Свет99

Намібія стала сусветным лідарам па колькасці жанчын на топ-пазіцыях — прэзідэнтка, віцэ-прэзідэнтка і спікерка. Але ёсць нюансы

Калі гавораць пра гендарную роўнасць у палітыцы, звычайна згадваюць краіны Скандынавіі. Але ўверсе рэйтынгу ёсць і нечаканая краіна — Намібія, якая па індэксе гендарнай роўнасці займае 8 месца ў свеце. Як так атрымалася?

Фальклорны калектыў падчас сустрэчы прэзідэнта Намібіі Нэтумба Нандзі-Ндаітва з фермерамі. 1 кастрычніка 2025 года. Фота: NamPresidency / Х

Намібія атрымала незалежнасць толькі ў 1990 годзе, але ўжо сёння ўваходзіць у лік сусветных лідараў па прадстаўніцтве жанчын ва ўладзе. 

Згодна з апошнім індэксам гендарнай роўнасці Сусветнага эканамічнага форуму, краіна займае першае месца ў Афрыцы і 8‑е ў свеце з паказчыкам 80,5%. Для параўнання: Беларусь на 36‑м месцы (76,5%), дый і тое дзякуючы дэпутаткам Палаты прадстаўнікоў, па сутнасці прызначаным па гендарнай квоце па загадзе Лукашэнкі.

Крыніца: reports.weforum.org

Паводле даных Міжпарламенцкага саюза (IPU), пасля выбараў у канцы 2024 года жанчыны занялі каля 38% месцаў у Нацыянальнай асамблеі Намібіі (ніжняя палата парламента). Для параўнання: сярэдні паказчык у свеце складае каля 27,2%.

У складзе ўрада Намібіі на пачатак 2025 года каля 37% міністраў былі жанчыны. У Беларусі ж з 23 міністраў толькі адна жанчына.

У 2025 годзе краіна зрабіла яшчэ адзін гістарычны крок — Нэтумба Нандзі-Ндаітва стала першай жанчынай-прэзідэнтам Намібіі. Пры гэтым пасаду віцэ-прэзідэнта таксама заняла жанчына — Люсія Вітбуі. А парламент узначаліла Саара Кунгангелва-Амадхіла, якая да гэтага на працягу дзесяці гадоў была прэм’ер-міністрам.

Такім чынам, Намібія стварыла сусветны прэцэдэнт, стаўшы першай краінай, дзе жанчыны займаюць тры ключавыя дзяржаўныя пасады: прэзідэнта, віцэ-прэзідэнта і спікера Нацыянальнай асамблеі.

Сістэма «зебра»

Намібійскі феномен мае канкрэтнае тлумачэнне. У 2013 годзе кіруючая партыя SWAPO (Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі) увяла палітыку, якая атрымала назву «зебра».

Названая ў гонар чорна-белых палос зебры, сістэма патрабуе, каб палітычныя партыі вылучалі роўную колькасць кандыдатаў мужчынскага і жаночага полу на нацыянальных выбарах. Кандыдаты мужчынскага і жаночага полу павінны чаргавацца ў партыйным спісе ў парламент. Меркавалася, што такая стратэгія гарантуе, што ў Нацыянальнай асамблеі будуць аднолькава прадстаўлены як мужчыны, так і жанчыны.

Упершыню сістэма была ўжыта падчас выбараў 2014 года і дала рэзкі скачок у прадстаўніцтве жанчын: іх доля ў парламенце вырасла з 25% да 41%. Гэта быў адзін з найхутчэйшых тэмпаў росту ў гісторыі сусветнага парламентарызму. У наступныя гады паказчык крыху змяняўся, дасягаючы нават 50%.

Сустрэча прэзідэнта Намібіі Нэтумба Нандзі-Ндаітва ў аэрапорце пасля вяртання з Нью-Ёрка, дзе яна прымала ўдзел у 80‑й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. 28 верасня 2025 года. Фота: NamPresidency / Х

Жанчыны-заканадаўцы выкарыстоўвалі сваё становішча для адстойвання палітыкі, якая спрыяе правам жанчын і дзяцей, напрыклад, законаў супраць гвалту, праграм рэпрадуктыўнага здароўя і мер па барацьбе з гендарным гвалтам. Улады імкнуцца прытрымлівацца сістэмы «зебра» і пры запаўненні пасад у іншых дзяржаўных органах. Напрыклад, калі прэм'ер-міністр — мужчына, то яго намеснік — жанчына, і наадварот. 

Ад вызваленчага руху да канстытуцыі

SWAPO пачыналася як партызанскі рух супраць апартэіду, які кіраваў тэрыторыяй праз Паўднёвую Афрыку. У гэтай барацьбе жанчыны ўдзельнічалі на роўных з мужчынамі — яны былі салдатамі, камандзірамі, медсёстрамі і паліткамісарамі. Іх унёсак стварыў унутры руху ўстойлівую традыцыю павагі да жаночай ролі. Як адзначаюць даследчыкі, удзел жанчын быў значна больш эгалітарным, чым у многіх іншых арміях таго часу.

Падчас вайны за незалежнасць Намібіі (1966—1990) быў зроблены важны крок для фармалізацыі ролі жанчын у вызваленчым руху. У 1969 годзе на ключавым кангрэсе SWAPO ў Танзаніі была афіцыйна заснавана Жаночая рада партыі (SWAPO Women’s Council), якая паслядоўна лабіравала пытанні роўнасці, доступу да адукацыі і ўдзелу ў прыняцці палітычных рашэнняў непасрэдна ўнутры руху.

Пасля абвяшчэння незалежнасці ў 1990 годзе гэтыя актывісткі не спынілі сваёй дзейнасці. Наадварот, яны пачалі настойліва дамагацца, каб абяцанні, дадзеныя падчас барацьбы, ператварыліся ў рэальныя законы і дзяржаўныя праграмы.

Віцэ-прэзідэнта Люсія Вітбуі (па цэнтры) падчас Тыдня спадчыны. 20 верасня 2025 года. Фота: VPofNamibia / Х

Калі ў 1990 годзе была прынята Канстытуцыя, яна стала адной з самых прагрэсіўных у Афрыцы. Асноўны закон замацаваў прынцыпы роўнасці і забараніў дыскрымінацыю па прыкмеце полу. Гэты юрыдычны падмурак зрабіў магчымымі пазнейшыя рэформы, у тым ліку сістэму «зебра». Але ў першыя два дзесяцігоддзі незалежнасці жаночае прадстаўніцтва расло марудна.

Цень над «зебрай»: што засталося за кадрам поспеху

Аднак, акрамя афіцыйнага поспеху, сістэма «зебра» выклікае і крытыку.

Па-першае, захоўваецца класічная дыскусія пра заслугі і квоты. Апаненты сцвярджаюць, што сістэма прымушае партыі вылучаць кандыдатаў паводле полу, а не іх кампетэнтнасці, і што гендарны баланс мусіць дасягацца больш арганічна.

Па-другое, крытыкі паказваюць на феномен «элітнай роўнасці». Сістэма адкрыла шлях да ўлады пераважна для жанчын, якія ўжо былі часткай партыйнай наменклатуры SWAPO, а не для актывістак «знізу».

Гэта тлумачыць, чаму так званая «шкляная столь» застаецца непрабітай: хоць жанчыны займаюць высокія пасады, найважнейшыя эканамічныя і сілавыя партфелі (фінансы, абарона, горная прамысловасць) часцей за ўсё застаюцца ў руках мужчын са старога асяроддзя. Такім чынам, роўнасць у колькасці не заўсёды азначае пераразмеркаванне рэальнага ўплыву.

Найбольш глыбокая крытыка тычыцца сапраўдных матываў рэформы. Аналітыкі сцвярджаюць, што для старэючай эліты SWAPO, якая складаецца з ветэранаў вызваленчай барацьбы, сістэма «зебра» стала інструментам не столькі для дасягнення роўнасці, колькі для захавання ўлады ўнутры сваёй групы.

Прасоўваючы на ключавыя пазіцыі лаяльных жанчын (часта сваячак або даўніх паплечніц), кіруючая гвардыя забяспечыла плаўную пераемнасць, адначасова блакуючы шлях для маладых і амбітных канкурэнтаў па-за сваім колам.

Такі фокус на захаванні элітнага статус-кво тлумачыць, чаму нават з жанчынамі на чале краіны фундаментальныя сацыяльныя праблемы вырашаюцца марудна.

Трушчобы ў прыгарадзе сталіцы Намібіі горада Вінгхук. Фота: Peter Charlesworth / LightRocket via Getty Images

На працягу многіх гадоў Намібія стабільна займае другое месца ў свеце па ўзроўні няроўнасці пасля суседняй Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Узровень беспрацоўя сярод моладзі, паводле афіцыйных даных Статыстычнага агенцтва Намібіі за 2023 год, складае 44,4%, а агульны ўзровень беспрацоўя дасягае 36,9%.

Не менш вострай праблемай застаецца беднасць, якая мае ў Намібіі выразнае геаграфічнае і гендарнае вымярэнне. Паводле справаздачы Афрыканскага банка развіцця за 2024 год, амаль траціна насельніцтва краіны (28,7%) жыве за рысай беднасці, прычым 15% — ва ўмовах крайняй галечы. Гэтая праблема непрапарцыйна сканцэнтравана ў сельскай мясцовасці (37% супраць 15% у гарадах) і ў большай ступені закранае жанчын (32%), чым мужчын (26%).

Нарэшце, варта памятаць, што сістэма «зебры» — гэта пераважна партыйная ініцыятыва SWAPO, а не агульнанацыянальны закон. Іншыя партыі не заўсёды прытрымліваюцца гэтых прынцыпаў, таму агульны баланс у краіне моцна залежыць ад таго, ці захавае SWAPO сваю дамінуючую пазіцыю ў будучыні.

Каментары9

  • ЯНКА
    10.10.2025
    «Але ёсьць нюансы» — адзін з самых частых сказаў, які з усё бо́льшым шкадаваньнем можна назіраць на гэтым сайце. Гэныя іхнія нюнсы-нюансы набілі ўжо вачам аскомінішчу❗
  • ну а як
    10.10.2025
    ЯНКА, нюансы ёсць усюды, і іх нашмат больш, чым прынята пісаць на гэтым сайце, і тым больш у каментарах. І чым больш у цябе IQ, тым больш табе рэжа вока аднабокасць і плоскасць.
  • крывадушнасць 120%
    10.10.2025
    Чалавек, які за 13 год не зрабіў у сваім сэрвісе ўсюды end2end шыфраванне, які хлусіў і пастаянна ездзіў у Расею за грашыма і трымае частку інфраструктуры на фсб-шных адрасах, працягвае піяр пра "бяспеку і незалежнасць інтэрнэта ад злых дзяржаў і карпарацый"

Цяпер чытаюць

«Кадэбіст выйшаў з пакоя і пакінуў святару пісталет». Што адбываецца з ксяндзом Акалатовічам, якога абвінавацілі ў шпіянажы

«Кадэбіст выйшаў з пакоя і пакінуў святару пісталет». Што адбываецца з ксяндзом Акалатовічам, якога абвінавацілі ў шпіянажы

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская: Сяргею трэба выбраць свой шлях: альбо ты ў медыя і гаворыш усё, што хочаш, альбо ты ў палітыцы22

Перавозчыкі зніжаюць цэны на квіткі на аўтобусы ў Польшчу і Літву

Лосік: Я мусіў выйсці ў чэрвені разам з Бяляцкім, але ў апошнюю хвіліну нас замянілі на іншых2

Пад Бабруйскам знайшлі грыб вагой 10 кілаграмаў — ён ядомы1

Канапацкая патлумачыла, што азначае яе паручальніцтва за Пачобута5

Пуцін і Аліеў абняліся пасля сустрэчы на саміце ў Душанбэ6

Яшчэ адзін банк знізіў стаўкі па крэдытах на новабудоўлі1

«Людзей прымушалі думаць, што нічога ніколі не зменіцца». Хто такі антыкамуніст Ласла Краснагаркаі, які атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры?9

У сталічным гіпермаркеце паставілі разумныя вагі са штучным інтэлектам. Як працуе тэхналогія?9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Кадэбіст выйшаў з пакоя і пакінуў святару пісталет». Што адбываецца з ксяндзом Акалатовічам, якога абвінавацілі ў шпіянажы

«Кадэбіст выйшаў з пакоя і пакінуў святару пісталет». Што адбываецца з ксяндзом Акалатовічам, якога абвінавацілі ў шпіянажы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць