У сталічных паліклініках можна бясплатна прышчапіцца ад грыпу і кавіду
У паліклініках Мінска працягваецца вакцынацыя супраць грыпа і каранавіруса.

Адначасова можна зрабіць дзве прышчэпкі, прычым бясплатна, пішуць Мінск-навіны.
Для мінчукоў даступныя тры вакцыны супраць грыпу. На бясплатнай аснове — расійская «Грыпол плюс».
За грошы грамадзян, прадпрыемстваў, арганізацый прышчапляюць прэпаратамі «Ваксігрып Тэтра» (Францыя) і «Інфлювак Тэтра» (Нідэрланды), — расказала галоўны доктар 8‑й гарадской паліклінікі, галоўны пазаштатны спецыяліст па амбулаторнай дапамозе камітэта па ахове здароўя Мінска Таццяна Камкова.
— Адначасова можна вакцынавацца ад каранавіруса. У наяўнасці «Канвасэл» (Расійская Федэрацыя). У гэтым выпадку ўколы робяць у розныя рукі.
Паводле слоў спецыяліста, нават у чалавека, які заняты на працы і абмежаваны ў часе, не павінна ўзнікнуць цяжкасцей з тым, каб паставіць прышчэпку.
— Кабінеты вакцынацыі арганізаваныя ва ўсіх паліклініках, і туды можна звярнуцца і раніцай, і ўвечары (у часы працы медустаноў) у буднія дні, — удакладніла Т. Камкова.
— Таксама прышчэпкі робяць па суботах. Пацыентаў прымаюць без запісу. Неабходны медагляд праводзяць непасрэдна перад увядзеннем прэпарату. Калі са здароўем усё ў парадку, пацыента накіроўваюць на вакцынацыю.
Акрамя таго, калі чалавек звярнуўся, напрыклад, да вузкага спецыяліста, то гэты доктар таксама можа правесці агляд і накіраваць на прышчэпку. Дарэчы, ахвотных зрабіць яе дастаткова. Грамадзяне звяртаюцца пастаянна, асабліва тыя, хто старэйшы за 65 гадоў. У анамнезе ў такіх людзей хранічныя захворванні, сярод якіх сэрцава-сасудзістыя і цукровы дыябет. Імунітэт зніжаны. Грамадзяне сталага ўзросту, як ніхто іншы, разумеюць: вакцынацыя — найлепшая прафілактыка грыпу і яго ўскладненняў.
Прышчапляем іх бясплатна, як і тых, хто ўваходзіць у групу рызыкі (па заражэнні грыпам, развіцці цяжкіх ускладненняў). Гэта цяжарныя, супрацоўнікі дзіцячых садкоў, школ, гімназій, работнікі, якія забяспечваюць жыццядзейнасць нашага горада (транспарт, гандаль, грамадскае харчаванне і гэтак далей).
— Для зручнасці гараджан прышчэпачныя брыгады выязджаюць на прадпрыемствы і ў арганізацыі, — дадала Т. Камкова. — Увогуле, выкарыстоўваем розныя формы працы. Галоўнае, каб мінчукі прышчапляліся.
Аптымальны час — кастрычнік і лістапад. Тады імунітэт паспеў бы сфармавацца, і да чаканага ўздыму захваральнасці на ВРІ (студзень — люты) чалавек будзе надзейна абаронены. Нават калі захварэе, рызыка ўскладненняў будзе мінімальнай.
Каментары