Нерухомасць33

Можа, вам трэба 12‑пакаёвая кватэра ў Мінску? Маем такі варыянт

У старым катэджным раёне Мінска прадаюць кватэру на 546 квадратаў з басейнам і більярднай. А па фасадзе і не скажаш.

Фота тут і далей: Realt.by

Вуліца Ільменская — адзін з тых куткоў Мінска, пра існаванне якіх многія гараджане нават не ведаюць. Між Севастопальскім паркам і вуліцай Ватуціна захаваўся цэлы квартал катэджнай забудовы з садамі абапал вузкіх вулак і амаль загараднай атмасферай. Побач няма шчыльнай шматпавярховай забудовы, таму цяжка паверыць, што да праспекта Незалежнасці і станцыі метро «Маскоўская» адсюль можна датупаць за 20 хвілін.

Менавіта тут, на Ільменскай, 14, на продаж выставілі ну вельмі незвычайны аб'ект. У абвестцы на Realt.by ён пазначаны як кватэра, але на самой справе гэта чатырохузроўневы таўнхаус 2011 года пабудовы. Агульная плошча складае 545,8 квадратнага метра, а паводле будаўнічых нормаў Беларусі — амаль 639 квадратных метраў. Да аб'екта таксама адносіцца дзялка зямлі плошчай 8,46 соткі.

Усяго тут налічваецца 12 пакояў, размеркаваных на чатырох узроўнях.

На першым паверсе — банкетная зала, гараж, саўна, басейн з душавой, пакой адпачынку і санвузел.

Другі паверх адведзены пад жылую частку. Тут размешчаныя кухня, тры пакоі, тры санвузлы, дзве душавыя кабіны і асобны пакой для прасавання.

Трэці паверх займаюць камінная зала, яшчэ два пакоі і вялікая прастора, якая спалучае функцыі гасцёўні, сталовай і кухні. Тут жа знаходзіцца санвузел з джакузі, душавой кабінай і пральна-сушыльнай тэхнікай.

Мансардны паверх выглядае найбольш кліматычна. Ён аздоблены натуральным дрэвам, тут ёсць більярдная, барная зона з каменнай стойкай, некалькі пакояў, асобная спальня, гардэробная і яшчэ адзін санвузел. У апісанні асобна згадваюцца канапы са скуры буйвала, вялікі тэлевізар і велатрэнажор.

Праўда, фотаздымкі наводзяць на думку, што перад намі не зусім звычайны сямейны дом. На розных паверхах можна заўважыць некалькі кухняў, асобныя зоны адпачынку, шмат санвузлоў і душавых, а таксама памяшканні, якія выглядаюць як самастойныя жылыя блокі.

Агульная лесвіца таксама больш нагадвае ўнутраны пад’езд, чым прыватную лесвіцу ў аднасямейным доме.

Таму аб’ект выглядае хутчэй як некалькі амаль аўтаномных прастораў, аб’яднаных пад адным дахам. У такім фармаце ён можа падысці не толькі вялікай сям’і з некалькіх пакаленняў, але і для арэнднага бізнэсу, гасцявога дома ці невялікага апарт-гатэля. Як атрымалася высветліць, раней тут сапраўды размяшчаўся гасцінічны аб'ект «Катэдж на Ільменскай». 

Турысты, вялікія кампаніі і бізнесмены маглі арандаваць як увесь катэдж, так і асобныя нумары-апартаменты. Будынак часта здавалі ў кароткатэрміновую арэнду вечарыны, банкеты, прыёмы ці карпаратывы.

Пра той час нагадваюць вельмі розныя па настроі і ўзроўні аздаблення інтэр'еры. Побач з басейнам, саўнай, більярднай і каміннай залай можна ўбачыць даволі простыя кухні, стандартныя душавыя кабіны, ружовыя сцены і звычайную мэблю.

Галоўная каштоўнасць аб’екта — не ў дызайнерскім рамонце, а ў рэдкім спалучэнні лакацыі, уласнага ўчастка і аб'ёмаў.

З тэхнічнага пункту гледжання гэта сапраўды нармальна абсталяваны дом. Тут ёсць уласная газавая кацельня, аўтаномнае ацяпленне, цёплыя вадзяныя падлогі, сістэма кандыцыянавання, відэаназіранне і оптавалаконны інтэрнэт.

На закрытай тэрыторыі прадугледжана паркоўка на чатыры аўтамабілі. У двары таксама размешчана альтанка з натуральнага зруба плошчай каля 15 квадратных метраў.

За гэты аб'ект просяць 4,15 мільёна рублёў, або прыкладна 1,5 мільёна даляраў. Кошт квадратнага метра складае каля 2348 даляраў.

Але што з домам зрабіць у ідэале, не відавочна. Можа быць, укласці яшчэ трохі грошай у сучасны рамонт і мэблю і зноў эксплуатаваць як апарт-гатэль?

Каментары3

  • Отец Засандалий
    22.06.2026
    Кровь из глаз.
  • Н. Каткавец і Л. Ананіч
    22.06.2026
    Гэта напэўна асобны тып ПТСР,што нават плошча на 12 пакояў не дазваляе адыйсці ад патэрнаў размяшчэння пралкі ў ванным пакоі😆😆
  • 12‑комнатная квартира в Минске нужна...
    22.06.2026
    ... и еще деньги на нее

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу71

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу

Усе навіны →
Усе навіны

У гэту краіну можа паляцець Лукашэнка на перыяд сканчэння ўльтыматуму Зяленскага8

«Такой эліткі краіна не бачыла». У Мінску пабудуюць сакрэтныя хмарачосы а-ля Масква-Сіці10

Жонка эмацыйна кінула мужу, што пяцёра дзяцей не яго. Ён зрабіў тэст на бацькоўства28

Міністр юстыцыі РФ назваў няправільным прыярытэт правоў і свабод грамадзян5

Беларусь закрывае пасольства ў Экватарыяльнай Гвінеі. А Лукашэнка ўсяго тры гады назад называў яе прыярытэтным кірункам3

Севярынец пра ўльтыматум Зяленскага: За пару дзён можам апынуцца ў сітуацыі, якую яшчэ нядаўна лічылі малаймавернай5

Пасля ўльтыматуму Зяленскага рэтранслятары адключылі? Апошнія дні расійскія беспілотнікі не накіроўваюцца ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы21

Расія цісне на Беларусь, прымушаючы ўступіць у вайну супраць Украіны — WSJ20

Пад Мінскам зноў пачало смярдзець3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу71

Зяленскі: Рэтранслятары на мяжы Беларусі прыпынілі працу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць