У заходнім кіно ўсё часцей згадваюць Беларусь. Ёсць цікавая гіпотэза, чаму адбываецца так
«Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі», «Кіраўнікі дзяржаў» ад Amazon Prime, «Экстэрытарыяльны» ад Netflix — не пералічыць усе заходнія кінапраекты, дзе за апошні час успаміналі Беларусь. «Наша Ніва» паспрабавала патлумачыць гэты дзіўны трэнд і прасачыць, ці бачыла сусветнае кіно нешта падобнае раней.

Рабіць масавае кіно няпроста па шматлікіх прычынах. Адна з іх — ты мусіш добра прадумваць, што гучыць з экрана, інакш раптоўны скандал можа папсаваць шмат нерваў і адбіцца на продажах, а то і паставіць крыж на тваёй кар’еры.
Узяць, напрыклад, пытанні геаграфіі. Што калі ты робіш кіно, дзе хочаш высмеяць пэўных палітыкаў? Або мусіш проста згадаць нейкую краіну, дзе адбываецца нешта не надта добрае?
І гэта не пустое пытанне — у гісторыі кіно багата выпадкаў, калі ўрады краін абураліся тым, як іх прадстаўлялі ў кіно. Узяць, напрыклад, стужку «Аперацыя «Арга» 2012 года, дзе герой Бэна Афлека вызваляў амерыканскіх дыпламатаў з Тэгерана часоў Ісламскай рэвалюцыі. Не ўсе былі згодныя з тым, што фільм шмат у чым праўдзівы, але іранскі ўрад пайшоў на скандал і забараніў пракат «Аперацыі «Арга» ў краіне. Выглядае, што простых іранцаў фільм не надта засмуціў, бо стужка трапіла ў Іран на пірацкіх дысках.
Як кіношнікі выкручваюцца з сітуацыі?
Выдуманыя краіны
Каб не трапіць у скандал, у такім выпадку можна скарыстацца назвай неіснуючай краіны. Упершыню так пачалі рабіць яшчэ ў 1930-я. Часы былі небяспечныя — у свеце шалела Вялікая дэпрэсія, а ў Еўропе ўздымаў галаву фашызм, так што можна зразумець, чаму сцэнарысты імкнуліся да асцярожнасці.
Але калі фільм сапраўды смелы, усе гэтыя хітрасці могуць і не дапамагчы. Згадаем славутую антываенную стужку 1940-га года «Вялікі дыктатар» — вы, напэўна, бачылі вобраз Чарлі Чапліна адтуль:

Фільм прысвечаны гісторыі дыктатара Адэноіда Хінкеля з выдуманай краіны Тамэніі і яго блізнюка, габрэя-цырульніка. Але ж вобраз Чапліна, імя дыктатара і кантэкст указваюць, што стужка — сатыра на нацысцкую Германію. І сатыра атрымалася такой моцнай, што стужку забаранілі ў некалькіх лацінаамерыканскіх краінах, дзе жыло шмат прыхільнікаў нацызму. Хацелі яе забараніць і ў Брытаніі, каб не пагоршыць адносіны з Германіяй, але атрымалася па-іншаму: на момант пракату Брытанія аказалася ў стане вайны з Германіяй, і таму стужка наадварот падтрымала баявы настрой брытанцаў.
Новую дзяржаву прыдумалі і для фільма «Качыны суп» 1933 года. У яго цэнтры выдуманая краіна Фрыдонія, якую трэба выратаваць ад банкруцтва — актуальная тэма ў часы Вялікай дэпрэсіі.
Але ж і ў 21-м стагоддзі часам здымаюць фільмы з выдуманымі краінамі. Напрыклад, у 2004-м выйшаў «Тэрмінал» — стужка, дзе герой Тома Хэнкса, грамадзянін усходнееўрапейскай Кракожыі, захрас у нью-ёркскім аэрапорце, таму што падчас палёту ў яго дзяржаве змянілася ўлада.
Імперыя зла
З пачаткам халоднай вайны ў заходнім кіно з'явіўся новы антаганіст — вядома, гэта СССР. Вельмі актыўна за гэта ўзяліся стваральнікі бандыяны, бо першакрыніца, кнігі брытанца Яна Флемінга, амаль што не давалі ім выбару. Напрыклад, у стужках «З Расіі з любоўю» (1962) і «Шаравая маланка» (1965) дзейнічае міжнародная тэрарыстычная арганізацыя СПЕКТР, звязаная ў тым ліку з савецкімі спецслужбоўцамі.

У сярэдзіне 1970-х стаўленне да СССР крыху палепшылася. Дзясятая стужка пра Джэймса Бонда з назвай «Шпіён, які мяне кахаў» выйшла ў 1977-м. СССР у ёй прадстаўлены ў асобе агенткі КДБ Ганны Амасавай, якая мусіць разам з Бондам расследаваць крадзеж падлодак і, вядома, уступае з ім у адносіны. Каханне і супраца замест вобразу імперыі зла — чым не сігнал пра пацяпленне ў адносінах Захада і СССР?
Але ж пачаліся 80-я, гонка ўзбраенняў узмацнілася, і СССР зноў пачалі згадваць як галоўнага антаганіста. У 1984-м выйшаў «Чырвоны світанак» — фільм з топавай зоркай 80-х Патрыкам Суэйзі пра выдуманае ўварванне СССР у Польшчу і ў ЗША.
Яшчэ адна зорка эпохі, Клінт Іствуд, зняўся ў 1982-м у тэхнатрылеры «Чырвоны ліс». Іствуду далі роль пілота, які мусіць скрасці ў Саветаў найноўшы для свайго часу самалёт.
Ёсць, аднак, і пазітыўныя прыклады. У канцы 80-х, калі стаўленне да СССР зноў крыху палепшылася, выйшаў знакаміты баявік «Чырвоная спёка» з Арнольдам Шварцэнэгерам. Дашчэнту набітая кіналяпамі, гэтая культавая стужка расказала пра супрацу маскоўскага дэтэктыва і яго амерыканскага напарніка, ды яшчэ і паказала, што такое ўзаемадзеянне магчымае і ў кантэксце камедыі.

Дык навошта згадваюць Беларусь?
За дзесяцігоддзі халоднай вайны Усходняя Еўропа атрымала ў вачах заходнікаў складаны вобраз месца, дзе віруюць крымінал, дыктатура і парушэнні правоў чалавека. Але вось у чым справа — мы жывем у часы інтэрнэта і паліткарэктнасці, калі ўляцець у скандал можна нашмат прасцей, чым у часы Чарлі Чапліна.
З улікам вайны паміж Расіяй і Украінай згадваць гэтыя дзяржавы ў кіно можа быць вогненебяспечна. Але што рабіць, калі ахвота ўставіць у сцэнар адсылку да Усходняй Еўропы? Тут і дапамагае Беларусь — адносна бяспечная для згадак краіна, якая ў той жа час і сыдзе ў кіно за шэрую зону, і дазволіць развіваць лінію парушэння правоў чалавека.

Гэтым скарысталіся, напрыклад, сцэнарысты Netflix у стужцы «Экстэрытарыяльны». Адна з тамтэйшых гераінь — беларуская палітуцякачка, у якой бацька, дысідэнт, быў забіты па загадзе ўладаў.
Іншы прыклад — брытанскі серыял «Дзень шакала», у якім спецслужбістка шукае па ўсёй Еўропе топавага кілера. Каб злавіць яго, жанчыне даводзіцца прыехаць у беларускую Смаргонь. Цікава, як выглядае Смаргонь у разуменні брытанцаў — у прысвечаныя ёй хвіліны вам пакажуць густы, нібыта першабытны лес і стары катэдж паміж дрэваў, дзе адбудзецца перастрэлка.
Зрэшты, Беларусь трапляе і ў больш топавыя праекты. Можа, самы яркі прыклад — «Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі». У адной са сцэн самыя заўважлівыя могуць пабачыць шыльду кінатэатра, дзе напісаная назва фільма ў пракаце — «Sunrise in Minsk» («Світанак у Мінску»).
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары