Свет66

Чаму Мерц так стрымана рэагуе на Трампаў замах на Грэнландыю? Бо Германія найбольш залежная ад ЗША

Германія — самая ўразлівая з васьмі еўрапейскіх краін, якім прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагражае вялікімі мытамі за падтрымку Даніі ў пытанні Грэнландыі. У чым асноўная залежнасць Берліна, тлумачыць Украінская служба Deutsche Welle.

Фрыдрых Мерц і Дональд Трамп. Фота: Suzanne Plunkett, Pool Photo via AP

Фрыдрых Мерц у гэтыя дні старанна падбірае словы. Звычайна вядомы сваімі даволі прамымі і рэзкімі выказваннямі, федэральны канцлер Германіі стрымана адрэагаваў на пагрозы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў сувязі з крызісам вакол Грэнландыі. У адрозненне ад іншых лідараў «еўрапейскай тройкі» — Германіі, Францыі і Вялікабрытаніі — канцлер пакуль устрымліваецца ад рэзкіх заяў.

Мерц, відавочна, чакае асабістай сустрэчы з Трампам на пляцоўцы Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе, а таксама пазачарговага саміта Еўрасаюза 22 студзеня. У Бруселі абмяркуюць адказ Еўропы на абвешчаныя Трампам 10‑працэнтныя мыты на тавары з васьмі еўрапейскіх краін на фоне настойлівых прапаноў прэзідэнта ЗША купіць найбуйнейшы ў свеце востраў і намёкаў на гатоўнасць яго анексаваць.

Чаму кіраўнік урада наймацнейшай эканамічна дзяржавы Еўропы такі стрыманы? Аглядальнікі і эксперты тлумачаць гэта залежнасцю Германіі ад ЗША, якая сфармавалася пасля Другой сусветнай вайны і ў цэлым мацнейшая, чым у іншых краін.

Як нямецкая армія і спецслужбы залежаць ад ЗША

На фоне вайны Расіі супраць Украіны, што працягваецца чацвёрты год, Германія як ніколі з часу заканчэння халоднай вайны залежыць ад вайсковай моцы ЗША. Гэта і размешчаная на яе тэрыторыі амерыканская ядзерная зброя, і найбуйнейшы ў Еўропе амерыканскі кантынгент — каля 50 тысяч вайскоўцаў. Пры гэтым нямецкая армія пасля дзесяцігоддзяў эканоміі і скарачэнняў толькі пачала перааснашчэнне і нарошчванне колькасці. На гэта спатрэбіцца як мінімум некалькі гадоў.

Яшчэ больш адчувальная залежнасць па асобных відах узбраенняў. Калі танкі, гарматы, караблі і падводныя лодкі Германія вырабляе сама, то ў авіяцыі, яшчэ больш — у ракетных тэхналогіях немцы залежаць ад зброі Made in USA. Гэта і дзясяткі нядаўна заказаных сучасных знішчальнікаў F-35, аналагаў якіх у Еўропе няма, транспартныя верталёты Boeing CH-47 Chinook, а таксама сістэма СПА Patriot. Германія таксама хоча набыць у ЗША ракетны комплекс сярэдняй дальнасці Typhon, стварэнне еўрапейскіх ракет такога тыпу яшчэ толькі вядзецца.

Урэшце, нямецкая армія і спецслужбы крытычна залежаць ад амерыканскіх сістэм навядзення, касмічнай разведкі і збору лічбавых даных. Значная частка папярэджаных у Германіі тэрактаў — заслуга амерыканскіх спецслужбаў, якія падзяліліся інфармацыяй з Берлінам.

Ад ЗША залежаць сотні тысяч працоўных месцаў у Германіі

Яшчэ мацнейшая залежнасць — у эканоміцы. Германія, хоць і страціла тытул чэмпіёна свету па экспарце, саступіўшы Кітаю, застаецца экспартаарыентаванай эканомікай. ЗША — галоўны гандлёвы партнёр Германіі. Залежнасць Берліна ад амерыканскага рынку вышэйшая, чым у іншых краін «васьмёркі», якім Трамп пагражае мытамі.

Паводле даных Федэральнага статыстычнага ведамства, за перыяд са студзеня па лістапад 2025 года Германія паставіла ў ЗША тавараў на суму 135,8 мільярда еўра. Прытым гэты паказчык значна ўпаў — прыкладна на 10% у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года. Гэта тлумачаць увядзеннем 15‑працэнтнага мыта для краін ЕС. Імпарт тавараў з ЗША ў Германію, як і раней, адстае, хоць і вырас на 2,2%, склаўшы 86,9 мільярда еўра за 11 месяцаў.

Роўна год таму, у студзені 2025 года, даследаванне інстытута Prognos, пра якое пісала Süddeutsche Zeitung, прадказвала Германіі рызыку страты да 300 тысяч працоўных месцаў у выпадку рэалізацыі планаў Трампа па ўвядзенні мытаў. Тады найгоршага сцэнару ўдалося пазбегнуць, ЕС і ЗША дамовіліся. Цяпер гэтая дамоўленасць пад пагрозай зрыву праз канфлікт вакол Грэнландыі.

У цэлым інстытут Prognos падлічыў, што рознай ступені залежнасці ад гандлю з ЗША ў Германіі падлягае каля 1,2 мільёна працоўных месцаў, гэта прыкладна кожнае дзясятае. Пасля некалькіх гадоў рэцэсіі ў ФРГ у 2025 годзе зафіксавалі нязначны рост эканомікі, але новыя мыты могуць паставіць крыж на планах урада Мерца зрабіць яе ўстойлівай.

Найперш ад ЗША залежыць нямецкая фармацэўтычная прамысловасць. Яе доля ў агульным аб’ёме гандлю Германіі з Амерыкай складае прыкладна чвэрць. Не менш важныя экспартныя галіны — машынабудаванне, аўтапрам, авіяцыйная тэхніка, медыцынскае абсталяванне і хімічная прамысловасць.

Татальная залежнасць ад лічбавых гігантаў з ЗША

Варта ўзгадаць і павышаную ў апошнія гады залежнасць Германіі ад амерыканскіх энерганосьбітаў. Так, доля амерыканскага звадкаванага газу (LNG) складае 80%, хаця ў цэлым LNG пакрывае толькі каля 10% імпарту газу ў Германію. Асноўная частка газу, як і раней, ідзе па трубаправодах, Расію як галоўнага пастаўшчыка замяніла Нарвегія.

Перыядычна ў Германіі абмяркоўваюць амаль татальную залежнасць ад амерыканскіх канцэрнаў у сферы лічбавых тэхналогій — Microsoft, Google, Apple, Meta. Без іх прадукцыі эканоміка Германіі «спынілася б», піша ў свежым нумары часопіс Der Spiegel.

Спробы абмежаваць іх уплыў на еўрапейскім узроўні былі сціплымі, а распрацовак уласнага софту мала. Праўда, такую залежнасць маюць і іншыя еўрапейскія краіны.

Урэшце, не варта забывацца і пра космас. Да маштабнай вайны супраць Украіны Германія актыўна карысталася паслугамі Расіі як для дастаўкі нямецкіх касманаўтаў на Міжнародную касмічную станцыю (МКС), так і для запуску спадарожнікаў. Цяпер ільвіная доля гэтага рынку — у ЗША.

Кампанія амерыканскага мільярдэра Ілана Маска SpaceX запусціла ў 2025 годзе 165 ракет у космас. Новая еўрапейская ракета-носьбіт «Арыяна-6» зрабіла толькі чатыры запускі. І хоць у Германіі, асабліва ў Баварыі, апошнімі гадамі актыўна развіваюцца стартапы ў сферы цывільных ракетных тэхналогій, да паспяховых серыйных пускаў ім яшчэ далёка.

Каментары6

  • Gill
    21.01.2026
    President Donald Trump:

    The United States cares greatly about the people of Europe... and we believe deeply in the bonds we share," says
    "That's why issues like energy, trade, immigration, and economic growth must be central concerns to anyone who wants a strong to see a strong and united West."
  • сумнеўна
    21.01.2026
    Gill , Mr D.Trump cares greatly most of all about his personal image and welfare. His international activity causes now nothing but uproar and confusion.
    He seems to be seriously infected by Putin's imperial preferences.
  • Gill
    22.01.2026
    сумнеўна, You are infected by liberal propaganda.

Цяпер чытаюць

«Для беларускіх уладаў я, хутчэй, магчымасць, а не пагроза». Калеснікава дала вялікае інтэрв’ю Золатавай73

«Для беларускіх уладаў я, хутчэй, магчымасць, а не пагроза». Калеснікава дала вялікае інтэрв’ю Золатавай

Усе навіны →
Усе навіны

З'явілася ВІДЭА, як французскія вайскоўцы бяруць на абардаж танкер расійскага ценявога флоту1

Апытанне: больш за палову еўрапейцаў лічаць Трампа «ворагам Еўропы»19

Вось як працуе тэлеграм-бот, з дапамогай якога ўзламалі журналіста Казакевіча1

Пад Гроднам паляўнічых мабілізавалі на адстрэл ваўка8

«Вось гляджу на тэрмометр — дома +13». Беларуска з Кіева расказала, як яе сям'я перажывае гэту цяжкую зіму3

«Паліцы пустыя». Перакупшчыкі масава вывозяць з Польшчы ў Беларусь яйкі Kinder адной серыі3

Ілан Маск вяртаецца ў палітыку

Спецслужбы Беларусі ўзламалі акаўнт журналіста Змітра Казакевіча і апублікавалі яго перапіскі11

У Беларусі з’явіўся новы плацежны сэрвіс

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Для беларускіх уладаў я, хутчэй, магчымасць, а не пагроза». Калеснікава дала вялікае інтэрв’ю Золатавай73

«Для беларускіх уладаў я, хутчэй, магчымасць, а не пагроза». Калеснікава дала вялікае інтэрв’ю Золатавай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць