«Можаш забыцца аб працы ў Кітаі». Беларуску абвінавацілі ў Кітаі ў расізме праз адно неадназначнае ФОТА
Беларуская DJ і мадэль, вядомая пад псеўданімам SixNineForTwanty, распавяла пра хвалю крытыкі з боку кітайскіх карыстальнікаў сацсетак. Прычынай стаў фотаздымак, які частка аўдыторыі палічыла расісцкім. Дзяўчына атрымала патрабаванні выдаліць пост і папярэджанні, што такі скандал можа негатыўна паўплываць на яе будучыню ў Кітаі.

SixNineForTwanty выступае як дыджэй у жанры tech house у розных гарадах Паўднёва-Усходняй Азіі.
Мяркуючы па інстаграме дзяўчыны, яшчэ ў маі яна знаходзілася ў Гуанчжоу, а з пачатку чэрвеня жыве ў Ганконгу. Яна актыўна падарожнічае па рэгіёне і падтрымлівае сувязь з кітайскай аўдыторыяй праз сацыяльныя сеткі.
Пра канфлікт дзяўчына распавяла ў сторыс. Паводле яе слоў, пасля публікацыі аднаго з фотаздымкаў на яе абрынулася хваля крытыкі ў кітайскім сегменце інтэрнэту.
«Уявіце сабе: з-за гэтай фатаграфіі ў мяне праблемы ў кітайскім інстаграме. Мяне цкуюць кітайскія карыстальнікі, бо лічаць, што я распальваю расавую вайну ў іх інфаполі. Таксама яны паскардзіліся не толькі на мае пасты, але і на фатографа, які спрабаваў мяне абараніць, што гэта проста прыгожы кадр, без нейкага асаблівага падтэксту», — напісала яна.

SixNineForTwanty апублікавала скрыншоты размовы з адным з крытыкаў.
«Ты мяне таксама асуджаеш?» — спытала яна.
«Калі хочаш заставацца ў Кітаі, выдалі гэта», — адказаў суразмоўца.
На пытанне, ці сапраўды ён лічыць, што фатаграфія была зроблена спецыяльна для таго, каб абразіць азіятаў, той адказаў: «Мне ўсё роўна. Гэта адчувальная тэма. Не стаў на кон сваю будучыню».
Пазней суразмоўца пайшоў яшчэ далей.
«Калі ты збіраешся сварыцца з усёй Усходняй Азіяй, тады не выдаляй гэта».
Калі блогерка пацікавілася, ці сапраўды яе будучыня можа залежаць ад аднаго паста ў RedNote, пад якім нехта адчуў сябе дыскрымінаваным, яна атрымала кароткі адказ:
«Так».
«Калі такое фота распаўсюдзіцца, можаш забыцца пра працу ў Кітаі. Ніхто не захоча цябе наймаць», — напісалі ёй.

Сама SixNineForTwanty прызналася, што першапачаткова лічыла прычынай абурэння подпіс пад фатаграфіяй, дзе згадвалася «кітайская дзяўчына». Аднак суразмоўца сцвярджаў, што праблема не ў тэксце.
«Калі выкладзеш такое ў азіяцкім дадатку, цябе абавязкова будуць лаяць. Не дурэй. Любыя дзеянні, якія высмейваюць або імітуюць вузкі разрэз вачэй, лічацца дыскрымінацыяй супраць азіятаў», — патлумачылі ёй.
Каментары
Не тое каб вялікае злачынства
але рызыкі ёсьць