Вайна3535

18‑гадовы Мікіта з Рэчыцы, які ў першы ж баявы выхад трапіў ва ўкраінскі палон, расказаў, чаго папёрся на вайну

«Вяртайся дадому, сонейка. Мы цябе вельмі любім і чакаем. Вельмі цябе прашу, калі ласка. Дурненькі ты мой…» — угаворвае яго маці на ўвесь ютуб. Але юнак не супраць абмену і новай адпраўкі на вайну — трэба ж грошы зарабіць.

Мікіта падчас размовы з маці. Фота: DmytroKarpenko / YouTube

Героем новага выпуску ютуб-канала «Апостал» Дзмітрыя Карпенка стаў 18‑гадовы палонны беларус Мікіта. Ён нарадзіўся 29 ліпеня 2007 года ў Рэчыцы. Бацькі развяліся, калі яму было каля дзесяці гадоў.

Па словах Мікіты, у яго ёсць старэйшы брат, якому каля 31 года, і стрыечны брат. Старэйшы брат жыве асобна і, паводле хлопца, амаль не дапамагае маці. Стрыечны брат таксама паехаў на вайну ва Украіну, і хлопец сцвярджае, што чуў, што той загінуў пасля сямі месяцаў службы.

У школе Мікіта вучыўся дрэнна. Ён скончыў толькі дзевяць класаў сярэдняй школы №10 у Рэчыцы. Сярэдні бал складаў прыкладна 4,5 па дзесяцібальнай сістэме. Сам ён прызнаецца, што не любіў вучыцца, «ганяў балду», шмат гуляў і мала цікавіўся вучобай. Беларускую мову ведае слаба, хоць і вывучаў яе ў школе.

Пасля школы, у 2023 годзе, хлопец паступіў у Жлобінскі дзяржаўны каледж на спецыяльнасць трактарыста-зваршчыка па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі. Жыў у інтэрнаце.

Падчас вучобы Мікіта пачаў падпрацоўваць разам з сябрамі. Яны браліся за розныя выпадковыя будаўнічыя работы: шпаклявалі, дапамагалі на будоўлях, адгукаліся на аб’явы пра патрэбу ў рабочых руках. За некалькі дзён працы, па словах хлопца, маглі атрымаць ад 100 да 200 беларускіх рублёў. Гэтыя грошы трацілі на паўсядзённыя патрэбы.

Аднак у 2024 годзе адбылася гісторыя, якая моцна паўплывала на яго жыццё. Разам з двума сябрамі ён пачаў красці ровары, здымаць з іх ліхтарыкі, спідометры і іншыя дэталі. Усяго кампанія скрала каля шасці ровараў. Іх хавалі ў гаражы прыватнага дома аднаго з сяброў. Схема праіснавала некалькі месяцаў. Падчас аднаго з эпізодаў іх заўважыў нехта з жыхароў дома з балкона і выклікаў міліцыю. На наступны дзень супрацоўнікі прыйшлі да Мікіты дадому і забралі яго ў аддзяленне.

Супраць яго і сяброў распачалі крымінальную справу па артыкуле 205, частка 2 Крымінальнага кодэкса — крадзеж, здзейснены групай асоб. Першапачаткова пракурор і суд разглядалі магчымасць прызначыць рэальнае пазбаўленне волі. Самому Мікіту маглі даць каля года калоніі. Аднак у выніку суд усім тром прызначыў па годзе хатняй хіміі.

Ён працягваў наведваць каледж, жыў у інтэрнаце, але мусіў строга выконваць рэжым і адзначацца ў міліцыі. Праз тры месяцы трапіў пад амністыю, і пакаранне было знята. Да пачатку 2025 года судзімасць ужо была пагашаная.

Шлях на фронт

Прыкладна ў гэты ж час яго стрыечны брат ужо знаходзіўся на вайне ва Украіне. Паводле слоў Мікіты, брат пайшоў ваяваць дзеля заробку. Сам Мікіта падтрымліваў з ім сувязь і нават хацеў трапіць у тую ж вайсковую частку. Ён казаў, што пасля гісторыі з крымінальнай справай і вучобай пачаў разглядаць удзел у вайне як магчымасць зарабіць грошы і змяніць сваё жыццё.

Брат абяцаў дапамагчы з афармленнем і знайшоў для яго чалавека-пасярэдніка — жанчыну па імені Яна, якая займалася арганізацыяй прыезду новых добраахвотнікаў у Расію.

Саму Яну Мікіта ніколі не бачыў асабіста. Усе зносіны адбываліся праз перапіску. Паводле яго слоў, кантакт пачаўся ўжо пасля таго, як яму споўнілася 18 гадоў, летам 2025 года. Ён не ведаў, што менавіта трэба пісаць, таму брат даслаў яму гатовы тэкст паведамлення. Мікіта проста скапіяваў яго і пераслаў Яне. У адказ яна паведаміла, што пачынае афармляць неабходныя дакументы для яго пераезду і службы.

Яна арганізавала для яго афармленне кантракту і ўзяла на сябе пытанні з праездам. Спачатку яна не хацела купляць білеты, але Мікіта паведаміў, што ў яго няма грошай. У выніку білеты былі аплачаныя арганізатарамі. У той час хлопец яшчэ працягваў вучобу ў каледжы і наведваў заняткі.

Мікіта сцвярджае, што фактычна атрымаў толькі каля 500 тысяч расійскіх рублёў (каля $7000 па цяперашнім курсе), хоць яму абяцалі ў пяць разоў больш.

Пасля атрымання білетаў хлопец выехаў з Рэчыцы цягніком. Канчатковым пунктам стаў Варонеж. Менавіта там павінна была адбыцца яго далейшая адпраўка ў сістэму падрыхтоўкі навабранцаў.

Мікіта расказвае, што пра сваё рашэнне ён доўгі час не паведамляў маці. Толькі калі ўжо знаходзіўся ў цягніку па дарозе ў Расію, то прызнаўся, куды едзе. Маці спрабавала яго адгаварыць і прасіла вярнуцца дадому. Яна называла яго дурнем і настойвала, каб ён не звязваўся з вайной. Аднак Мікіта яе не паслухаў і працягнуў шлях. Старэйшы брат пра гэта даведаўся ўжо ад маці.

Пасля прыбыцця ў Варонеж яго сустрэлі на аўтамабілі і адвезлі ў лагер «Блакітны экран». Раней гэта быў піянерскі лагер, але падчас вайны яго выкарыстоўвалі як адзін з пунктаў збору і размяшчэння новых кантрактнікаў.

У «Блакітным экране» Мікіта правёў каля двух тыдняў. Хлопец расказвае, што там знаходзіліся не толькі грамадзяне Расіі і Беларусі, але і людзі з іншых краін. Асабліва яму запомнілася прысутнасць афрыканцаў, якія таксама праходзілі праз гэты цэнтр. Колькі дакладна беларусаў там было, ён не ведаў, бо асабліва ні з кім не знаёміўся і не цікавіўся паходжаннем іншых навабранцаў.

Затым, па словах Мікіты, яго адправілі на палігон. Там ён знаходзіўся яшчэ каля двух тыдняў, праходзячы стандартны курс пачатковай падрыхтоўкі перад адпраўкай далей на вайну.

Пасля двух тыдняў падрыхтоўкі на палігоне Пагонава Мікіту адправілі непасрэдна ў зону баявых дзеянняў. Паводле яго слоў, кантракт ён падпісаў 6 лістапада 2025 года, а 10 снежня 2025 года яго накіравалі ў раён Крамянной на Луганшчыне. Да гэтага моманту ён ніколі не ўдзельнічаў у баявых аперацыях і не меў рэальнага вайсковага досведу.

На перадавой

На месцы, па словах хлопца, ён прабыў усяго некалькі гадзін перад выхадам на сваё першае баявое заданне. Яму выдалі аўтамат, пяць магазінаў з патронамі і дзве гранаты. Як ён сцвярджае, усім байцам выдавалі аднолькавы камплект узбраення. На пытанне, колькі людзей ён збіраўся забіць, Мікіта адказваў, што забіваць нікога не хацеў.

Гэтае заданне стала для яго першым і адзіным баявым выхадам. Па словах хлопца, усяго ў групе было восем чалавек, якіх на двух багі даставілі бліжэй да лініі фронту. Каля сарака хвілін яны ехалі да лесапаласы, дзе пачынаўся маршрут. Пасля высадкі іх сустрэлі праваднікі і павялі праз лес.

Спачатку групу давялі да сістэмы траншэй. Там байцы чакалі сваёй чаргі на далейшае прасоўванне. Па два чалавекі яны выходзілі ў начны час, надзеўшы маскіровачныя плашчы. Для навігацыі выкарыстоўвалі спецыяльную праграму на тэлефоне, якую Мікіта называе «Альпінкай». Ім паказалі, як ёй карыстацца, пасля чаго яны рушылі далей па маршруце.

Праз некаторы час група дабралася да раёна, які Мікіта запомніў як Яблычны сад. Там яны заначавалі ў падвале. Раніцай па радыёсувязі атрымалі загад працягваць рух. Кірунак ім паказваў беспілотнік — байцы называлі яго «птушкай». Паводле яго аповеду, менавіта па ўказаннях дрона яны дайшлі да чарговага дома, каля якога знаходзіўся гараж з сінім трактарам. Там іх сустрэў чарговы праваднік.

На гэтым этапе групу падзялілі. Напарнікам Мікіты стаў расійскі вайсковец з пазыўным «Кактус». Разам з яшчэ адным байцом, якога ён называе «Фрыга», яны атрымалі магчымасць абагрэцца пасля цяжкага пераходу праз балота. Праваднікі далі ім свечкі для абагрэву і пакармілі кансерваванай кашай.

Пасля кароткага адпачынку яны працягнулі рух праз лесапалосы і закінутыя дамы. Па словах Мікіты, ён пастаянна адставаў і хутка стамляўся. Асабліва цяжкім стаў пераход праз вялікае адкрытае поле, якое давялося перабягаць пад пагрозай назірання з паветра.

Пазней яны апынуліся ў чарговым бункеры, дзе іх накармілі і дазволілі адпачыць каля чатырох гадзін. Пасля гэтага па навігацыйных пунктах атрымалі новы маршрут. У дарозе ім некалькі разоў давалі магчымасць зрабіць прыпынак. На адным з іх байцы схаваліся ў лагчыне, выпілі вады і пакурылі.

Набліжаючыся да канчаткована пункту, Мікіта заўважыў рэшткі разбураных умацаванняў і дроту, раскінутых на зямлі. Ён не разумеў іх прызначэння — ці былі гэта супрацьдронавыя загароды, ці проста перашкоды. Некалькі разоў хлопец падаў, блытаючыся ў дроце і рэштках інжынерных збудаванняў.

Палон

Нарэшце яны падышлі да апошняй пазіцыі. Наперадзе ішоў яго напарнік. Той пастукаў у дзверы бліндажа і паведаміў, што яны з 31‑га палка і спытаў, ці прыйшлі яны на патрэбную пазіцыю. Знутры адказалі, што так, і папрасілі адысці назад. На самой справе, як паказалі далейшыя падзеі, пазіцыю кантралявалі ўкраінскія вайскоўцы.

Па словах Мікіты, ім загадалі кінуць зброю, калі хочуць застацца жывымі. Мікіта і яго напарнік адразу выканалі патрабаванне: скінулі аўтаматы, пасля чаго ім загадалі зняць бронекамізэлькі і астатні рыштунак. Пасля гэтага іх завялі ў бліндаж, дзе яны чакалі далейшай эвакуацыі ў тыл. Так Мікіта трапіў у палон.

У палоне, паводле яго слоў, іх адразу накармілі. Пазней іх утрымлівалі ў падвальным памяшканні. Там ён правёў каля двух тыдняў. На пытанне, што ён расказваў украінцам, Мікіта адказаў вельмі проста: «Што я пайшоў забіваць».

Пасля размовы пра палон Дзмітрый Карпенка вырашыў патэлефанаваць украінскаму вайскоўцу, які ўдзельнічаў у захопе хлопца. Той паведаміў, што ў першыя гадзіны пасля палону Мікіта распавядаў, што яго брат загінуў на вайне і што ён пайшоў на фронт помсціць за яго. Больш за тое, нібыта казаў, што пасля магчымага абмену зноў вернецца на вайну дзеля гэтай помсты.

Пасля гэтага Карпенка наўпрост спытаў Мікіту, хто кажа няпраўду — ён ці ўкраінскі вайсковец. Хлопец прызнаў, што хлусіў менавіта ён. Удакладніў, што брат на момант яго рэкрутацыі быў жывы і працягваў ваяваць, а сам ён проста хацеў трапіць у тое ж падраздзяленне. 

Што далей?

Затым інтэрв’юер арганізаваў відэазванок дадому. На сувязь выйшла маці Мікіты і яго старэйшы брат.

