Ксенія Луцкіна: «Усё мы рабілі правільна, калі дагэтуль Лукашэнка і прапагандысты бясконца ўспамінаюць»
Удзельніца страйку 2020 года на БТ, былая палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна выйшла на волю амаль год таму. Цяпер яна жыве ў Берліне, як сама кажа, «нармальным эмігранцкім жыццём»: займаецца здароўем, гаворыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, арганізуе мерапрыемствы, прысвечаныя палітвязням. У інтэрв'ю Deutsche Welle, пераказаным выданнем «Салідарнасць», яна расказала пра праблемы беларусаў у эміграцыі і на радзіме, з кім трэба шукаць кампрамісы і што не змог перамагчы рэжым Лукашэнкі.

«Тое, што адбываецца ў нас у цэнтры Еўропы — так не павінна быць нідзе і ніколі. І як бы гэта жудасна ні гучала, але на прыкладзе Беларусі можна зразумець, для чаго патрэбная свабода слова», — падкрэсліла Ксенія ў інтэрв'ю DW.
«Я вучылася зноў размаўляць нармальна, каб турма знешняя сышла. Таму што калючы погляд, якім ты можаш растлумачыць чалавеку з крымінальным мінулым, што табе цяпер трэба — гэта не тое, што неабходна ў нармальным грамадстве, гэта вымушана набыты ў турме навык.
Першыя два з паловай месяцы я бясконца глядзела і чытала навіны. Бо як бы добра ты ні ўмеў «чытаць» прапаганду — усё роўна ёсць інфармацыйныя дзіркі. Мы ведалі, што вайна на Блізкім Усходзе пачалася, але фокус у тым, што ніхто не расказаў, з чаго яна пачалася. І такіх белых плям, якія неабходна было запоўніць, вельмі шмат».
Пасля вызвалення Ксенія Луцкіна яшчэ паўгода заставалася ў Беларусі, і толькі ў апошнія некалькі месяцаў яна ў бяспецы за межамі краіны. Параўноўваючы «тут» і «там», што яна думае пра раскол паміж тымі, якія з'ехалі, і тымі, хто застаўся?
«Я б не стала называць гэта расколам, — кажа журналістка. — Гэта рознае разуменне і розныя праблемы. Давайце не будзем забывацца, што ёсць беларуская дыяспара, якая ўжо вельмі шмат гадоў жыве за межамі краіны. І ёсць праблемы, нават з дакументамі, да прыкладу, якія вельмі моцна тычацца беларусаў у экзайле і даволі мала хвалююць беларусаў унутры.
Пачынаецца не тое каб раскол, проста паступова берагі ў гэтай ракі рассоўваюцца. Унутры Беларусі ў людзей іншыя праблемы. Арыштуюць — не арыштуюць? Як бы тут ні казалі, што беларускія палітзэкі — гэта сумная, непрыемная і дэпрэсіўная тэма — але гэта тое, што беларусаў унутры якраз хвалюе.
Хоць я не магу сказаць, што ўсіх. Вялікая колькасць людзей жывуць з шырока заплюшчанымі вачыма і іх гэта задавальняе.
І асуджаць іх, напэўна, за гэта не варта. Так зручна, так бяспечна, і гэта ў нейкай ступені апраўданне ўласнага выбару. Таму што калі ты жывеш у жорсткай таталітарнай сістэме і нічога не можаш зрабіць — не гаварыць і не заўважаць гэтага, магчыма, гэта пэўны псіхалагічны выхад.
Беларусаў унутры хвалюе праблема адукацыі. Безумоўна, праблема росту цэнаў, калі ты кожны дзень прыходзіш у краму, а цэны трошкі выраслі».
Зрэшты, і праблема атрымання еўрапейскіх віз, дадае Ксенія Луцкіна, важная не толькі для тых беларусаў, хто зазнаў рэпрэсіі. Гэта пытанне міжкультурнай камунікацыі, барацьбы з русіфікацыяй і адтоку людзей на ўсход, атрымання еўрапейскай адукацыі і г. д.
«Сітуацыя ўнутры Беларусі ў параўнанні з 2020 годам кардынальна змянілася. Гэта зусім іншая краіна па настроі. Ведаеце, у нас на БТ такая сітуацыя была заўсёды: ёсць энная колькасць людзей, якія займаюцца прапагандай, усе іх не любяць — але ўсе маўчаць. А цяпер у нас стала вялікая краіна БТ. І ўсе маўчаць, таму што адназначна будуць наступствы, калі ты будзеш гаварыць. І гэта, вядома, страшна.
Так што ў беларусаў унутры краіны і па-за ёй трошкі розныя праблемы, але нам неабходна размаўляць, таму што мы ўсё роўна застаемся адной нацыяй. Балюча ад таго, што чым даўжэй будзе працягвацца гэтая сітуацыя, тым менш людзей вернуцца на радзіму. А многія з іх стваралі эканоміку, і ўнутры краіны гэта моцна адчуваецца».
Тое, што цяпер адбываецца з дэмакратычнымі сіламі, журналістка таксама лічыць не расколам, а нармальным працэсам:
«Адкуль у нас жаданне выбудаваць адзіную сістэму з кімсьці на чале? Навошта асуджаць кагосьці, хто думае інакш? Мы тады вяртаемся ў тую ж лукашэнкаўскую Беларусь. Гэта нармальны дэмакратычны працэс, калі ў адным і тым жа грамадстве існуе шмат розных меркаванняў. І калі мы можам камунікаваць, значыць, мы пачынаем будаваць у выгнанні дэмакратычнае грамадства, якое, спадзяюся, зможам пасля прынесці ў Беларусь».
А вось час кампрамісаў з рэжымам Лукашэнкі, падкрэслівае экс-палітзняволеная, скончыўся яшчэ пяць гадоў таму:
«Калі я ставіла подпіс пад лістом да міністра інфармацыі — разумела, што ў гэтую секунду як мінімум губляю працу, прычым назаўжды. Але інакш мы проста не маглі. Кампрамісы сталі немагчымыя, адбылася нейкая кропка біфуркацыі, глабальны тэктанічны выбух. Таму што ў нас грамадства жыло ў XXI стагоддзі, а ўлада — у XX.
Усё мы рабілі правільна. Калі дагэтуль і «кіраўнік дзяржавы», і ўсе прапагандысты бясконца ўспамінаюць 2020 год — значыць, гэта такі шнар, які загаіць немагчыма. Так, яны помсцяць, балюча, я б сказала, бесчалавечна. Але рана ці позна яны пачнуць арыштоўваць саміх сябе».
Васкрасенскі напісаў, што Луцкіна прасілася вярнуцца на БТ, але Эйсмант не ўзяў. Луцкіна: «Хлусня»
«Сказалі: Эйсмант на цябе вельмі злы». Ксенія Луцкіна — пра падзеі на БТ у 2020-м, калонію і цяжкую хваробу
Журналістка Ксенія Луцкіна: Не памятаю прыезд у калонію, таму што вывалілася з аўтазака і страціла прытомнасць
Каментары