Культура22

Парфенон без рыштаванняў. У Афінах завяршылі рэстаўрацыю заходняга фасада галоўнага храма антычнасці

Улады Грэцыі абвясцілі пра заканчэнне важнага этапу рэстаўрацыі Парфенона. З заходняга фасада помніка, вядомага са школьных падручнікаў, канчаткова знялі масіўныя будаўнічыя рыштаванні, якія хавалі яго каля дваццаці гадоў. Упершыню за больш чым два стагоддзі гэтая частка храма паўстала перад наведвальнікамі ў максімальна поўным і цэласным выглядзе.

Заходні фасад Парфенона пасля шматгадовай рэстаўрацыі. Фота: Міністэрства культуры Грэцыі

Як заявіла міністарка культуры Грэцыі Ліна Мендоні, завяршэнне гэтага складанага этапу дазволіла вярнуць храму яго архітэктурную цэласнасць.

«Сёння мы бачым заходні франтон Парфенона такім, якім яго не бачылі два стагоддзі. Выдовішча сапраўды захоплівае дух. Франтон, які пакаленні грэкаў і гасцей з усяго свету прывыклі бачыць няпоўным, вярнуў сваю архітэктурную еднасць. Гэта момант гістарычнага значэння для сусветнай культуры», — адзначыла міністр.

Галоўнай задачай рэстаўратараў на гэтым этапе было аднаўленне геаметрычнай і структурнай цэласнасці заходняга франтона. Для гэтага ў пустыя прамежкі ўсталявалі два вялікія артастаты. У класічнай архітэктуры артастатамі называюць буйныя вертыкальныя каменныя блокі або пліты.

Заходні фасад Парфенона ў рыштаваннях у 2017 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Першы такі блок спецыялісты скрупулёзна сабралі з арыгінальных антычных фрагментаў, запоўніўшы пустоты новым мармурам. Другі артастат давялося цалкам выразаць уручную з цэльнага кавалка каменя, каб ён дакладна адпавядаў памерам згубленага арыгінала. Мармур для дапаўненняў здабывалі ў тых самых каменяломнях гары Пентэлікон, адкуль бралі матэрыял старажытныя афіняне ў V стагоддзі да нашай эры.

Завяршэнне працы на заходнім фасадзе — гэта вынік сучаснага, навуковага падыходу да рэстаўрацыі, які пачаўся ў 1975 годзе са стварэннем Камітэта па захаванні помнікаў Акропаля.

Пры правядзенні прац сучасныя інжынеры катэгарычна адмовіліся ад выкарыстання жалеза. Менавіта жалезныя заціскі і бетон, якія масава выкарыстоўваліся падчас папярэдняй маштабнай рэканструкцыі Акропаля ў 1898—1938 гадах пад кіраўніцтвам Ніколааса Баланаса, нанеслі помніку катастрафічную шкоду. З часам жалеза пачало іржавець і пашырацца, літаральна разрываючы мармур знутры.

Сёння ўсе злучэнні робяцца выключна з дапамогай тытанавых стрыжняў, якія не паддаюцца карозіі і маюць каэфіцыент цеплавога пашырэння, блізкі да мармуру.

Заходні фасад Парфенона ў 1990 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Парфенон моцна пацярпеў яшчэ ў 1687 годзе, калі падчас аблогі Афін венецыянскімі войскамі ўнутры яго выбухнуў порах, схаваны тут асманамі. Пазней, у пачатку XIX стагоддзя, брытанскі пасол лорд Элгін вывез з Афін значную частку ацалелых скульптур заходняга фасада (спрэчкі аб іх вяртанні паміж Грэцыяй і Брытанскім музеем не сціхаюць дагэтуль). Усталяванне новых артастатаў і ўмацаванне апорных муроў дазволіла часткова залячыць гэтыя гістарычныя раны.

Нягледзячы на тое, што заходні фасад набыў завершаны выгляд, агульная рэстаўрацыя Парфенона працягваецца. Цяпер фокус увагі спецыялістаў пераносіцца ўнутр храма — да аднаўлення сцен цэлы. Цэла — гэта галоўнае ўнутранае памяшканне антычнага храма, дзе калісьці стаяла гіганцкая статуя багіні Афіны працы Фідзія.

Пры аднаўленні афінскага Акропаля была вынайдзена рэстаўрацыйная методыка анастылозу — калі раскіданыя па тэрыторыі помніка мармуровыя блокі і архітэктурныя дэталі вяртаюцца на свае месцы, а візуальная цэласнасць і канструкцыйная трываласць забяспечваецца ўстаўкамі з новага мармуру. Фота: ysma.gr

Пры гэтым варта разумець, што ў адрозненні ад сучасных цэркваў ці касцёлаў, цэла ніколі не была малітоўнай залай для вернікаў. У антычнасці яна лічылася літаральным «домам багіні», куды мелі доступ толькі жрацы. Усе масавыя набажэнствы, рытуалы і ахвярапрынашэнні заўсёды адбываліся звонку, перад храмам ля вялікага алтара.

Праект па аднаўленні цэлы разлічаны прыкладна на 15 гадоў. Плануецца вярнуць на гістарычныя месцы каля 360 арыгінальных мармуровых блокаў, якія цяпер раскіданыя па тэрыторыі Акропаля, дадаўшы да іх каля 90 новых. Мэта — аднавіць паўночную і паўднёвую сцены памяшкання на вышыню да 10 метраў. Паколькі гэтыя працы будуць ісці выключна ўнутры, яны больш не патрабуюць масіўных знешніх рыштаванняў, што дазволіць наведвальнікам бесперашкодна бачыць знакамітыя антычныя калоны.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • Ё
    22.06.2026
    Трэба вітаць аднаўленне Парфенону. Такія ключавыя для цывілізацыі будынкі мусяць заставацца з намі яшчэ на тысячы гадоў і пакідаць іх у некранутым выглядзе, як таго патрабуюць некаторыя людзі, - нельга, бо яны разбурацца. тое самау і ў Беларусі. Маляўнічыя руіны добра выглядаюць, але надвор'е і час знішчаць ус што заўгодна. Таму проста неабходна аднаўляць нашыя замкі і культавыя месцы, каб яны заставаліся сведчаннем тутэйшай гісторыі яшчэ не адно стагоддзе. Проста любавацца маляўнічымі руінамі тут і зараз, гэта эгаістычна ў дачыненні да будучых пакаленняў, бо яны ўжо нічым не змогуць любавацца.
  • Алик
    22.06.2026
    Хвала Перкунасу.

Цяпер чытаюць

18‑гадовы Мікіта з Рэчыцы, які ў першы ж баявы выхад трапіў ва ўкраінскі палон, расказаў, чаго папёрся на вайну21

18‑гадовы Мікіта з Рэчыцы, які ў першы ж баявы выхад трапіў ва ўкраінскі палон, расказаў, чаго папёрся на вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Казка Каба-Вэрдэ працягваецца. Нічыя з чарговым фаварытам2

Тысячы людзей сабраліся на Купаллі ў Азярцы і Суле. Такой масавасці ніхто не прыпомніць ФОТЫ14

«Цяпер у моманце падаецца жорсткім і празмерным». Шпакоўскі раіць Расіі ўжыць ядзерную зброю45

Сёстры Груздзевы перажываюць за беларусаў у Польшчы. Бо яны не бачаць сапраўднага мяса14

Назвалі абласны цэнтр Беларусі з самым высокім узроўнем радыяцыі3

«Бачу, нешта шэрае ляціць. Атрымала асколак». Пацярпелыя дзеці з аўтобуса распавялі, што здарылася ў Бранскай вобласці6

Кіраўнік МЗС Украіны паабяцаў люстрана адказваць на ўсе крокі Польшчы: Наўроцкі атрымлівае апладысменты з Масквы31

Беларускі вядучы расказаў пра сваю б’юці-руціну ў 32 гады — гэта не толькі крэм для твару16

Украіна паразіла тры з пяці аўтамабільных паромаў на Керчанскай пераправе3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

18‑гадовы Мікіта з Рэчыцы, які ў першы ж баявы выхад трапіў ва ўкраінскі палон, расказаў, чаго папёрся на вайну21

18‑гадовы Мікіта з Рэчыцы, які ў першы ж баявы выхад трапіў ва ўкраінскі палон, расказаў, чаго папёрся на вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць