Вайна88

Героем Украіны пасмяротна стаў 16‑гадовы школьнік, якога расіяне пад Данецкам расстралялі за ўкраінскую стужачку

1 кастрычніка гэтага года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб прысваенні Сцяпану Чубенку звання Героя Украіны пасмяротна. Хлопец марыў пра футбольную кар'еру, але заплаціў найвышэйшую цану проста за тое, што ён украінец і што не захацеў прынізіць свае сімвалы. Матэрыялы справы сталі вядомыя дзякуючы таму, што групоўкі, якія канкуруюць у «ДНР», давялі яе да суда і там.

Сцяпан Чубенка. Фота: Wikimedia Commons

Сцяпан нарадзіўся ў 1997 годзе. Як расказвае яго маці, з-за праблем з сэрцам дактары раілі яму пазбягаць фізічных нагрузак. Але Сцяпана было не спыніць. Ён не мог жыць без руху. Спачатку была грэка-рымская барацьба, а потым у яго жыццё ўварваўся футбол, які стаў сапраўднай страсцю.

Сцяпан Чубенка. Фота: radiosvoboda.org 

Але яго свет не абмяжоўваўся толькі футбольным полем. Сцяпан пісаў вершы, гуляў у КВЗ, выдаваў школьную газету. Аднакласнікі ўспаміналі, што калі нехта сварыўся, Сцёпа мог проста падысці, моўчкі абняць абодвух, і сварка сціхала сама сабой. 

«Я не магу як пацук»

Украінская свядомасць Сцяпана сфарміраваліся ў сям'і, на грунце сямейнай гісторыі і гістарычнай памяці. Ён не баяўся спрачацца з настаўніцай гісторыі, даказваючы, што Галадамор быў генацыдам украінскага народа. Пры гэтым — так ужо складана бывае ў жыцці — маму хлопца зваць Сталіна: Сталіна Вячаславаўна Чубенка.

Калі расійскія штурмавікі занялі Данбас, менавіта 16‑гадовы Сцяпан стаў тым чалавекам, які сарваў сцяг так званай «ДНР» з цэнтральнай плошчы горада. Гэта была неймаверная рызыка для 16‑гадовага падлетка ў горадзе, які кантраляваўся ўзброенымі баевікамі. Але загінуў ён праз тры месяцы пасля таго — з-за стужачкі, з-за ўласнай дзёрзкасці, з-за таго, што не хацеў мімікраваць і прыніжацца.

Калі вясной 2014 года ў горадзе пачаліся праўкраінскія мітынгі, Сцяпан быў сярод іх актыўных удзельнікаў. Разам з сябрамі ён насіў ваду і ежу ўкраінскім вайскоўцам, якія прыбылі на абарону горада.

Калі ў красавіку 2014 года пачалася акупацыя, бацькі, баючыся за яго жыццё, адправілі Сцяпана ў Расію, да дзеда. Аднак праз месяц юнак вярнуўся, заявіўшы бацькам: «Я не магу як пацук сядзець у тыле, калі вы і радзіма ў небяспецы»

«Пазваню пазней, люблю вас. Сцёпчык»

У пачатку ліпеня 2014 года Сцяпан адправіўся да сябра ў Кіеў. Аднак неўзабаве пасля вызвалення Краматорска ад расійскіх сілаў ён паехаў дадому цягніком, які ішоў праз заняты расіянамі Данецк. На тым этапе вайна не была поўнамаштабнай, яна была гібрыднай: без дакладнай лініі фронту, а транспарт спачатку хадзіў так, як хадзіў у мірны час, праз блокпасты.

У наіўнага школьніка на заплечніку была маленькая сіне-жоўтая стужка, а ў сумцы ляжаў шалік львоўскага футбольнага клуба «Карпаты». Гэтых сімвалаў аказалася дастаткова, каб баевікі з батальёна «Керч» знялі яго з цягніка.

«Пазваню пазней, люблю вас. Сцёпчык» — такое апошняе паведамленне атрымалі бацькі ад Сцяпана. 

Пасля таго як сын знік, бацькі кінуліся на яго пошукі ў Данецк. Там ім паведамілі, што Сцяпана адправілі на прымусовыя работы — нібыта капаць акопы ў пасёлак Гарбачова-Міхайлаўка. Бацькі адразу ж кінуліся туды, аднак спробы знайсці Сцяпана не мелі поспеху. Мясцовае начальства сцвярджала, што Сцяпан збег падчас мінамётнага абстрэлу.

Бацькі Сцяпана дайшлі да тагачаснага кіраўніка так званай «Данецкай Народнай Рэспублікі» Аляксандра Захарчанкі, і ён паабяцаў разабрацца ў знікненні падлетка. І слова стрымаў. Неўзабаве ён паведаміў бацькам, што Сцяпана расстралялі, і паабяцаў знайсці і пакараць вінаватых.

У канцы верасня 2014 года цела Сцяпана было знойдзена ў Гарбачова-Міхайлаўцы. Эксгумацыя, у выніку якой маці апазнала сына, была праведзена 6 кастрычніка. Пахавалі юнака 8 лістапада 2014 года ў Краматорску. 11 лістапада яму б споўнілася 17 гадоў.

Што выявілі следчыя

Злачынства расследавалі паралельна і ўкраінскія следчыя (горад Тарэцк), і следчыя «ДНР». Абодва расследаванні ўстанавілі трох выканаўцаў: Вадзіма Пагодзіна («Керч»), Юрыя Маскалёва («Жора») і Максіма Сухамлінава («Буба»).

10 лістапада 2017 года Тарэцкі гарадскі суд Украіны завочна вынес ім прысуд — пажыццёвае зняволенне.

З траіх абвінавачаных у «ДНР», аднак, затрымалі толькі аднаго — Юрыя Маскалёва. У пратаколе допыту, які правялі следчыя «ДНР», ёсць яго паказанні:

«Сухамлінаў М. В. <…>, знаходзячыся на краі акопа, зрабіў стрэл у вобласць патыліцы непаўналетняга Чубенкі С. В., які знаходзіўся на каленях у акопе са звязанымі за спіной рукамі. Улічваючы, што пасля стрэлу Чубенка С. В. падаваў прыкметы жыцця, Пагодзін В. У. узяў у Сухамлінава пісталет і зрабіў яшчэ не менш як чатыры стрэлы ў патылічную вобласць галавы Чубенкі С. В., ад якіх той памёр на месцы».

Сведка забойства пазней расказаў украінскім журналістам: 

«Білі нагамі, пакуль сядзеў, звязаны, пад камендатурай. Зубы выбілі. Павялі да берага ракі. Рукі скруцілі за спінай скотчам, футболку — на галаву. Красоўкі з яго перад расстрэлам знялі марадзёры, [каб насіць самім ці прадаць]. «Керч» стрэліў у патыліцу. Усяго стрэлаў пяць».

У выніку Маскалёў адседзеў некалькі гадоў у «ДНР», пазней апынуўся на радзіме ў Чувашыі, дзе быў арыштаваны па «чырвонай картцы» Інтэрпала — у міжнародны вышук усіх траіх забойцаў падала Украіна. Выдачы, аднак, не адбылося, і забойцу выпусцілі на волю.

20 чэрвеня 2017 года ў Ялце (па запыце Інтэрпала) быў затрыманы Вадзім Пагодзін. Але і яго ў хуткім часе адпусцілі.

Напачатку 2023 году ў СМІ з'явілася інфармацыя, што Вадзіма Пагодзіна арыштавалі на тэрыторыі «ДНР» паводле абвінавачання ў «арганізацыі АЗГ (арганізаванай злачыннай групоўкі — рэд.)». Аднак ён ізноў апынуўся на волі. А ў канцы 2024 года мабілізаваўся ў расійскую армію. У ліпені 2025 года на сваёй старонцы УКантакце Пагодзін напісаў, што быў паранены, а праз месяц — што знаходзіцца ў пункце часовай дыслакацыі расійскіх войскаў паблізу акупаванага Дэбальцава ў Данецкай вобласці.

Далейшы лёс трэцяга абвінавачанага — Максіма Сухамлінава — дагэтуль невядомы. Ён здолеў збегчы з тэрыторыі «ДНР» і «згубіўся» на тэрыторыі Расіі.

У жніўні 2021 года імя Сцяпана Чубенкі надалі школе, у якой ён вучыўся, а ў снежні 2021 года паставілі помнік — сціпленькі такі — у адным з паркаў горада.

Помнік Сцяпану Чубенку ў Краматорску. Фота: suspilne.media

Памяці Сцяпана Чубенка ў Краматорску штогод праводзілі футбольныя турніры. Раней праводзілі: цяпер горад пераважна эвакуяваны, лінія фронту падышла зусім блізка.

1 кастрычніка гэтага года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб прысваенні Сцяпану Чубенку звання Героя Украіны пасмяротна.

Каментары8

  • Ну
    02.10.2025
    Лукашэнка наш галоўны вораг ці гэта жахлівая імерыя ?, лукашэнка і "гэта жахлівая імперыя" неразрыўна звязаныя. Амаль адно цэлае. Ці варта вызначаць, хто з іх большы вораг Беларусі?
  • Ваш кэп
    02.10.2025
    Лукашэнка наш галоўны вораг ці гэта жахлівая імерыя ?,
    Абедзве.
  • РБ і імперыя зусім розныя краіны
    02.10.2025
    Ну, маскоўскія казкі, масковія марыць яго скінуць і нас знішчыць, мы жадаем уратавацца, tamu РБ і імперыя зусім розныя краіны

Цяпер чытаюць

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»20

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін расказаў, колькі зарабляе Расія на продажы ЗША ўрану6

Чатырохгадовая беларуска са спісу Forbes «30 да 30» зрабіла агляд беларускіх страў і ў чарговы раз скарыла інстаграм6

Пуцін запэўніваў Еўропу, што слабасць недапушчальная12

Mark Formelle пачаў выпускаць адзенне для немаўлят

Мінскае мора пазелянела. Гэта небяспечна?3

Зяленскі: Пасля маёй сустрэчы з Трампам у нас можа з'явіцца нешта большае2

Краіны ЕС не здолелі дамовіцца пра выкарыстанне замарожаных рэзерваў Расіі для дапамогі Украіне5

«Сцены ёсць — і дзякуй». Маладую доктарку прымушаюць працаваць у вёсцы з жахлівымі бытавымі ўмовамі10

Легенду хакейнага мінскага «Дынама» прынялі за наркотыкі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»20

Фільм «Класная»: паглядзелі яго, каб зразумець, якімі «яны» хочуць бачыць «нас»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць