У Гомелі мужчына двойчы знайшоў адзін і той жа кашалёк, але аказаўся злодзеем
У канцы мая 52-гадовы непрацуючы мужчына ішоў у паліклініку і па дарозе заўважыў пакінуты кімсьці на лаўцы кашалёк.

Мужчына, паводле яго слоў, падумаў: «Калі я яго не вазьму — хтосьці іншы дакладна забярэ», і прысвоіў чужое, паведамляе Belkagomel.by.
Наяўных грошай у кашальку аказалася менш, чым каштаваў сам кашалёк. Гараджанін забраў 40 рублёў, а астатняе выкінуў у клумбу. Банкаўскія карткі не чапаў, здымаць грошы не спрабаваў.
Праз некалькі гадзін, вяртаючыся дадому, ён убачыў каля той самай лаўкі міліцыянтаў. Падумаў, што яны, мабыць, шукаюць згублены ім сёння кашалёк і вырашыў дапамагчы. Залез у клумбу, падабраў і аддаў міліцыі.
Супрацоўнікі адразу западозрылі, што нешта не тое. Адмаўляцца не мела сэнсу, тым больш што ля ўваходу ў пад’езд была ўстаноўленая камера відэаназірання. У выніку мужчына прызнаўся ў крадзяжы.
Гаспадаром кашалька аказаўся 23-гадовы хлопец — ён забыў яго, калі сеў у таксі. Малады чалавек настаяў на тым, каб мужчыну прыцягнулі да адказнасці, бо той мог вярнуць кашалёк праз банк ці міліцыю. Акрамя таго, у ім быў членскі білет БРСМ з асабістымі дадзенымі і фота.
Справа перададзена ў суд, мужчыну абвінавачваюць у крадзяжы.
Каментары