Грамадства22

Беларус заснаваў у Варшаве музычную школу і памёр. Цяпер школа пад пагрозай

У Варшаве ў снежні 2025 года раптоўна памёр беларус Аляксандр Кавальчук — заснавальнік школы ўдарных інструментаў Hit&Beat. Ён позна даведаўся пра цяжкі дыягназ — рак страўніка — і спадзяваўся прайсці лячэнне, таму не паспеў перадаць нікому доступ да рахункаў, дакументаў і важнай інфармацыі. Цяпер школа вымушаная ў спешцы аднаўляць дакументацыю і ўжо сутыкнулася з пагрозай выселення: арэндадаўца скасаваў дамову і знайшоў новага наймальніка памяшкання, піша Most.

Надпіс «Дапамажыце. Школу хочуць закрыць» на будынку Hit&Beat. Фота з архіва школы

Аляксандр Кавальчук, вядомы ў музычным асяроддзі як Алекс Хіт, прыехаў у Польшчу ў 2018 годзе. Спачатку ён дапамагаў прадпрымальнікам-эмігрантам асвойвацца ў новай краіне, праводзіў навучальныя сустрэчы, а прыкладна праз два гады адкрыў школу барабанаў.

З часам гэта школа стала не проста адукацыйным праектам, а творчай супольнасцю, якая аб’яднала дарослых і дзяцей, палякаў і эмігрантаў. Для многіх перасяленцаў школа стала месцам хутчэйшай адаптацыі. Тут таксама займаліся людзі з аўтызмам і некалькі вучняў з сіндромам Даўна. Акрамя заснавальніка, у школе працавалі яшчэ двое выкладчыкаў.

У лістападзе 2025 года Аляксандр пачаў адчуваць моцнае недамаганне, хутка схуднеў. Спачатку ён думаў, што гэта звычайныя праблемы са страўнікам, але абследаванне паказала анкалагічнае захворванне. Яго шпіталізавалі, правялі першыя працэдуры і ненадоўга адпусцілі дадому. Пазней мужчына зноў вярнуўся ў клініку, аднак хвароба ўжо была ў цяжкай стадыі. 18 снежня 2025 года Аляксандр памёр ва ўзросце 39 гадоў.

Напярэдадні ён размаўляў з братам, які жыве ў Беларусі і з’яўляецца саўладальнікам адной з яго кампаній. Магчыма, Аляксандр мог перадаць яму важную інфармацыю, але, відаць, усё ж разлічваў паправіцца і не паспеў гэтага зрабіць.

Пасля смерці цела перавезлі ў Беларусь, а школа пачала аднаўляць дакументы. Высветлілася, што дамовы з вучнямі захоўваліся толькі ў заснавальніка, таму супрацоўнікам давялося апытваць людзей, каб аднавіць спісы і разлікі. Цяпер пацверджана не менш за 50 дзейных дамоў.

Дадатковай праблемай стала арэнда памяшкання на вуліцы Шведскай (Szwedzka). Яно належыць прыватнаму Медыцынскаму ўніверсітэту імя Марыі Складоўскай-Кюры. У снежні арэндадаўца накіраваў апавяшчэнні аб аплаце, але Аляксандр ужо не паспеў іх атрымаць.

Пакуль у судовым рэестры не былі аформленыя змены ў кіраўніцтве, прадстаўнікі школы не маглі афіцыйна атрымаць інфармацыю. Пасля ўнясення зменаў высветлілася, што дамова ўжо скасаваная, а памяшканне перададзена новаму арандатару. Па словах прадстаўнікоў школы, гэта зроблена з парушэннем умоў, бо дамову можна было скасаваць толькі праз шэсць месяцаў пасля паведамлення.

Вызваліць памяшканне школе загадалі 12 лютага 2026 года — у дзень, калі Аляксандру споўнілася б 40 гадоў. Па словах прадстаўніцы школы, арэндадаўца адмаўляецца ад асабістых сустрэч і камунікуе толькі па электроннай пошце. У памяшканні ўжо замянілі замкі і пашкодзілі дзверы, таму была выклікана паліцыя, а матэрыялы перададзеныя ў пракуратуру.

Вучні школы падрыхтавалі петыцыю з патрабаваннем наладзіць адкрыты дыялог з арэндадаўцам, урэгуляваць фінансавыя пытанні, забяспечыць пераходны перыяд для выканання дзейных дамоваў і дазволіць школе працягнуць працу. У тэксце петыцыі адзначаецца, што раптоўнае скасаванне дамовы без абмеркавання і часу на пераезд разбурае сфармаваную супольнасць, яе традыцыі і культурную місію.

Каментары2

  • Пратт
    17.02.2026
    з кім вы вядзеце перамовы , каго просіце ?!
    гэтых сьлімакоу́ ?
  • флекс
    18.02.2026
    Лічу , што ёсць адзіны варыянт - пачаць усё спачатку

Цяпер чытаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Хаўер Мілей абвясціў выходны дзень сёння ў краіне

«Залаты мяч» чэмпіянату свету атрымаў Родры1

У моду вярнуўся пластыкавы абутак з 1990‑х5

Іспанія стала чэмпіёнам свету па футболе, забіўшы адзіны гол, хоць гульня ішла ў адны вароты16

Беларусы ў Варшаве сабраліся глядзець чэмпіянат свету па-беларуску. Ціханоўская і Латушка заўзелі за Іспанію9

У медуніверсітэты сёлета будзе недабор? Мінздароўя пракаментавала1

Тысячы людзей глядзяць на «Дынама» фінал чэмпіянату свету. Нехта разгарнуў вялікі расійскі сцяг23

Трамп глядзіць фінал чэмпіянату свету ў зашклёнай VIP-ложы4

Прадстаўнік Узброеных сіл: На вайсковую адукацыю паступаюць і хлопцы, якія набіраюць 400 балаў з 400 магчымых7

больш чытаных навін
больш лайканых навін
Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць