Грамадства11

«Хто ўвогуле такія беларусы». Сям'я аплаціла тур на Каба-Вэрдэ, але не змагла атрымаць візы ні ў адным консульстве Еўропы

Кожны год Вольга арганізуе сямейны адпачынак, да якога далучаюцца яе бацькі. Яны жывуць у Беларусі, а Вольга з сям'ёй-ужо тры гады ў Польшчы. Сёлета хацелі разам паляцець на Каба-Вэрдэ, але з 1 студзеня краіна ўвяла візы для грамадзян Беларусі. Вольга стала шукаць, дзе ў Еўропе можна адкрыць візу бацькам, але пакуль у яе нічога не атрымалася. Сваёй праблемай яна падзялілася з выданнем Most.

Каба-Вэрдэ. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Wikimedia Commons

Сёлета тры пакаленні сям'і па традыцыі збіраліся адправіцца ў адпачынак. Звычайна да планавання паездак Вольга падыходзіць скрупулёзна: старанна вывучае інфармацыю, пракладае падрабязныя маршруты і прадумвае забавы.

Спачатку выбар прыпаў на Кенію, аднак неўзабаве стала ясна, што арганізаваць адпачынак у гэтай краіне будзе складана і даволі дорага. Тады жанчына спынілася на Каба-Вэрдэ.

«Вось проста сыграла ўсё: нядорага ляцець туды і назад — менш за 300 еўра на чалавека, тэмпература вады — 24 градусы, на дварэ там 26-29, беларусам можна ўязджаць без візы», — пералічвае Вольга.

Праўда, апошняе было актуальна ў 2025 годзе, калі Вольга і планавала адпачынак. Тады грамадзяне Беларусі маглі атрымліваць дазволы на ўезд у краіну па прыбыцці ў аэрапорт пасля папярэдняй рэгістрацыі ў сістэме EASE.

Але з 1 студзеня 2026 года Каба-Вэрдэ значна ўскладніла працэдуру не толькі для беларусаў, але і для грамадзян яшчэ 95 краін. Цяпер візу трэба атрымліваць загадзя праз дыпламатычныя ўстановы Каба-Вэрдэ.

У канцы снежня сям'я купіла квіткі на самалёт, 1 студзеня заплаціла за жыллё. А яшчэ праз некалькі дзён Вольга даведалася пра візавы рэжым. Пра яго ўвядзенне сапраўды практычна не пісалі загадзя.

На беларусаў з ДНЖ у краінах Еўрасаюза новаўвядзенне не распаўсюджваецца. У Вольгі, мужа і дзяцей праблем з уездам на Каба-Вэрдэ быць не павінна. А вось для бацькоў новыя правілы сталі праблемай.

«Зробім візу за гадзіну»

Сям'я адразу пачала шукаць выйсце з сітуацыі. Беларусы разаслалі электронныя лісты ў амбасады Каба-Вэрдэ ў Бруселі, Лісабоне, Берліне і Рыме. Але адказ атрымалі толькі з Берліна.

«Сказалі: «Прыязджайце, зробім візу за гадзіну». Маўляў, няма праблем. Бацькі якраз былі ў нас — Новы год разам адзначалі. Купілі квіткі — і паехалі ў Берлін», — кажа Вольга.

Правёўшы ў нямецкай сталіцы паўдня ў чаканні візы, беларусы даведаліся, што сістэма дала збой. Ім прапанавалі прыйсці на наступны дзень. Аднак застацца яны не маглі: бацькам трэба было вяртацца ў Беларусь, паколькі адпачынак падыходзіў да канца.

У Беларусі консульства Каба-Вэрдэ няма. Установа ў Германіі — найбліжэйшая, дзе можна атрымаць візу.

«Без візы вас ніхто не пусціць»

Выпадкова Вольга даведалася, што яе знаёмыя таксама выбралі для адпачынку з бацькамі Каба-Вэрдэ і сутыкнуліся з аналагічнай праблемай. Аб'яднаўшыся, яны на працягу некалькіх дзён тэлефанавалі ў амбасаду ў Берліне, але ім адказвалі, што сістэму ўсё яшчэ не выправілі. Урэшце беларусы пераключыліся на іншыя ўстановы.

«У Бруселі нам сказалі, што патрэбная віза, але зрабіць яе не могуць, бо сістэма не працуе, — расказвае Вольга. — У Лісабоне таксама сказалі, што сістэма не працуе: «Вы ляціце — вам там на месцы зробяць візу».

Тады Вольга напісала запыт у тэхпадтрымку EASE — электроннай сістэмы папярэдняй рэгістрацыі для ўезду на Каба-Вэрдэ. З яе дапамогай падарожнікі пацвярджаюць свае пашпартныя даныя, аплачваюць абавязковы збор аэрапорта і правяраюць, ці патрэбная ім віза для ўезду. Ёй беларусы карысталіся да 2026 года.

«Учора ноччу яны адказалі: «Патрабуецца віза. Без візы вас ніхто не пусціць», — кажа жанчына. — Я так разумею, што, хутчэй за ўсё, нас і на самалёт ніхто не пасадзіць.

«Адчуванне, што пасольствам нічога не перадалі»

Адмяняць тур ужо позна.

«Квіткі [куплялі] на лаўкостар з вылетам з Мілана — іх ніхто не верне, — кажа Вольга. — Знаёмыя куплялі тур праз турагенцтва. За пакет «усё ўключана» яны заплацілі 3,5 тысяч даляраў. Але вяртаць грошы ім адмовіліся: сказалі, што гэта іх праблема, што не могуць зрабіць візу».

Беларуска адзначае, што яе знаёмыя нават не змаглі атрымаць пісьмовае пацвярджэнне ад амбасады аб адмове ў выдачы візы, паколькі фармальна ўстанова не адмаўляе — толькі спасылаецца на збоі ў сістэме.

«Наогул такое адчуванне, што [прынялі пастанову], пасольствам нічога не перадалі і яны не ведаюць, што беларусам патрэбныя візы — і хто наогул такія беларусы», — наракае жанчына.

Абедзве сям'і будуць спрабаваць трапіць на свае рэйсы праз некалькі дзён, не трацячы надзеі. Але Вольга кажа, што маральна яны гатовыя да любога развіцця падзей.

Каментары1

  • Ганьба канешне
    14.01.2026
    Iзгоi амаль паусюль. Нават у Кабы Верды

Цяпер чытаюць

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Усе навіны →
Усе навіны

Адвакат Дзмітрый Лепрэтар расказаў пра белыя плямы ў справе аб тэракце ў метро15

19 студзеня будзе сіні панядзелак. Што гэта такое?8

Манах Юравіцкага манастыра памёр у 37 гадоў3

У Крупках продажы семак б’юць рэкорды. Але хто аб’ядае мясцовыя крамы?4

Яшчэ шэсць немаўлят з радзільні ў Новакузнецку, дзе памерлі дзевяць дзяцей, знаходзяцца ў рэанімацыі

Сёння ноччу было да мінус 30°С2

Спявачка Лера Яскевіч падзялілася болем: «Магчыма, я не змагу выпускаць песні пад сваім імем». Што здарылася?4

У Гомелі электрык учыніў восем замыканняў у чужой кватэры і спаліў тэхніку9

Гродзенка паказала распакоўку з крамы: грошы аддала, а ежы амаль няма9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Чым цяпер жыве Ксенія Волкава з «Апошняга героя»? Чвэрць стагоддзя таму гэтая беларуска трапіла на трапічны востраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць