а ўжо потым абмяркоўваць нейкія адчувальныя тэмы.

З незнаёмымі людзьмі заўсёды даводзіцца фільтраваць, што гаворыш. А то была сітуацыя, калі адпачывалі на прыродзе, рабілі шашлыкі, пазнаёміліся з кампаніяй побач, аказалася, што там сярод хлопцаў — губазікавец.

Але я б хацеў сказаць, што людзі не ўспрымаюць гэта ўсё як норму, як нешта, што будзе заўсёды. Усе чакаюць развязкі. Што будзе з вайной, што будзе ў Беларусі? Людзі ж усё бачаць.

Лукашэнка вяшчае, што мы рыхтуемся да вайны. А потым мы бачым, як Украіна запускае дроны па Расіі. Шмат каму смешна: з кім ён сабраўся ваяваць?

Віялета, 53 гады. «Хацела падысці, спытаць: «Што адбываецца, навошта?» А потым падумала: пайду я лепш далей»

— Нічога не абмяркоўваць з незнаёмымі і азірацца на вуліцы — вось у гэтым выяўляецца мая самацэнзура апошнія пяць гадоў. Звузілася кола людзей, бо з некаторымі не супалі поглядамі. А знаёміцца з новымі людзьмі цяпер стромна.

Цяпер штодня даводзіцца баяцца за сваю бяспеку. Калі гуляю і размаўляю па тэлефоне, азіраюся, каб побач не было міліцыянераў. Прычым страшна выказацца нават на бытавую або сацыяльную тэму.

Напрыклад, еду нядаўна ў аўтобусе, там такая спякота, немагчыма. Але сяджу, маўчу.

Ці іншая сітуацыя. Нядаўна на Акадэміі навук спілавалі ліпу. Я побач жыву і адразу не зразумела, што адбылося: гляджу на пейзаж і разумею: нешта не тое. Потым убачыла, што стаяць тры грузавікі, а ў іх — спілаваныя пні.

Хацела падысці, спытаць: «Што адбываецца, навошта?». А потым падумала: пайду я лепш далей. Навошта спілавалі — наогул незразумела. На шляху да метро там можна было схавацца ў цені, перачакаць залеву. Там бабулі стаялі з півонямі, чарніцамі. А цяпер усё неяк маркотна.

Я жыву ў гэтым раёне 30 гадоў, і мне зусім не ўсё роўна, што на Сурганава ўжо амаль усе дрэвы спілавалі. У чым матывацыя? І раяць, маўляў, пішыце петыцыі. А які толк? Ужо ж спілавалі! А такая ліпа вырастае за чалавечае жыццё.

Жанчына адзначае, што працягвае чытаць незалежныя СМІ, але толькі калі знаходзіцца дома або едзе ў транспарце адна:

«Цяпер жа немагчыма расслабіцца. Колькасць камер павялічылася настолькі, што мы нават жартавалі, што хутка слупы паваляцца».

Лізавета, 25 гадоў. «Калі нешта абмяркоўваем, то адношу тэлефон у іншы пакой»

— Пастаянна чышчу перапіскі, правяраю Telegram і Instagram, каб не ўсплыў нейкі лайк. Калі з калегамі закранаецца нейкая тэма, я проста маўчу.

Напрыклад, выйшаў які-небудзь новы ўказ, калегі лаюцца, а я імкнуся прамаўчаць або сказаць: «Выкруцімся, нешта прыдумаем». Калі дома або ў гасцях нешта абмяркоўваем, то адношу тэлефон у іншы пакой.

Я не адчуваю, што зараз ёсць месца, дзе я магла б свабодна выказвацца: дзе б і з кім ні была, ёсць адчуванне, што трэба гаварыць максімальна акуратна. А лепш наогул не гаварыць.

СМІ зараз не чытаю. Навіны даведваюся ад знаёмых ці з рэкамендацый у TikTok. Баюся, што могуць выклікаць на нейкую «гутарку» і праверыць тэлефон. Таму што калі кагосьці са знаёмых затрымліваюць, то шарсцяць абсалютна ўсё.

У маім асяроддзі ўсе прыкладна так і існуюць: не гавораць «лішняга», абмяжоўваюць спажыванне інфармацыі. Вядома, усё гэта ўплывае на маё жыццё. Я знаходжуся ў вузкім інфаполі, не задумваюся над тым, што адбываецца. Груба кажучы, «пражавала і праглынула» сваю пазіцыю.

Але я так раблю, таму што мне страшна. Ужо прыстасавалася да такога жыцця.

Анфіса, 30 гадоў. «Імкнуся расказваць пры асабістай сустрэчы»

— Калі знаходжуся сярод малазнаёмых людзей, то сачу за тым, што гавару. Да гэтага часу не ведаю, якіх поглядаў мае калегі, ці магу я неяк пажартаваць або проста нечым падзяліцца. Хоць у цэлым у нас добрыя адносіны.

Таксама сачу за тым, што гавару па тэлефоне, пішу ў сацсетках. Калі нехта са сваякоў перасылае інфармацыю з рэсурсаў, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі», то пасля прачытання выдаляю ў сябе і кажу ім зрабіць тое ж самае — а яшчэ адпісацца, калі дагэтуль гэтага не зрабілі.

Сама імкнуся нічога не перасылаць, а расказваць пры асабістай сустрэчы. З некаторымі сябрамі і сваякамі стаіць аўтаматычнае выдаленне паведамленняў праз дзень ці месяц.

Перыядычна магу зайсці ў інстаграм-акаўнты або ў Telegram незалежных СМІ, але ні на каго зараз не падпісаная. У цэлым за тым, што адбываецца, асабліва не сачу.

Пра тое, што адбываецца ва Украіне, ведаю з гісторый людзей, якія там жывуць і на якіх падпісаная. Пра новаўвядзенні ў Беларусі — ад сяброў. Калі нешта зацікавіла, заходжу і чытаю сама.

У мяне закрытыя ўсе сацыяльныя сеткі, у YouTube — няма рэкамендацый і гісторыі праглядаў. А яшчэ ніколі не адчыняю дзверы, калі хтосьці стукае, а я нікога не чакаю. Выключаю ўсе гукі і раблю выгляд, што дома нікога няма.

Каментары4

  • Vij
    24.06.2026
    viber і тэлеграм.... "ня ўсіх дурных вайна пабіла"
  • губошлепик
    24.06.2026
    Ну вот, теперь придется камеры и микрофоны в парках и на улицах ставить
  • Asmongold
    24.06.2026
    Гэтая самацэнзура - прычына чаму лука ўтрымлівае ўладу 32 гады. Бо людзі думаюць што яны адныя, хто незадаволены рэчаіснасцю, а насамрэч нас большасць, проста мы ціхія. 2020 гэта паказаў.

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Рэтранслятары прыпынілі працу54

Зяленскі: Рэтранслятары прыпынілі працу

Усе навіны →
Усе навіны

Тэхнічка так эмацыйна звольнілася са смалявіцкай гімназіі, што чыноўнікі паехалі туды з рэйдам8

На Камароўцы з'явіліся першыя чарніцы: колькі каштуюць?

Сярэдні заробак вырас да трох тысяч рублёў7

Дытэр Болен: Перамога Украіны была б найгоршым сцэнаром33

Жыхарка Магілёва пасля званка махляроў засталася без кватэры і ў агромністых даўгах5

У пачатку наступнага тыдня тэмпература паветра ў Беларусі можа дасягнуць +39°С1

Сірыйскі інвестар уклаўся ў калгас-банкрут на Браслаўшчыне. Які вынік?4

Ісландыя аднаўляе кітабойны промысел — эколагі пратэстуюць

Журналіста Алеся Любенчука паўторна асудзілі на чатыры гады, але часткова адбылося залічэнне ранейшага «злачынства»1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Рэтранслятары прыпынілі працу54

Зяленскі: Рэтранслятары прыпынілі працу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць