Свет1111

Еўропа адвыкла ад расійскага газу. Халодная зіма 2026 года ўпершыню абышлася без крызісу

Еўропу скаваў мароз. Калі б гэта здарылася ў любую іншую з апошніх пяці зім, ЕС ужо апынуўся б у энергетычным крызісе, а цэны на святло і цяпло ўзляцелі б да велізарных значэнняў.

Фота: Dmitry Lovetsky / AP

Аднак на еўрапейскім энергетычным рынку пануе спакой, і гэта дае экспертам падставы сцвярджаць: на пятым годзе газавай вайны Крамля з Еўрасаюзам і на чацвёртую зіму расійскага ўварвання ва Украіну Еўропа нарэшце навучылася жыць без расійскага газу. Аднак, пазбавіўшыся ад аднаго энергетычнага гегемона, Еўропа адразу ж трапіла ў залежнасць ад іншага — ЗША, піша Бі-бі-сі.

Цяпер еўрапейцы набываюць амерыканскі звадкаваны газ рынкавымі цэнамі, тады як раней эксклюзіўна атрымлівалі больш танны расійскі газ па трубаправодах. Гэта азначае, што еўрапейская прамысловасць найбліжэйшыя гады так і не адновіцца пасля энергетычнага крызісу, справакаванага Расіяй, а Еўропа працягне прайграваць канкурэнцыю дзвюм найбуйнейшым эканомікам свету — ЗША і Кітаю.

Тым не менш вострая фаза крызісу ўжо мінула, што і дэманструюць цяперашнія маразы. Мінулай зімой ЕС пазбавіўся транзіту расійскага газу праз Украіну — і ўсё ж перажыў ацяпляльны сезон без праблем. Праўда, тады падземныя сховішчы былі запоўненыя пад завязку, а зіма выдалася мяккай.

Цяпер жа запасы ў сховішчах яшчэ да пачатку ацяпляльнага сезона былі ніжэйшыя за звычайныя, а цяпер і зусім апусціліся да шматгадовых мінімумаў. Да таго ж зіма з кожным днём робіцца ўсё больш суровай: пасля маразоў і снегападаў у пачатку студзеня ў Еўропу ідзе новая хваля арктычнага холаду. Марозна і ў Азіі, а значыць, канкурэнцыя за звадкаваны газ на адкрытым рынку ўзрасце — а следам могуць павысіцца і цэны.

Аднак нават напярэдадні «ідэальнага шторму» цэны на еўрапейскім газавым рынку застаюцца ў межах новай нормы.

Цяпер яны прыкладна на ўзроўні студзеня мінулага года — 30—35 еўра за мегават-гадзіну. Гэта вышэй за даваенныя на 20 еўра, але цалкам па кішэні еўрапейскім спажыўцам.

У разгар крызісу пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе газ у Еўропе каштаваў у 10 разоў даражэй — часам цэны перавышалі 300 еўра.

У 2023 годзе сярэдняя рынкавая цана знізілася на 70% — прыкладна да 40 еўра — і з таго часу не расце, а толькі змяншаецца.

Іншымі словамі, калі раней цэны не раслі толькі дзякуючы поўным сховішчам і цёплай зіме, то цяпер яны не зніжаюцца толькі з-за вычарпаных запасаў і маразоў. Таму эксперты лічаць, а еўрапейскія чыноўнікі спадзяюцца, што не толькі гэтай зімой, але і надалей Еўропа зможа без праблем забяспечваць сябе газам прымальнымі цэнамі — нават з улікам таго, што ў канцы 2027 года яна плануе цалкам адмовіцца ад расійскіх паставак.

«Пераломны момант»

«Палова ацяпляльнага сезона ўжо ззаду, тэмпературы былі ніжэйшыя, чым у апошнія гады, запасы імкліва скарачаюцца. Аднак цэны знаходзяцца на адным з самых нізкіх узроўняў з часу ўварвання Расіі ва Украіну і, з папраўкай на інфляцыю, толькі крыху перавышаюць сярэдні паказчык за дзесяцігоддзе з 2011 па 2020 год», — адзначае нафтагазавы аналітык Джон Кемп.

На яго думку, галоўная прычына — багаты выбар звадкаванага газу на рынку. І прапанова будзе толькі павялічвацца ў 2026 годзе з увядзеннем у строй новых заводаў у ЗША і Катары. Гэта дазволіць не толькі пакрыць зімовы попыт у Еўропе нават у выпадку новага пахаладання, але і папоўніць запасы ў сховішчах летам цэнамі ніжэйшымі за леташнія — а значыць, лепш падрыхтавацца да наступнай зімы.

Еўрапейскія газавыя сховішчы ўжо напалову пустыя, а ў Германіі — галоўнай прамысловай краіне Еўропы — запасы апусціліся ніжэй за 45%.

Аднак свет паступова накрывае даўно чаканая хваля паставак звадкаванага газу, якая абяцае багатую прапанову на гады наперад. Еўропа змагла дачакацца гэтага моманту, і адгэтуль жыццё без расійскага газу будзе прасцейшым і таннейшым, чым у апошнія гады, адзначае галіновае выданне Platts.

«Цяперашняя зіма абяцае стаць самай камфортнай для ЕС за апошнія гады з пункту гледжання цэн, — піша Platts. — Гэта робіць 2026 год своеасаблівым пераломным момантам паміж перыядам крызісу пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і рэзкім ростам прапановы звадкаванага газу на сусветным рынку».

Як Крэмль прайграў газавую вайну

ЕС здолеў пераадолець залежнасць ад расійскага газу дзякуючы тром асноўным прычынам.

Па-першае, еўрапейцы пабудавалі ўздоўж узбярэжжаў тэрміналы для прыёму суднаў са звадкаваным газам. Па-другое, пачалі эканоміць святло і цяпло. І, па-трэцяе, паскорылі пераход ад выкапнёвага паліва да аднаўляльных крыніц энергіі.

Упершыню ў гісторыі ў 2025 годзе ветракі і сонечныя панэлі ў 27 краінах ЕС вырабілі больш электраэнергіі, чым вугальныя і газавыя электрастанцыі, згодна з папярэднімі ацэнкамі Міжнароднага энергетычнага агенцтва (IEA).

Калі яшчэ пяць гадоў таму, да пачатку газавай вайны, вытворчасць электраэнергіі на газавых станцыях перавышала выпрацоўку ад сонца і ветру, то цяпер сітуацыя стала роўна процілеглай. А ўжо ў найбліжэйшыя год-два ЕС будзе генераваць з сонца і ветру ўдвая больш электраэнергіі, чым з газу.

Аднак цалкам адмовіцца ад газу Еўрасаюз не зможа. Больш за тое, попыт на яго будзе расці ў сувязі з ростам эканомікі і адмовай ад больш бруднага паліва — вугалю. Еўропа спадзяецца задаволіць гэтыя патрэбы і без вяртання да расійскага газу.

Як ЕС скарачае закупкі газу ў Расіі і павялічвае імпарт з ЗША

(паквартальна, у млрд кубаметраў)

Карціна еўрапейскага газавага рынку змянялася імкліва. Яшчэ ў 2019 годзе — да ковідных лакдаўнаў і газавай вайны Крамля — больш за 50% усяго газу краіны ЕС набывалі ў Расіі, а на амерыканскі звадкаваны газ прыпадала ў дзесяць разоў менш — каля 5% імпарту.

Цяпер жа доля ЗША на еўрапейскім газавым рынку вырасла да 27%, а расійская — скарацілася да 13%, паводле даных Bruegel. У выйгрышы апынулася і Нарвегія — яна павялічыла сваю долю амаль у паўтара раза, з 22% да 31%.

ЗША і Нарвегія цяпер дзеляць статус найбуйнейшага пастаўшчыка. І калі да Нарвегіі пакуль няма прэтэнзій як да надзейнага партнёра, які не палітызуе пастаўкі, то ў ЗША ва ўладзе знаходзіцца Дональд Трамп, які не хавае непрыязні да Еўропы, уводзіў супраць яе тарыфы і цяпер заяўляе пра намер адабраць Грэнландыю.

У Трампа значна менш рычагоў уплыву на амерыканскіх экспарцёраў газу, чым у Уладзіміра Пуціна — на «Газпрам». Аднак трапляць у залежнасць ад Белага дома ўсё адно не варта, лічыць амерыканскі эканаміст і нобелеўскі лаўрэат Пол Кругман.

«Еўропа купляла газ у Расіі — і высветлілася, што гэта была дрэнная ідэя. Трапляць у залежнасць ад амерыканскага газу — прыкладна такая ж дрэнная ідэя, — сказаў Кругман. — Выключна з меркаванняў нацыянальнай бяспекі Еўропе неабходна развіваць аднаўляльныя крыніцы энергіі».

Каментары11

  • Я-Я
    16.01.2026
    Ну і праўда! Ну пачалі закрываць заводы ў Германіі, але каму ж гэта важна - галоўнае загаловачак красівы!
  • э
    16.01.2026
    Не, залежнасць ад Расеі ў шмат разоў горш, чым залежнасць ад ЗША. Тут нават параўноўваць няма чаго
  • Iншымі словамі пражэкту цара джучы капут
    16.01.2026
    Filipp, сівыя маскоўскія казкі.
    Iншымі словамі пражэкту цара джучы капут, кітай & індыя, турцыя ў лепшым выпадку аплачваюць 30% кошту . Сэнсу ў існаванні маскоўскай імперыі няма. Немцы выцягнулі яго ў 70е, пра остер політік , усё фініта ))

Цяпер чытаюць

Рудкоўскі: Трамп мае рацыю наконт Грэнландыі16

Рудкоўскі: Трамп мае рацыю наконт Грэнландыі

Усе навіны →
Усе навіны

Ноччу па ўсёй Беларусі бачылі паўночнае ззянне ШМАТ ФОТА3

Трамп паабяцаў увесці 200‑працэнтны тарыф на французскія віны8

Трамп пакуль не збіраецца сустракацца з Зяленскім у Давосе

Экранка? У Беларусь завезлі новы «Аватар» — гледачы наракаюць на кепскую якасць1

Гэта можа вызначыць будучыню інтэрнэт-пакупак. Справа Amazon супраць заснаванага беларусам Perplexity2

Пажылая жанчына ў буфернай зоне на Данбасе папрасіла хлеба праз надпіс на снезе3

Савецкі біятланіст Ціханаў начапіў на сябе каля 100 медалёў і паехаў па беларускіх школах ФОТАФАКТ13

Трохразовы ўладальнік футбольнага «Залатога мяча» кінуў працу, каб даглядаць хворую жонку5

Макрон адхіліць запрашэнне Трампа ўвайсці ў склад Рады міру5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рудкоўскі: Трамп мае рацыю наконт Грэнландыі16

Рудкоўскі: Трамп мае рацыю наконт Грэнландыі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць