Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло больш жорсткія ўмовы працы з венесуэльскай нафтавай кампаніяй PDVSA: цяпер любыя яе аперацыі павінны адбывацца без удзелу Расіі, Ірана, Паўночнай Карэі, Кубы і іх кантраляваных структур, піша The Moscow Times.

Тры новыя ліцэнзіі, выдадзеныя амерыканскім Упраўленнем па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC), часткова здымаюць пэўныя абмежаванні для ўзаемадзеяння з урадам Венесуэлы і PDVSA.
Адна з гэтых ліцэнзій дазваляе экспарт, перавозку і перапрацоўку венесуэльскай нафты амерыканскімі арганізацыямі, другая — пастаўку тэхнікі і паслуг для разведкі і здабычы нафты, а трэцяя — аперацыі ў партах і аэрапортах. Усе кантракты павінны кіравацца законамі ЗША, а выплаты «заблакаваным асобам» (акрамя мясцовых падаткаў) пералічвацца на рахункі замежнага ўрада.
Гэтае абмежаванне моцна ўдарыць па расійскіх інвестыцыях у Венесуэлу, якія складаюць прыкладна $17 мільярдаў і ўключаюць долі ў нафтапрадпрыемствах, створаных з PDVSA. «Раснафта» ў сярэдзіне 2010‑х адкрыла з Венесуэлай пяць сумесных прадпрыемстваў, але пасля санкцый 2020 года актывы перайшлі ў «Расзамежнафту», якая належыць расійскай дзяржаве.
У лістападзе 2025 года венесуэльская Нацыянальная асамблея працягнула гэтыя праекты да 2041 года з дадатковымі інвестыцыямі $616 мільёнаў і планам здабычы каля 91 мільёна бараляў нафты на 15 гадоў. Пасля арышту Мадура ў студзені 2026 года функцыі прэзідэнта ўзяла на сябе віцэ-прэзідэнт Дэлсі Радрыгес, а прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што венесуэльская нафта цяпер «належыць ЗША» і што замежныя кампаніі павінны працаваць праз адміністрацыю ЗША, а не непасрэдна з Каракасам.
Каментары