Гісторыя1111

На дне палескага Князь-возера адшукалі замак «Венецыя» — капрыз Радзівіла

У сярэдзіне XVIII стагоддзя Геранім Фларыян Радзівіл вырашыў пабудаваць на возеры замак і размясціць вакол яго сапраўдны флот. Летась падводныя археолагі адшукалі рэшткі гэтай мураванай рэзідэнцыі і драўляных збудаванняў, пацвердзіўшы, што капрыз магната не быў гістарычным анекдотам.

Геранім Фларыян Радзівіл і яго «Князьмор». Калаж: «Наша Ніва»

Пра гэта паведамляецца ў тэзісах дакладаў на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па выніках археалагічных даследаванняў у 2025 годзе, што распачала працу ў Нясвіжы.

Паводле вынікаў даследаванняў, праведзеных у 2025 годзе дайвінг-цэнтрам «Марскі Пегас» і Інстытутам гісторыі пад кіраўніцтвам Андрэя Ліхачова, на дне возера Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці, якое гістарычна насіла назву Жыд-возера (а сам горад даўней называўся Жыдкавічы), выяўлена падводнае ўзвышша дыяметрам 30—35 метраў.

Князь-возера са спадарожнікавага здымка. Фота: Wikimedia Commons

Там заўважылі прамавугольныя драўляныя канструкцыі і асобныя бярвенні. Вада таксама захавала кераміку і фрагменты буйнафарматнай чырвонай цэглы з прымешкамі буйной дрэсвы і шамоту. Каб вызначыць узрост аб'екта, навукоўцы паднялі на паверхню частку бервяна. На яго тарцы захаваўся складаны тэхналагічны вузел — замок «на шыпах», адзін з якіх меў выгляд літары «Г». Спецыялісты адзначаюць, што такі спосаб рубкі вядомы з XVI стагоддзя і фіксуецца ў першую чаргу ў гаспадарчых пабудовах. Праведзены дэндрахраналагічны аналіз пацвердзіў, што дрэва належыць да XVIII стагоддзя.

Гэтая дата выводзіць даследчыкаў на фігуру Гераніма Фларыяна Радзівіла. Уладальнік велізарных маёнткаў утрымліваў прыватнае войска з шасці тысяч чалавек, супастаўнае па колькасці з арміяй усяго Вялікага Княства Літоўскага. Князь таксама быў вядомы вялікай прагай да мастацтва: ён заснаваў тэатры ў Слуцку і Белай, стварыў першую ў Рэчы Паспалітай балетную школу, збіраў карцінную галерэю і вялікую бібліятэку.

Князь-возера, сёння — Чырвонае

У 1756 годзе амбіцыі магната выйшлі на новы ўзровень. Ён уласным загадам перайменаваў Жыд-возера ў гучнае «Князьмор». На востраве пачалося ўзвядзенне мураванага замка, якому Радзівіл даў назву «Венецыя». Згодна з дакументальнымі сведчаннямі, план прадугледжваў стварэнне на возеры паўнавартаснага флоту з артылерыяй. Сённяшнія падводныя знаходкі буйнафарматнай цэглы даказваюць, што радзівілаўскі капрыз сапраўды пачаў рэалізоўвацца.

Але час унёс свае карэктывы ў маштабныя планы. У 1760 годзе саракапяцігадовы Геранім Фларыян памёр, не пакінуўшы нашчадкаў ні ў адным са сваіх трох шлюбаў. Усе ўладанні перайшлі да яго брата Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі, якому ваенны флот пасярод Палесся быў зусім не патрэбны.

Назва «Князьмор», відаць, трансфармавалася ў Князь-возера (якое ў 1931 годзе савецкія ўлады перайменавалі ў Чырвонае Палессе), а ад недабудаванай «Венецыі» застаўся толькі пагорак на дне возера. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Барадзед
    01.05.2026
    Назвали бы сына Флорианом?
  • Барадзед
    01.05.2026
    Ну, это трагедия белорусских земель - времена проходят, а самодуры появляются все новые. Сейчас один такой строит библиотеки и музеи в честь себя любимого непонятной архитектурной формы, которые никто не посещает. Подобные "исторические личности-самодуры" позорят эту страну.
  • .
    01.05.2026
    Барадзед, нармальнае імя, Фларыяна Чарнышэвіча хаця б успомні, гэта лепш чым Цімур які

Цяпер чытаюць

«Я больш не анархіст». Мікола Дзядок — пра турму, Бога і расчараванне ў ідэалогіях

«Я больш не анархіст». Мікола Дзядок — пра турму, Бога і расчараванне ў ідэалогіях

Усе навіны →
Усе навіны

Службы таксі абавязаліся не павышаць цэны ў непагадзь3

Прэс-сакратарка Трампа нарадзіла дачку11

Дачка Вардамацкага вырашыла не балатавацца ў Каардынацыйную раду4

Першыя вынікі выбараў у Брытаніі: лейбарысты церпяць паразу, Reform UK захоплівае пазіцыі па ўсёй краіне7

У Беларусі адмянілі яшчэ адзін фэст3

Актывіста з Нароўлі асудзілі на 10 гадоў за «здраду дзяржаве»1

Гэтыя колеры вас зачаруюць. У Мастацкім адкрылася выстава неглюбскіх ткачых3

2300 салдат з КНДР загінулі ў Курскай вобласці3

Кацярына Андрэева наведала паказ фільма, знятага па ейнай з мужам гісторыі кахання2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я больш не анархіст». Мікола Дзядок — пра турму, Бога і расчараванне ў ідэалогіях

«Я больш не анархіст». Мікола Дзядок — пра турму, Бога і расчараванне ў ідэалогіях

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць