Свет55

«Узмоцніцца марная гульня адцягвання Беларусі ад Расіі». Літоўскі эксперт спрагназаваў палітыку новай прэм’еркі Літвы

26 жніўня Сейм Літвы ўхваліў прызначэнне міністаркі сацыяльнай абароны і працы ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Інгі Ругінене прэм’ер-міністаркай краіны. Новай кіраўніцы ўрада Літвы 44 гады, яна нядаўна ў вялікай палітыцы, што, на думку вядомага літоўскага журналіста Вітаўтаса Брувярыса, ускладняе прагназаванне яе дзейнасці на такой важнай пасадзе. Як мяркуе эксперт, недахоп значнага палітычнага досведу ў Інгі Ругінене дазваляе прагназаваць толькі яе будучую залежнасць ад вядомых палітычных доўгажыхароў Літвы, піша «Радыё Свабода».

Інга Ругінене пасля галасавання за яе кандыдатуру ў Сейме. Фота: AP Photo/Mindaugas Kulbis

«Будзе больш палітычнага хаосу»

«Бачна, што яна амбіцыйная, што ёй хапае ўпэўненасці ў сабе, але ўсё ж ніхто не ведае, якой яна будзе на пасадзе прэм’ера, бо за ёй няма нічога, каб рабіць такія прагнозы. Кажучы метафарай, Інга Ругінене толькі ўчора прыйшла ў вялікую палітыку. Наколькі я памятаю, такое здараецца ўпершыню ў Літве. А значыць, замест яе будуць кіраваць іншыя, тыя, хто яе прасунуў на пасаду.

Кажу пра аксакалаў Сацыял-дэмакратычнай партыі і найперш пра Віцяніса Андрукайціса, які выстаўляе сябе як прадстаўніка левай празаходняй палітыкі. Ясна, што ён не адзіны будзе на яе ўплываць, але вядома, што ён яе моцна падтрымліваў, і таму ягоны ўплыў можа захавацца», — мяркуе Вітаўтас Брувярыс.

«Калі вы спытаеце мяне, якой можа быць агульная палітыка новага ўрада, дык галоўнае — курс, якім пайшоў урад пасля апошніх парламенцкіх выбараў, калі кансерватары пацярпелі паразу, збольшага гэты курс не зменіцца. А што тады зменіцца? Мяркую, будзе яшчэ больш палітычнага хаосу», — сказаў эксперт.

Ён дадаў, што гэта ўжо назіралася пры ўключэнні ў кіроўную кааліцыю партыі «Нёманская зара» і Саюза сялян і зялёных Літвы, а таксама «Выбарчай акцыі палякаў у Літве — Саюза хрысціянскіх сем’яў».

«Гэта партыі, унутры якіх хапае самых радыкальных, самых антызаходніх элементаў, таму пра стабільнасць казаць цяжка. Напрыклад, не ўяўляю, як пры такім партнёрстве сацыял-дэмакраты будуць абараняць празаходнюю, пранатаўскую арыентацыю літоўскай дзяржавы. І ўвогуле ці будуць абараняць? Не думаю, што гэтая арыентацыя застанецца такой жа стабільнай, як была раней», — сказаў Вітаўтас Брувярыс.

Якой будзе знешняя палітыка ўрада

Вітаўтас Брувярыс таксама пракаментаваў пытанні замежнай палітыкі, якія закранула ў прамове ў Сейме новая кіраўніца ўрада Інга Ругінене. Эксперт нагадаў выказванне пра неабходнасць нармалізацыі адносін з Кітаем і абяцанне зрабіць першы афіцыйны візіт ва Украіну. Некаторыя словы новай прэм’еркі журналіст Брувярыс патлумачыў «звычайным папулізмам».

«Нас могуць усцешыць словы Інгі Ругінене пра першы візіт ва Украіну і яе ўспаміны пра дзяцінства ў Краматорску. Аднак адзначаю, што ў сацыяльных сетках раней яна чамусьці напісала, што Краматорск нібыта знішчаны вайной, а я два месяцы таму яго наведаў і ведаю: горад жывы і працягвае жыць і змагацца. Чаму такая недакладнасць у словах, мне цяжка патлумачыць», — адзначыў Брувярыс.

Беларускай дыяспары будзе больш складана

«Агулам павялічылася тэндэнцыя зноў згуляць у вядомую гульню пад назвай «давайце паспрабуем адцягнуць Беларусь ад Расіі». Маўляў, мы зараз прыцягнем яе да сябе, чымсьці Лукашэнку залагодзім. Мяркую, гэтай ілюзіі паддаліся не толькі ў Літве, і зноў пачнуцца танцы вакол Лукашэнкі, як некаторыя танчаць вакол Пуціна. Але, мяркую, гэта будзе неразумна.

Тут у мяне ўся надзея на прэзідэнцкі офіс, які апякае міністэрствы замежных спраў і абароны, каб захаваць праўкраінскі трэнд літоўскай палітыкі. Але ёсць і трывожныя сімптомы», — мяркуе эксперт.

Вітаўтас Брувярыс прагназуе новыя складанасці для беларусаў, якія жывуць у Літве, найперш для палітычных уцекачоў з Беларусі.

«Што да зменаў палітыкі адносна беларускай дыяспары, то мы бачым у пэўных колах тэндэнцыю да варожасці. З беларусаў галоўнай мішэнню гэтыя колы выбіраюць Святлану Ціханоўскую і яе мужа Сяргея. Лідар «Нёманскай зары» Рэмiгіюс Жамайтайціс ды некаторыя іншыя радыкалы з партыі сялян увогуле выказваюцца за тое, каб выгнаць штаб Ціханоўскіх з Літвы.

Мяркую, што цяпер, калі гэтыя арганізацыі апынуліся ў кіроўнай кааліцыі, падобныя размовы ўзмоцняцца. Канстатую, што пад уплывам такіх палітыкаў гэтая варожасць распаўсюджваецца ў грамадстве. Мне цяжка пакуль патлумачыць яе прычыны, але, магчыма, адна з іх — меркаванне, што лепш бы беларусы заставаліся ў сваёй дыктатуры, чым будавалі еўрапейскую дэмакратычную дзяржаву.

Нельга параўноўваць гэта з стаўленнем расейцаў да ўкраінцаў, але нешта такое ўсё ж і ў нашых людзях ёсць», — мяркуе Вітаўтас Брувярыс.

Эксперт не выключыў, што новы ўрад пад кіраўніцтвам Інгі Ругінене, як і папярэдні — Гінтаўтаса Палуцкаса, не пратрымаецца да канца сваёй кадэнцыі.

Мітынг пратэсту ў Вільні супраць новага ўрада. Фота: AP Photo/Mindaugas Kulbis 

Шэсце і мітынг пратэсту, якія адбыліся ў Вільні 26 жніўня і сабралі, паводле падлікаў паліцыі, да 8 тысяч чалавек, Вітаўтас Брувярыс назваў «здаровай праявай дэмакратыі і нармальнай палітычнай барацьбой у Літве».

Каментары5

  • блакада Беларусі працуе толькі на Маскоўскую імперыю, стратэгія ЛР ?
    26.08.2025
    ЦІКАВА, спадарыня Інгі Ругінене , і кіраўніцтва ЛР, так і зразумелі што іх блакада Беларусі працуе толькі на Маскоўскую імперыю, ці гэта стратэгія ЛР, паслабіць на доўгія гады (на стагоддзя ), зменшыць насельніцтва РБ (ВКЛ) на некалі мільёнаў ?
  • Диванный эксперт
    26.08.2025
    Этот человек точно политолог? Такого бреда давно не слышал. Новая коалиция пойдет на пользу, как самой Литве, так и всем ее жителям включая национальные меньшинства. И диаспоре хуже уж точно не будет. А вот от консерваторов-националистов один вред. Причем всем без исключения жителям. Эти правые популисты ничего разумного не делали, не предлагают и предложить не могут. Они умеют лишь разжигать вражду и задаривать голову местным националистам, придумывая всякий бред про литвинизм
  • "ТАТАЛЬНЫЯ САНКЦЫІ нa РБ" спевы як імперыяліст
    27.08.2025
    блакада Беларусі працуе толькі на Маскоўскую імперыю, стратэгія ЛР ?, Інгі Ругінене спявае Маскоўскія "ТАТАЛЬНЫЯ САНКЦЫІ нa РБ" спевы як імперыяліст з РТ , на каго яна працуе ?

Цяпер чытаюць

Затрымалі кіраўніцтва Kvitki.by11

Затрымалі кіраўніцтва Kvitki.by

Усе навіны →
Усе навіны

Пасол ЕС напісала, што яна думае пра Расію пасля ўдару па Кіеве, які зачапіў місію Еўрасаюза15

У Мінску зноў заўважылі вялікую чаргу2

Следчыя ў Германіі вызначылі асобы ўсіх падазраваных у падрыве «Паўночных патокаў»15

Паміж Карлсанам і «Чорным люстэркам»: выходзіць новы беларускі дэтэктыў для дзяцей2

Як Лукашэнка дапамагае Расіі гандляваць алмазамі ў абыход санкцый — новае расследаванне «Белпол»3

Колькасць загінулых у Кіеве вырасла да 12, сярод іх трое дзяцей4

Расіянін забіў знаёмага, паехаў на вайну і завёў блог. Ён кажа, што лепш вайна, чым эміграцыя3

«Яны мяне саромеюцца». Як праз 12 гадоў жыве беларуска, што нарадзіла двайнят у 54 гады47

Колькі каштуе даехаць да Вільні ці Варшавы на прыватным трансферы?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі кіраўніцтва Kvitki.by11

Затрымалі кіраўніцтва Kvitki.by

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць