«Страцілі 5% сумы і тры тыдні». Як беларусы пазбаўляюцца ад дрэннай валюты і дзе яе прымаюць
Патрабаванні да даляраў у банках нібыта аднолькавыя, але часам, каб здаць валюту, трэба абыйсці некалькі абменнікаў. Здараецца, самі касіры раяць абмяняць праблемныя купюры за мяжой, але ці працуе гэты варыянт? Бонус — варыянты, як яшчэ здаць валюту, не выязджаючы з краіны, піша Onliner.by.

Даляры ў краіне патроху старэюць, і банкі прымаюць не любыя купюры. Фінустановы дамовіліся прытрымлівацца ў працы агульных правілаў — што прымаюць, а якія купюры вернуць, прапісана ў адзіным пераліку прыкмет плацёжнасці валюты. Дакладна не прымуць банкноты са значнымі пашкоджаннямі, пэўным свячэннем (гэта можа быць цвіль), праколамі, адарванымі вугламі, апаленымі, з надпісамі і малюнкамі.
Гэтыя правілы дзейнічаюць з 1 лютага 2024 года. Перыядычна банкаўская супольнасць абмяркоўвае, ці варта іх пераглядаць, але пакуль ніякіх зменаў не анансавалі.
Ці прымаюць дрэнную валюту ў Еўропе?
Даляры і еўра, якія не атрымалася здаць у беларускіх банках, можна паспрабаваць абмяняць за мяжой. Калі вывозіце буйную суму (эквівалент $10 тыс.), то на мяжы трэба запаўняць дэкларацыю.
Арцём сёлета ездзіў адпачываць у Італію, знаёмы папрасіў яго памяняць сапсаваныя купюры. «Ён казаў, што ўсё банальна: грызуны», — тлумачыць Арцём, адкуль такія пашкоджанні.
— Такіх купюр было восем штук, абмяняць удалося чатыры, але для гэтага выкарыстоўвалі пункты аплаты дарог (бралі машыну ў арэнду). Аўтамат забіраў купюру і спакойна выдаваў рэшту, — распавёў мужчына.
— Былі яшчэ купюры з менш прыкметнымі пашкоджаннямі (толькі па краі абарваныя), — такіх было 22, іх памянялі без праблем.
Дзмітрый двойчы мяняў у Італіі праблемныя даляры на еўра. Першы раз — восенню мінулага года ў абменніку ў Рыме. Гэта было не вельмі выгадна, кажа мужчына, бо з яго ўзялі каля €15 камісіі.
— Але я абмяняў, бо ў Беларусі гэтую купюру нідзе не бралі. І нядаўна мяняў таксама $100 сумай рознымі купюрамі, яны ўсе праблемныя — на гэты раз з пашпартам, яны зарэгістравалі мяне ў сваёй сістэме, камісія склала €5. Гэта горад Рыва-дэль-Гарда на поўначы Італіі.
Адразу некалькі чалавек мянялі валюту ў Польшчы. Адзін з іх сцвярджае, што яму пашанцавала памяняць для знаёмага валюту, якую не бралі ні ў адным беларускім банку.
— Гісторыя такая, што яшчэ ў канцы 2023 года добры знаёмы ў Мінску прадаў нейкае абсталяванне за даляры, пакупнік зусім не таргаваўся, адразу заплаціў за ўсё наяўнымі. Было ўжо даволі цёмна, знаёмы не займаўся дэталёвым вывучэннем кожнай купюры, толькі пералічыў. На наступны дзень высветлілася, што стос з шырокага боку апалены, быццам нехта запальнічкай вадзіў, прычым апаленыя месцы складалі не больш за 3% ад усёй плошчы і не перашкаджалі апазнанню нумароў ці вадзяных знакаў.
Прэтэнзія да пакупніка нічога не дала.
Спрабавалі здаць у некалькі дзясяткаў абменнікаў, пакласці на рахунак у банку, але ўсё дарэмна. Ніхто не браў на сябе адказнасць, нават з камісіяй не прымалі. У Польшчы некалькі буйных банкаў таксама адмовіліся прымаць такія банкноты, але рашэнне знайшлося.
— Потым я прабаваў здаваць у абменнікі, але ў першых трох удалося збыць толькі 15% сумы. Пазней у ганлёвым цэнтры вырашыў паспрабаваць здаць па не вельмі выгадным курсе. На маё шчасце, у абменніку зламалася каса і/ці апарат для пераліку, таму супрацоўнік асабліва нічога не правяраў. У выніку з-за канверсій страцілі 5% сумы і тры тыдні часу.

Ганна спрабавала ў Мінску абмяняць $1000 у абменніку каля дома, з іх $500 забракавалі. Паспрабавала здаць у іншых банках — таксама атрымала адмову.
— Мы адклалі іх з разлікам, што памяняем за мяжой. Вясной я была ў гасцях у сяброў у Гданьску і ў першым жа абменніку — здаецца, на вакзале — папрасіла абмяняць іх на еўра. Канверсія ішла праз даляры, таму нейкую суму я страціла на курсавай розніцы. Але прэтэнзій да купюр у польскім абменніку не было.
Аляксей часта ездзіць за мяжу і сцвярджае, што праблемную валюту ў Еўропе здаць лёгка.
— У нас не бяруць даляры/еўра з плямамі, цвіллю (хоць яе відаць толькі ў прыборы на прасвет), з адарванымі кавалачкамі купюры, вымытыя/намочаныя, з маленькімі меткамі (штампікамі). У Польшчы ў абменніках можна наогул без праблем здаць любую валюту з пералічаных, — сцвярджае мужчына.
— У краінах Еўрасаюза, дзе асноўная валюта — еўра, наогул можна як абмяняць, так і смела разлічвацца любымі купюрамі. Напрыклад, зняў у Германіі €1500 у банкамаце, у Беларусі з іх прынялі толькі €1200. Яшчэ €300 павёз абмяняць назад у Польшчу.
У Еўропе праблемы могуць быць з буйнымі наміналамі: €200 і €500. У Іспаніі заклад пакідаў купюрамі па €200, дык жанчына казала, што наогул упершыню бачыць такія банкноты. І не ва ўсіх крамах згаджаюцца браць пад прэтэкстам таго, што няма рэшты.
Таксама некаторыя знаёмыя вязуць «дрэнныя» даляры на азіяцкія курорты кшталту Тайланда — там усё сыходзіць на ўра.
Балгарыя з 2026 года рыхтуецца перайсці на еўра, але там з буйнымі наміналамі праблем не ўзнікла, распавядае чытач Аляксей.
— Было €4000 купюрамі па €500. У Беларусі не прымалі з-за цвілі, а ў Балгарыі нават пытанняў не ўзнікла пры абмене.
А што ў іншых краінах?
Лізавета мяняла праблемныя $100 старога ўзору з плямамі ў В’етнаме ў красавіку гэтага года, хаця яе адгаворвалі ад гэтай ідэі.
— Нам спачатку казалі, каб мы нават не бралі іх з сабой, бо ніхто іх там не прыме. Але мы вырашылі паспрабаваць. У выніку даляры старога ўзору прымаюць практычна ва ўсіх абменніках на вуліцах, практычна ўсе гіды, што прадаюць туры, і гэтак далей.
Розніца толькі ў курсе, па якім іх прымаюць. Так, ён ніжэй, чым для даляраў новага ўзору, але мы знайшлі ювелірную краму, дзе розніца ў курсах для новых і старых даляраў была крыху менш $1. Мне здаецца, што гэта наогул удача.

Яшчэ адна чытачка адзначае, што за абмен у тым жа Тайландзе могуць узяць камісію.
— Выпадкова год таму трапілася купюра без вугла. Ніводны банк не прымаў, толькі Беларусбанк па інкасса мог прыняць, але без абяцання, што змогуць памяняць. Плюс чакаць у іх ледзь не паўгода і з камісіяй.
У гэтым годзе злятала ў Тайланд. Там многія абменнікі (асабліва з ліку буйных сеткавых і з больш высокім курсам) таксама не прымалі. Але ў выніку ў адным з абменнікаў прынялі з камісіяй каля 10% — гэта выгадна, і чакаць не трэба.
Павел кажа, што змог без праблем абмяняць $1300 у Інданезіі — у беларускіх банках іх не прынялі пад прэтэкстам забруджванняў на купюрах.
Яшчэ адзін чалавек нядаўна спрабаваў абмяняць даляры ў Кітаі — некалькі купюр наміналам $100, якія ў Мінску адмовіліся мяняць з-за пашкоджанняў больш за 1 міліметр.
— Мы з партнёрам адправіліся па працоўных справах у Шанхай і вырашылі, што памяняем грошы там. Але не тут-та было. Аказалася, што мяняць даляры ў Кітаі — гэта яшчэ тая задума. Мы абышлі некалькі банкаў, у кожным з іх нас у выніку адпраўлялі ў Bank of China.
У выніку ў першым аддзяленні гэтага банка менеджар сказаў, што толькі яго начальніца магла б ухваліць такую аперацыю з замежнікамі, а яна якраз у ад’ездзе. У іншым офісе згадзіліся абмяняць, але з выкананнем пэўных фармальнасцяў.
— Грошы ўзялі, разглядалі з усіх бакоў. Пасля гэтага — пашпарт, штамп аб уездзе ў Кітай, адрас, дзе спыніліся, электронная пошта, адрас рэгістрацыі ў Мінску — карацей, усе персанальныя даныя. Калі гэта было запоўнена, раздрукавалі дакумент, трэба было паставіць подпіс і пацвердзіць. Толькі пасля гэтага даляры памянялі.
Хоць у некаторых краінах неахвотна прымаюць «старыя» даляры, у Сяргея ўзнікла іншая праблема. У маі ён адпачываў з сям’ёй у Егіпце і спрабаваў мяняць даляры ў аўтаматычных тэрміналах.
— Мы сутыкнуліся з іншай праблемай: даляры старога ўзору прымаліся ў такіх абменніках без пытанняў, а вось «новыя» даляры апараты ў Шарм-эль-Шэйху браць не хацелі. То бок «старыя» даляры аказаліся карыснейшымі, чым «новыя».
Рэзюмэ: абмяняць праблемную валюту за мяжой можна, але трэба быць гатовым да камісій, а часам і да бюракратыі з запаўненнем папер. Важны момант: правілы ўнутры адной краіны ў розных банках могуць адрознівацца, таму стоадсоткавую гарантыю абмену загадзя даць нельга.

Якія варыянты ёсць у Беларусі?
Калі паездак за мяжу ў планах няма, то можна скарыстацца варыянтамі абмену ўнутры краіны.
Першы — не паленавацца абыйсці некалькі абменнікаў розных банкаў. Гэта самы просты выхад, але ўсё роўна працаёмкі і непрадказальны.
Хоць у банкаў адзіныя стандарты, на практыцы рашэнне залежыць ад ацэнкі касіра. Калі пашкоджанні невялікія, работнік банка можа пагадзіцца абмяняць купюру.
Другі варыянт — інкасса. У гэтым выпадку абмен зойме пэўны час, таму што банк накіроўвае купюры ў банк-кантрагента, а потым чакае іх назад.
У Беларусбанку для гэтай аперацыі прымаюць даляры, еўра, расійскія рублі. За паслугу трэба заплаціць камісію — 5% ад сумы валютнай аперацыі ў эквіваленце ў беларускіх рублях, але не менш за 27 рублёў.
У Белаграпрамбанку таксама ёсць аперацыя інкасса для даляраў, еўра і расійскіх рублёў. Камісія — 5%, мінімум — 25 беларускіх рублёў.
Акрамя таго, трэба трымаць у галаве, што банк-кантрагент, праз які будзе праходзіць аперацыя інкасса, таксама возьме ўзнагароджанне. Пры гэтым малыя сумы будзе здаваць нявыгадна, калі мінімальная камісія складае 25—27 рублёў.
Трэці варыянт — здаць з камісіяй у банках, дзе ёсць паслуга па замене пашкоджанай валюты. У гэтым выпадку рашэнне аб абмене прымае касір, і грошы можна памяняць адразу.
Такой паслугай цяпер можна скарыстацца ў некалькіх банках, але трэба звяртаць увагу на памер камісіі. Вось як выглядаюць актуальныя тарыфы:
У Белгазпрамбанку камісія за паслугу па абмене зношаных, пашкоджаных банкнот на плацежныя банкноты той жа валюты складае 9% ад сумы, мінімум 3 рублі. Для гэтай аперацыі прымаюць даляры, еўра і расійскія рублі.
Абмен пашкоджаных даляраў, еўра, расійскіх рублёў на тую ж валюту ў БНБ-Банку будзе каштаваць 8%ад сумы, мінімум 5 рублёў.
У Тэхнабанку камісія таксама складае 9%, мінімум 5 рублёў. Магчымы абмен пашкоджаных даляраў, еўра і расійскіх рублёў.
За замену зношаных купюр у Банку РРБ на тую ж валюту возьмуць камісію 9% ад сумы.
Камісія ў Альфа-Банку складзе 10% ад сумы аперацыі, мінімум 6 рублёў.
У Белаграпрамбанку абмен зношаных, пашкоджаных банкнот без інкасса каштуе 3% ад сумы, але не менш 5 рублёў.
У Беларусбанку умовы аналагічныя.
БСБ Банк заменіць пашкоджаныя і зношаныя даляры, еўра і швейцарскія франкі за 15% ад сумы, мінімум 10 рублёў. Для іншай валюты, якую прымае банк, дзейнічае камісія 15% ад сумы, але мінімум 50 рублёў.
У Парытэтбанку могуць замяніць пашкоджаныя даляры і еўра, трэба заплаціць 9% ад сумы, мінімум 5 рублёў.
Цэптэр Банк можа замяніць даляры і еўра з камісіяй 9%.
У Банку БелВЭБ могуць замяніць пашкоджаныя расійскія рублі з камісіяй 10% ад сумы абмену, мінімум 5 беларускіх рублёў.
Расійскія рублі з пашкоджаннямі мяняюць і ў банку «Дабрабыт», камісія — 3% ад сумы, мінімум 1,5 рубля.
Замена пашкоджаных расійскіх рублёў магчымa ў Белінвестбанку з камісіяй 5% ад сумы, але не менш 5 рублёў.
Каментары
Изо всего могут сделать проблему тараканьи приспешники!
Столько забот людям на пустом месте!
Когда же сдохнет скотина и мы вступим в ЕС?