Культура1919

У Мінску пабудуюць царкву ў грузінскім стылі. Яе архітэктар праектуе храмы на акупаваных тэрыторыях Украіны

Асеўшы ў Расіі, беларускі архітэктар, датычны да гэтага праекта, стварае храмы для акупаваных Крыма і Данбаса. Ягоныя праекты называюць формай прапаганды адзінага расійскага праваслаўя праз архітэктуру.

Праект храма ў гонар святой роўнаапостальнай Ніны. Фота: з дакументацыі грамадскага абмеркавання

У Мінску завяршаецца грамадскае абмеркаванне канцэпцыі храма ў гонар святой роўнаапостальнай Ніны, арганізаванае адміністрацыяй Фрунзенскага раёна.

Месцам будаўніцтва чарговага праваслаўнага храма выбрана тэрыторыя на ўскраіне галоўнага каталіцкага некропаля Мінска з боку вуліцы Адоеўскага. Цяпер тут размяшчаецца невялікая зялёная зона з упарадкаванай зонай для выгулу сабак. Храм плануюць пасадзіць у частцы, дзе сканцэнтравана найбольш дарослых дрэваў.

Месца размяшчэння новага храма
Генеральны план храма ў гонар святой роўнаапостальнай Ніны. Фота: з дакументацыі грамадскага абмеркавання.

Стылістыка храма выбраная адрозная ад таго псеўдарускага стылю, у якім будуецца большасць праваслаўных храмаў у Беларусі. Яго архітэктура пераймае формы храма манастыра Джвары першай паловы VII стагоддзя, які размешчаны на вяршыні гары каля Мцхеты і дзе, паводле гістарычных крыніц, паставіла крыж святая Ніна, тытулярная святая мінскага прыхода, які плануе пабудаваць храм.

Храм манастыра Джаўры каля Мцхеты
План храма ў гонар святой роўнаапостальнай Ніны. Фота: з дакументацыі грамадскага абмеркавання
Галоўны фасад храма ў гонар святой роўнаапостальнай Ніны. Фота: з дакументацыі грамадскага абмеркавання
Бакавы фасад храма ў гонар святой роўнаапостальнай Ніны. Фота: з дакументацыі грамадскага абмеркавання

Крыжова-купальны храм у плане прамавугольны (25,1 × 19,7 м) з трыма гранёнымі выступамі — бакавымі выхадамі і апсідай, што адсылае да крыжовакупальнай формы грузінскага храма, які меў апсіды з кожнага з чатырох бакоў. На галоўным фасадзе аркадная галерэя. Храм перакрыты схільным чарапічным дахам, а над цэнтральнай часткай пастаўлены васьмігранны барабан, завершаны шлемападобным купалам.

Праект храма ў гонар святой роўнаапостальнай Ніны. Выгляд з боку апсіды. Фота: з дакументацыі грамадскага абмеркавання

Храм плануюць багата аздобіць звонку — фасады, аздобленыя аркамі, нішамі і дэкаратыўнымі паясамі, будуць абліцаваныя натуральным каменем. Злева да ўваходу будзе пастаўлены паклонны крыж з вапняку — традыцыйнага матэрыялу для грузінскага храмавага будаўніцтва, а справа — мазаіка з выявай святой Ніны. Яшчэ адна мазаіка, з выявай Багародзіцы Аранта («Знаменне»), упрыгожыць апсіду храма.

Аўтарам архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі выступае ААТ «Харміа». Гэта дызайнерская студыя, якая, мяркуючы па яе сацсетках, да гэтага займалася стварэннем прадметаў інтэр’еру, а праект храма каля Кальварыі ці не першы яе архітэктурны праект.

Беларуская дызайн-студыя «Хармія» і маскоўская архітэктурная студыя «Прахрам» маюць аднолькавыя лагатыпы. Скрыншоты сайтаў

Разгадка змены кірунку дзейнасці крыецца ў тым, што «Хармія» з’яўляецца дачкой архітэктурнай майстэрні «Прахрам», якая базуецца ў Маскве і актыўна займаецца праектаваннем праваслаўных храмаў. На гэтую сувязь паказвае аднолькавыя лагатыпы ў дзвюх студый, а таксама неаднаразовыя згадкі і фотаздымкі ў сацсетках «Хармія», без удакладнення яго ролі, архітэктара Дзмітрыя Астравумава. Мяркуючы па сайце «Прахрам», беларуская студыя вырабляе прыдуманыя ў маскоўскай студыі рэчы, служачы так бы мовіць вытворчым участкам для яе.

Дзмітрый Астравумаў неаднаразова фігуруе на старонках студыі «Харміа». Скрыншоты сацсетак

Дзмітрый Астравумаў цяпер жыве ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, але нарадзіўся ён у 1985 годзе ў Мінску. Тут, у Беларусі, ён скончыў архітэктурны факультэт БНТУ па кафедры «Дызайн архітэктурнага асяроддзя» і з 2009 года займаўся праектаваннем храмаў.

Архітэктар Дзмітрый Астравумаў. Фота: Гильдия Храмоздателей

Майстэрню «Прахрам» ён заснаваў у 2018 годзе ўжо ў Расіі. Там жа пачаў вывучаць багаслоўе, атрымаўшы ў 2021 годзе ступень магістра, а сёлета скончыў аспірантуру Духоўнай акадэміі. Астравумаў — сябар саюзаў архітэктараў Беларусі і Расіі, галоўны рэдактар альманаха «Слова і камень», прысвечанага сакральнай архітэктуры і мастацтву, а таксама сябра Рады па храмавай архітэктуры пры Саюзе архітэктараў Расіі.

Тыя, хто меў прафесійныя кантакты з Дзмітрыем Астравумавым, апісваюць яго як чалавека з выразна прарасійскімі поглядамі. Ягоная дзейнасць характарызуецца трактоўкай архітэктуры праз прызму ідэалогіі «рускага свету», дзе мясцовыя культурныя асаблівасці і гістарычны кантэкст ігнаруюцца на карысць прапаганды адзінай расійскай праваслаўнай традыцыі.

Астравумаў з’яўляецца аўтарам шэрагу праектаў храмаў у Беларусі — у Мінску, Полацку, Барысаве, Навагрудку, Калодзішчах, Лаўрышаве, Ільі, Хвошне і Кайшоўцы (не ўсе былі рэалізаваны). Сярод ягоных прац — храм у гонар князя Аляксандра Неўскага, які ўяўляе сабой блізкую рэканструкцыю Каложскай царквы, а таксама праект аднаўлення Аляксандра-Неўскага сабора жаночага манастыра ў гонар Святых Жон-Міраносіц у Бабруйску.

Праект храма ў гонар святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў Гродне, які з'яўляецца блізкім перайманнем Каложскай царквы, распрацаваны студыяй «Прахрам». Фота: Гродзенская епархія

Пры гэтым майстэрня «Прахрам», якой ён кіруе, выступала ў Беларусі пад уласным імем, аднак у выпадку з праектам храма каля Кальварыйскіх могілак з невядомых прычын спатрэбілася іншая юрыдычная асоба.

У апошнія гады дзейнасць майстэрні ўсё больш арыентуецца на расійскі рынак, які забяспечвае шырэйшыя магчымасці і фінансаванне.

Астравумаў адкрыта працуе і на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны. Так, у 2017 годзе ён займаўся аднаўленнем Свята-Іверскага жаночага манастыра ў Данецку, што моцна пацярпеў у выніку расійскай агрэсіі. У 2021 годзе распрацаваў праект Мікола-Спірыдонаўскага храмавога комплексу ў Керчы.

Праект Мікола-Спірыдонаўскага храмавога комплексу ў акупаванай Расіяй Керчы. Фота: Прахрам

У 2022 годзе, ужо пасля пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, майстэрня «Прахрам» працягвала працу ў акупаваным Крыме. У гэты перыяд яна займалася інтэр’ерам храма прападобнага Сергія Раданежскага ў вёсцы Новаатраднае, а таксама праектам інтэр’ераў і фасаднага дэкору храма святога Георгія Пераможцы Свята-Георгіеўскага жаночага манастыра ў Керчы. А ў 2025 годзе майстэрня распрацавала эскізны праект капліцы ў гонар архангела Міхаіла для керчанскага Мікола-Спірыдонаўскага храмавога комплексу.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары19

  • Спадар
    30.10.2025
    За рускім папом --- заўжды прыходзіць руzкі штык!
  • И нарекут его ...
    30.10.2025
    Храм на собачьем ...
  • Лол
    30.10.2025
    Прарасійскія погляды архітэра гэта аб’ектыўна кепска, але архітэктура яго храмаў зусім не расійская і нашмат больш арганічная, чым залатыя цыбуліны мясцовых карыфеяў. Сужу па прыкладам, каторыя падала НН. Храм у Гародні ўвогуле зроблены з павагай да мясцовай старажытнай традыцыі. Не ведаю ў чым праблема мясцовым архітэктарам рабіць якасную архітэктуру.

Цяпер чытаюць

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць15

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Усе навіны →
Усе навіны

Румынія прыпыніла выдачу віз беларусам7

Лідара Gods Tower не пусцілі на самалёт на Кіпр, гурт паляцеў без яго10

З раскошным відам на ваду. У сталіцы пачынае фармавацца новы мікрараён, першы дом хутка будзе гатовы6

«Аааа, нарэшце! Мы ўсё думалі, калі ўжо вашы суставы…» Севярынец расказаў, як яго мэтанакіравана мучылі ў зняволенні7

Лукашэнка абнавіў склад камісіі па памілаванні1

Маладая сям’я з Жодзіна расказала, як у чатыры разы скараціла выдаткі на ежу12

Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў: Мы, беларусы, ведаем, што такое Расія. Мы ведаем яе імперскія апетыты20

Маразы скончыліся. Ноччу было не ніжэй за тры градусы

«Калі Пуцін пойдзе на Нарву, мы пойдзем на вайну» — міністр абароны Швецыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць15

Генасамблея ААН прагаласавала за мір ва Украіне. Беларусь была супраць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць