Грамадства33

«Дзіда трапіла яму ў грудзі». Падчас прадстаўлення ў Лідзе смяротна паранілі каня

У рэдакцыю выдання «Анлайнер» звярнулася чытачка і расказала, што стала сведкай вельмі непрыемнага інцыдэнту на Дні горада ў Лідзе.

Фота ілюстрацыйнае

«Падчас аднаго з шоу, што праходзіла ў сценах Лідскага замка, дзіда трапіла проста ў грудзі каня. Нягледзячы на такую жудасную траўму, выступленне працягвалася, а жывёліна нейкі час проста стаяла з гэтай дзідай у грудзях — бачыць гэта было невыносна. Праз некалькі дзён мы даведаліся, што конь памёр», — расказала Вікторыя (імя зменена па просьбе гераіні) і дадала, што вырашыла апублічыць гэту гісторыю, каб прадухіліць яе паўтарэнне пасля.

Журналісты даведаліся падрабязнасці інцыдэнту, а таксама звярнуліся па каментары да дырэктара Лідскага замка і ўладальніка жывёлы.

«І вось уявіце, карціна: конь стаіць з дзідай у грудной клетцы»

Інцыдэнт, па словах чытачкі, адбыўся яшчэ 13 верасня падчас правядзення Дня горада ў Лідзе. У той дзень дзяўчына спецыяльна прыехала са сваім хлопцам на фестываль.

«Мы прыйшлі ў замкавы двор у раёне чацвёртай гадзіны дня: там павінна было пачацца конна-трукавое выступленне, — расказала Вікторыя. — Купілі квіткі, прыйшлі, селі. Людзей было вельмі шмат: чалавек са сто, калі не больш, у тым ліку дзеці».

Вось як апісаў гэтае мерапрыемства Лідскі замак на сваёй старонцы ў інстаграме:

«Адным з самых яркіх момантаў дня сталі конна-трукавыя выступленні клуба «Залатая шпора». Шэсць коннікаў у гістарычных касцюмах прадставілі гасцям замка тры гумарыстычныя сцэны, якія былі напоўненыя дынамікай, грацыяй і добрай іроніяй. Гледачы шчодра дзякавалі артыстам гучнымі апладысментамі, а дзеці глядзелі на коней і акцёраў з непадробным захапленнем, бо перад імі паўсталі героі з сапраўдных рыцарскіх балад».

«Усяго было чатыры нумары, — кажа суразмоўца. — Спачатку ўсё выглядала бяспечна, пакуль не пачаўся нумар з мячамі: на вострых штырах былі нанізаныя качаны капусты — вершнік разганяўся і мячом рассякаў іх. Усё гэта адбывалася за пару метраў ад маленькай агароджы, за якой стаялі гледачы, у тым ліку дзеці. Мячы з лёгкасцю разразалі капусту, што здавалася небяспечным.

Далей ішоў нумар з дзідай. Прыкметна было, што яна вострая, не падобная да імітацыі. Сутнасць была такая: па арэне скакалі коннікі на конях і спрабавалі ўсадзіць дзіду ў драўляны шчыт, які размяшчаўся вельмі блізка да агароджы. Усе спробы ў асноўным былі няўдалымі: дзіда пастаянна адскоквала ад паверхні шчыта. Адзін раз яна паляцела ў незразумелым кірунку, другі ці трэці трапіла ў нагу каня іншага вершніка, а пасля ледзь не прыляцела ў залу да гледачоў. Відаць было, што дзіды адскокваюць, але коннікі працягвалі іх кідаць.

У нейкі момант пры чарговай такой спробе дзіда адскочыла і трапіла проста ў грудзі каня. І вось уявіце, карціна: конь стаіць з дзідай у грудной клетцы, людзі пачынаюць крычаць, вершнік пачынае адводзіць параненую жывёліну за будынак унутры панадворка, а шоу, нягледзячы на ўсё гэта, працягваецца».

Далей, па словах чытачкі, сярод гледачоў узнікла некаторае замяшанне, хтосьці не змог даглядзець шоу да канца і пайшоў.