Падчас размовы высветлілася, што сям’я доўгі час увогуле не ведала пра ягоны лёс. Больш за тое, яго сябар вярнуўся з вайны і літаральна за дзень да званка хлопца з палону паведаміў усім, што Мікіта ўжо загінуў.

— Навошта ты туды паехаў, сынок? Ну навошта? Няўжо табе гэта было трэба, дзіця маё? Усіх пакінуў. З'ехаў. Сонейка маё, — дапытвала маці сына.

— Я хацеў, карацей, зарабіць грошай, каб ты ні ў чым не мела патрэбы, — адказаў той.

— Мне нічога не трэба. Абы ты быў жывы. Абы вы былі. Сынок… Ну навошта ты гэта зрабіў, коцік мой?

(…) 

— Мікітка, ты ўжо зразумеў, што нарабіў? Што ты нарабіў? Ну што ты нарабіў, сонейка маё?

— Вельмі дурную рэч зрабіў.

— Малады, дурны, так? (…) Вяртайся дадому, сонейка. Вяртайся дадому. Мы цябе вельмі любім і чакаем. Вельмі цябе прашу, калі ласка. Дурненькі ты мой. (…) Як можна было сябра паслухаць? Вось, Дзіма (паказвае на старэйшага брата — НН), служыў у арміі, усё нармальна. Пайшоў бы ў армію. У цябе прафесія амаль гатовая была.

Юнак прызнаўся, што не ведае, што чакае яго далей. Ён агучыў два магчымыя варыянты: або працяглае зняволенне ва Украіне, або абмен палоннымі з наступным вяртаннем на фронт. Хлопец распавёў пра так званых «другаходаў» — людзей, якіх ужо абмянялі адзін раз, пасля чаго зноў адправілі на вайну і якія паўторна трапілі ў палон.

Маці звярнула ўвагу, што сын моцна схуднеў. Мікіта патлумачыў гэта ўмовамі на фронце. Ён казаў, што падчас свайго адзінага баявога выхаду харчаваўся пераважна батончыкамі і сухімі перакусамі. Паводле яго слоў, ім абяцалі, што беспілотнікі будуць дастаўляць ежу і забеспячэнне, але за ўвесь час ён так і не пабачыў ніводнага такога дрона.

Паводле яго слоў, калі яго ўжо ўзялі ў палон і трымалі ў бліндажы, па гэтай пазіцыі працягваўся абстрэл. Расіяне абстрэльваюць і месца, дзе ён цяпер знаходзіцца ў палоне.

«Выбірай: «200» або 12 гадоў. 200 — гэта калі цябе абмяняюць, ты другі раз пойдзеш на вайну і цябе заб'юць. Альбо 12 гадоў», — прапанаваў у канцы размовы Карпенка юнаку.

«Я б пайшоў на абмен», — адказаў Мікіта.

Каментары35

  • Лол
    22.06.2026
    І такія людзі маюць права голасу
  • Самы чэсны
    22.06.2026
    Інтэлект у хлопца, як у мухі. Нешта жужжыць, але да г....а будзе цягнуць да смерці.
  • на фота
    22.06.2026
    Можа яму ва ўкраінскім палоне лепей, чым калі-небудзь. Толькі саромеецца прызнаць.

Цяпер чытаюць

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі39

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка збіраецца на доўгі час за мяжу57

Лаўроў: Беларусь імкнуцца ўцягнуць ва ўкраінскі канфлікт11

Заробак як у айцішніка: беларускаму трактарысту прапануюць да 10 тысяч рублёў. Разабраліся, у чым сакрэт5

СК РФ назваў прозвішчы адказных і выканаўцаў, хто, па яго версіі, атакаваў аўтобус з беларускімі дзецьмі пад Бранскам17

26‑гадовы Максім з Баранавіч — новая ахвяра вайны12

«Гэта ўнікальны выпадак!» Каля «Мінск-Свету» заўважылі птушку года1

Будынак крэйдавага завода ў Белгарадскай вобласці разбураны ў выніку ўдару беспілотнікаў1

Ордэн Белага Арла, які забралі ў Зяленскага, вярнуўся ў Польшчу. Што з ім будзе цяпер?4

У Крыме здарылася маштабнае адключэнне святла6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі39

Прапаганда рыхтуе грамадства да загадкавай «працяглай камандзіроўкі» Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць