Украіна аддала Літве расійскага вайскоўца, якога падазраюць у ваенным злачынстве супраць літоўца
Яму пагражае пажыццёвае зняволенне за катаванні жыхароў Мелітопаля.

У Літве яму выстаўленыя абвінавачанні ў ваенных злачынствах супраць мірнага насельніцтва і ваеннапалонных, у іх катаваннях і незаконным пазбаўленні волі. Паводле заканадаўства Літвы, падазраванаму пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі або пажыццёвае зняволенне, піша Delfi.lt.
«Хочам паведаміць пра выключны вынік міжнароднага супрацоўніцтва. 29 кастрычніка з Украіны ў Літву даставілі і перадалі чалавека, падазраванага ў ваенных злачынствах ва Украіне, здзейсненых супраць аднаго грамадзяніна Літвы», — заявіла генеральны пракурор Ніда Грунскене на прэс-канферэнцыі ў пятніцу.
Паводле даных следства, з сакавіка па верасень 2022 года вайскоўцы Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, у тым ліку асабовы склад 177‑га асобнага гвардзейскага палка марской пяхоты Каспійскай флатыліі, удзельнічалі ў арганізацыі фільтрацыйнага лагера на вучэбнай базе, размешчанай на тэрыторыі Мелітопальскага ваеннага аэрадрома.
«Тут незаконна ўтрымліваліся, падвяргаліся катаванням і прыніжэнням мірныя жыхары і ваеннапалонныя. Сярод іх быў адзін грамадзянін Літоўскай Рэспублікі», — сказала Н. Грунскене.
Паводле слоў генпракурора, у жніўні 2023 года Узброеныя сілы Украіны затрымалі старшага матроса названага палка. Паводле слоў Н. Грунскене, ён падазраецца ў катаваннях мірных жыхароў і ваенных злачынствах.
«Ёсць падазрэнні, што ён (матрос) разам з іншымі расійскімі вайскоўцамі не толькі ахоўваў незаконна затрыманых грамадзянскіх асоб і ваеннапалонных у згаданым лагеры, але і ўдзельнічаў у іх збіццях, катаваннях, замыканні ў металічны сейф, удушэнні да страты прытомнасці, падвешванні са звязанымі рукамі, утрыманні на халодным паветры, абліванні халоднай вадой і нанясенні траўм электрычным токам», — заявіла Н. Грунскене.
Каментары