У Літве міністра культуры паставіла ў тупік пытанне «Чый Крым?» Гэта каштавала яму пасады
Зусім нядаўна прызначаны на пасаду міністра культуры па квоце папулісцкай партыі «Нёманская зара» Ігнатас Адамавічус на самай першай сваёй прэс-канферэнцыі спатыкнуўся на пытанні, якое з'яўляецца адным з ключавых у анкетах, якія апошнія гады мусіць запаўняць кожны іншаземец, калі хоча прэтэндаваць на жыццё і працу і Літве.

Калі журналістка выдання lrytas.lt запытала ў Адамавічуса, чыім, на ягоную думку, з'яўляецца Крым, міністр спачатку спрабаваў ад адказу на пытанне ўхіліцца, а пасля таго, як яму задалі яго паўторна, папрасіў не закранаць гэту тэму.
«Гэта правакацыйныя пытанні, давайце нават не будзем да іх падыходзіць, бо мы цяпер гаворым не пра Міністэрства культуры», — адказаў Адамавічус пасля паўзы.
«Не, давайце не гуляць у гэтыя гульні. Разумееце, трэба… Ёсць мяжа, за якую не варта заходзіць. Вось тут і трэба спыніцца. На гэтых пытаннях», — сказаў міністр.
Такія самыя цяжкасці ў Ігнатаса Адамавічуса выклікаў адказ на пытанне, што для яго як для чалавека і палітыка азначала б перамога Украіны.
«Напэўна, лепш за ўсё гэта ведаюць самі ўкраінцы — што для іх з'яўляецца перамогай. Не мы. Мы не можам зразумець іх так глыбока, як яны самі бачаць сітуацыю. Гэтак жа, як мы, Літва, усвядомілі сваю перамогу, калі выйшлі з акупацыі, з-пад прыгнёту і сталі свабоднымі, так і яны павінны самі вызначыць сваю перамогу. Гэта іх шлях. Кожны павінен прайсці свой шлях. Мы можам толькі дапамагчы, падтрымаць. Наша дапамога можа дапамагчы ім знайсці гэтую перамогу. Але толькі яны могуць назваць, якой яна павінна быць. Нельга адказваць за іншага», — сказаў міністр.
Такая пазіцыя, якая была ўспрынятая як прарасійская, выклікала ў Літве хвалю абурэння. У выніку ў той жа самы дзень было аб'яўлена пра адстаўку міністра. Цяпер «Нёманская зара» шукае новага кандыдата на пасаду міністра культуры.
Супраць прызначэння Адамавічуса міністрам літоўская культурная супольнасць актыўна выступала яшчэ раней. На мінулым тыдні на плошчы ля прэзідэнцкага палаца прайшла акцыя пратэсту — амаль тысяча прадстаўнікоў сферы культуры сабраліся і запатрабавалі, каб міністэрства ўзначаліў кампетэнтны спецыяліст, які будзе годна прадстаўляць іх інтарэсы. Таксама супраць прызначэння Адамавічуса распаўсюджвалася петыцыя, якую падпісалі дзясяткі тысяч чалавек. У нядзелю, 5 кастрычніка, культурная супольнасць збіралася правесці папераджальны страйк.
Можна меркаваць, што асоба наступнага кандыдата ў міністры будзе таксама выклікаць непрыманне, таму што дзеячы культуры ўвогуле супраць таго, каб іх сфера аддавалася ў рукі прадстаўнікоў партыі «Нёманская зара».
Прэм'ерка Літвы: Мы не пойдзем на змякчэнне санкцый супраць Беларусі, нават калі на нас будуць ціснуць
Новая прэм'ер Літвы выступае за чатырохдзённы працоўны тыдзень
«Узмоцніцца марная гульня адцягвання Беларусі ад Расіі». Літоўскі эксперт спрагназаваў палітыку новай прэм’еркі Літвы
Наўседа падпісаў указ аб прызначэнні Інгі Ругінене прэм'ер-міністрам
Новай прэм’еркай Літвы мае стаць 44‑гадовая прафсаюзніца
Каментары
А что они хотят услышать в ответ на "что для него как для человека и политика означала бы победа Украины?" - "то, что восторжествовала справедливость" или что-то еще?
непраўду скажаш - назавуць дурнем.