У нядаўна асвечаным каталіцкім храме Божага Цела на вуліцы Герасіменкі на ўскраіне Мінска, дзе служаць айцы кармеліты босыя, неўзабаве з'явіцца арган. Пра гэта паведаміў у Threads айцец Сяргей Трысцень, настаяцель манаскай супольнасці кармелітаў у Мінску, піша Katolik.life.

«Хутка ў касцёле ўсталююць новы электронны канцэртны арган. Будзе інаўгурацыя і канцэрты. Запрашаем! Гэта будзе бомба!», — у крыху нечаканым стылі напісаў манах.
«Узарваць» Threads амаль атрымалася — пост «заляцеў» і набраў ужо звыш 6 тысяч праглядаў і сотні рэакцый. Цікава, што айцец Сяргей напісаў паведамленне на рускай мове, хоць раней заўсёды пісаў па-беларуску, і ў трэндзе гэтай сацсеткі цяпер менавіта беларуская мова.
Пробашч дадаў, што інструмент павінны даставіць ужо ў лютым і паказаў, якім гэты арган будзе.

Каментары