Самая дарагая гітара ў свеце. «Чорны Stratocaster» Дэвіда Гілмара з Pink Floyd прададзены за $14,6 млн
Сярод лотаў былі яшчэ некалькі музычных інструментаў, якія належалі рок-зоркам.

Аўкцыённы дом Christie's паведаміў, што знакамітая электрагітара, якую Дэвід Гілмар выкарыстоўваў падчас запісу ўсіх альбомаў гурта Pink Floyd з 1970 па 1983 год, была прададзена за рэкордную суму 14,6 млн даляраў, піша Бі-бі-сі.
Такім чынам, гітара, вядомая як «Чорны Stratocaster», стала самай дарагой з усіх калі-небудзь прададзеных у свеце. Пра тое, хто стаў пакупніком, не паведамляецца.
Гэту гітару можна пачуць на самых папулярных запісах Pink Floyd, у тым ліку на альбомах The Dark Side of the Moon, Wish You Were Here і The Wall.
Christie's прагназаваў, што Fender Stratocaster Гілмара будзе прададзены за суму ад двух да чатырох мільёнаў даляраў.
Да гэтага самай дарагой гітарай свету лічыўся электраакустычны «Martin D-18E», выпушчаны ў 1959 годзе і які выкарыстоўваўся лідарам гурта «Нірвана» Куртам Кабейнам на знакамітым канцэрце MTV Unplugged у 1993 годзе.
Гэтая гітара была прададзена з аўкцыёну ў 2020 годзе за 6 млн даляраў.
На гэтым аўкцыёне была таксама прададзена яшчэ адна гітара Курта Кабейна — сіні Fender Mustang, які лідар «Нірваны» выкарыстоўваў падчас запісу відэакліпа для песні «Smells Like Teen Spirit» — яе кошт склаў 6,9 млн даляраў.
Інструменты былі прададзены ў рамках таргоў, на якіх выстаўлялася маёмасць амерыканскага мільярдэра Джыма Ірсея, які памёр у 2025 годзе.
Сярод лотаў былі яшчэ некалькі музычных інструментаў, якія належалі рок-зоркам.
У тым ліку за 3,2 млн даляраў прададзена піяніна Джона Ленана — лічыцца, што гэта самая вялікая сума, калі-небудзь заплачаная за прадмет, звязаны з гуртом «Бітлз».
«Пасля кожнага лота ў нас узнікала адчуванне, што адбываюцца гістарычныя падзеі», — сказаў кіраўнік амерыканскага падраздзялення Christie's Джуліян Прадэлс.
У ліку іншых прададзеных прадметаў:
- Электрагітара, зробленая спецыяльна для вакаліста і гітарыста амерыканскага гурта Grateful Dead Джэры Гарсіі. Інструмент, вядомы як «Тыгр», куплены за 11,6 млн даляраў.
- Напісаны Бобам Дыланам ад рукі тэкст песні «The Times They Are A-Changin» — 2,5 млн.
- Ударная ўстаноўка, якая належала ўдарніку «Бітлз» Рынга Стару, — 2,4 млн
- Труба легендарнага джазавага музыканта Майлза Дэвіса — 1,6 млн
- Блакнот з напісаным Сільвестрам Сталоне ад рукі сцэнарыем для фільма «Рокі» — 508 тысяч.
- Халат, у якім выходзіў на ўзважванне легендарны баксёр Махамед Алі, — 444,5 тыс.
Паводле звестак Christie's, агульны кошт 44 выстаўленых на таргі прадметаў з калекцыі Ірсея склаў 84 млн даляраў.
Каментары