«Я была ў шоку ад убачанага, не магла стрымаць слёз. Мне хацелася ўсё гэта спыніць, таму я пабегла шукаць хоць кагосьці. Звярнулася спачатку да супрацоўніцы замка, якая адкрывала гэтае мерапрыемства, а пасля да нас падышла яшчэ і білецёрка. Я ім усё расказала і папрасіла неяк паўплываць на сітуацыю. Усе выглядалі разгубленымі. Далей супрацоўніца замка, паколькі не было ветдоктара, паклікала медыкаў са звычайнай хуткай, якія хутка прыбеглі, але былі збянтэжаныя, што рабіць з канём».

Пасля дзяўчыне, па яе словах, прапанавалі вярнуцца і даглядзець прадстаўленне. Следам павінен быў адбыцца паказ калекцыі сукенак XIV-XVI стагоддзяў, частка якіх з'яўлялася экспазіцыяй Лідскага замка.

«Думаю, усё гэта бачылі і дзяўчынкі з мадэльнай школы Ads models, але, на жаль, ні ў нас з хлопцам, ні ў іх не было відэа самога інцыдэнту. Прайшло недзе каля гадзіны, пакуль я змагла супакоіцца. Да таго моманту мы пайшлі з замкавага двара і што далей было з жывёлінай, я не бачыла.

Увечары, калі вярнулася дадому, пачала пісаць у сацсетках усім, каму магчыма, у тым ліку і дырэктару замка, і ў «Залатую шпору», і дзяўчынкам з мадэльнага агенцтва. Таксама скінула ў тыкток відэа з мерапрыемства, каб знайсці хоць кагосьці, хто быў у той дзень там. І мне праз нейкі час напісаў ананімны чалавек і паведаміў, што ў той жа дзень конь загінуў. […]

Ведаеце, мерапрыемства, дзе на тваіх вачах конь атрымлівае дзіду ў грудзі, выклікае ў мяне шокавыя ўспаміны. Мне хацелася апублічыць гэту гісторыю, каб надалей прадухіліць вось такія вось выпадкі, дзе ёсць пагроза як для жывёл, так і для людзей — яны стаялі літаральна за два метры ад агароджы, і невядома, куды наогул магла прыляцець дзіда».

«Для нас гэта вялікая трагедыя»

Журналісты паспрабавалі разабрацца, наколькі сур'ёзнай была траўма каня, ці была яму аказаная своечасовая дапамога і ці ёсць нейкія нормы для правядзення падобных шоу ў шматлюдных месцах, паколькі дзяўчыне некаторыя нумары здаліся небяспечнымі.

У конна-спартыўным клубе «Залатая шпора», куды яны звярнуліся па каментар, гібель жывёліны пацвердзілі, але падрабязнасці расказваць не сталі.

— Для нас гэта вялікая трагедыя. Мы выступаем больш за 20 гадоў, ніколі такога не было, і прадказаць такое, на жаль, немагчыма. Усе магчымыя меры былі прынятыя максімальна хутка, ветэрынар прыехаў нават з Мінска. Больш нічога не магу сказаць, — расказаў дырэктар клуба Павел Калінкоў.

— Ці праўда, што першапачаткова давялося звяртацца да дактароў хуткай дапамогі, паколькі побач не было ветэрынара?

— У такой сітуацыі важна звярнуцца да любога прафесіянала, які можа дапамагчы, таму што мы знайшлі ветэрынара і ў Мінску, і ў Гродзенскай вобласці. Выбачайце, калі ласка, больш каментароў даць не магу, для нас гэта вялікая трагедыя.

Выступ коннікаў на адным з мерапрыемстваў у Лідскім замку 13 верасня

Таксама журналісты патэлефанавалі дырэктарцы Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталлі Хацяновіч.

— Тое, што адбылося, для нас трагічна, але з нагоды гібелі ўсе пытанні [задавайце] уладальніку жывёліны. Мы шкадуем, што падчас выступлення адбыўся такі інцыдэнт.

— Больш падрабязна можаце пра гэта расказаць?

— Я сама не была сведкай інцыдэнту, мне складана пра гэта казаць.

— Кажуць, на мерапрыемстве не было ветдоктара і яго давялося чакаць з Мінска.

— Ветдоктар прыехаў хутка.

— Але ад Мінска да Ліды гадзіны з дзве ехаць.

— У гэтым выпадку лекар прыехаў хутка і была аказаная ўся неабходная дапамога, — расказала Наталля Хацяновіч, адмовіўшыся ад далейшых каментароў.

Зоаабаронца: «Падобныя выпадкі не павінны заставацца па-за ўвагай»

Інцыдэнт таксама папрасілі пракаментаваць кіраўніцу Асацыяцыі зоаабарончых арганізацый Аксану Давыдзенку. Вось на што яна звяртае ўвагу:

«Гэтая сітуацыя патрабуе адказу на шэраг пытанняў, адрасаваных як арганізатарам мерапрыемства, так і кантрольным органам.

Па-першае, калі мерапрыемства носіць культурна-відовішчны характар, гаворка ідзе пра прамое парушэнне заканадаўства ў сферы культуры, якое прадпісвае арганізатару гарантаваць бяспеку ўсіх удзельнікаў і захаванасць іх маёмасці. Чаму арганізатары не гарантавалі бяспеку жывёліны? І чаму мерапрыемства не было неадкладна спынена пасля нанясення траўмы жывёліне, як патрабуе Кодэкс аб культуры?

Па-другое, выклікае сур'ёзныя пытанні рэквізіт, выкарыстаны для прадстаўлення. Чаму для відовішчнасці выкарыстоўваліся прадметы, якія з'яўляюцца функцыянальнай імітацыяй зброі і здольныя наносіць рэальныя, сур'ёзныя раненні? Ці дапушчальна ў прынцыпе ўжываць падобныя небяспечныя аб'екты ў непасрэднай блізкасці ад людзей і жывёл?

Мы разумеем, што ўладальнікі жывёліны наўрад ці будуць ініцыяваць супраць сябе адміністрацыйны працэс. Тым не менш, падобныя выпадкі не павінны заставацца па-за ўвагай, інакш гэта стварае небяспечны прэцэдэнт, які ставіць пад пагрозу здароўе і жыцці не толькі жывёл».

Каментары3

  • Жвір
    23.09.2025
    Навошта дазваляць такія "трукі", якія нясуць небясьпеку ? Што за кідкі дзіды ў шматлюдным месцы на абмежаванай прасторы ? Трагедыя для іх... Адсутнасьць глуздоў заўжды вядзе да трагедыі.
  • лідскі цёмны
    23.09.2025
    тут жыццё чалавечае каштуе менш, чым жыццё жывёлы
  • Ветврач
    24.09.2025
    Обычно дорезаюць, в таком случае, и сдаюць на мясакомбинат,чтобы часть денег выручыць.
    Хто не есць колбасу,не минусуйце .

Чаго чакае Польшча ад Мінска і ці закрые зноў мяжу на гэтым тыдні?26

Чаго чакае Польшча ад Мінска і ці закрые зноў мяжу на гэтым тыдні?

Усе навіны →
Усе навіны

Сямейная драма аднаго з самых вядомых клоўнаў Беларусі — жонка аддала Вадзіку Ракеце двухгадовага сына і сышла32

Праект па дапамозе палітычным рэпрэсаваным «Хуткая гуманітарная дапамога» самаліквідуецца6

«Конь для нас — як чалавек». З'явіліся падрабязнасці, як быў смяротна паранены конь у Лідзе1

Латушка: Макею я адмовіў два разы, а Тозік прасіў мяне размаўляць з ім па-беларуску10

Аксакалы Туркменістана папрасілі ў прэзідэнта больш не павышаць заробкі, пенсіі і дапамогі5

Лукашэнку па начах сніцца саўгас «Гарадзец»19

Зяленскі: Украіна гатовая да перамоў з ЗША адносна асаблівай зброі6

Сталі вядомыя абставіны гібелі начальніка натурнай пляцоўкі «Беларусьфільма» Сяргея Буйніцкага

Сцяпан Пуціла расказаў пра бюджэт Nexta і пра свой заробак15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаго чакае Польшча ад Мінска і ці закрые зноў мяжу на гэтым тыдні?26

Чаго чакае Польшча ад Мінска і ці закрые зноў мяжу на гэтым тыдні?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць