Трамп сказаў, што ЗША давядзецца зноў пастаўляць зброю Украіне. Пентагон адразу ж абвясціў, што ўжо пачынае пастаўкі
«Трэба, каб яны маглі абараняцца. Па іх цяпер вельмі моцна б’юць. Па іх вельмі моцна б’юць», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у панядзелак сказаў, не ўдаючыся ў падрабязнасці, што Злучаныя Штаты адправяць Украіне новыя партыі зброі. Пентагон неадкладна абвясціў, што ўжо адпраўляе яе, піша Бі-бі-сі.
«Мы збіраемся паслаць ім яшчэ колькасць зброі. Нам трэба гэта зрабіць. Трэба, каб яны маглі абараняцца. Па іх цяпер вельмі моцна б’юць. Па іх вельмі моцна б’юць. Нам давядзецца адправіць яшчэ зброю, так — абарончага характару ў асноўным. Але па іх вельмі, вельмі моцна б’юць. Столькі людзей гіне ў гэтай заварушцы», — сказаў Дональд Трамп журналістам у Белым доме і, як перадаюць сусветныя агенцтвы, паўтарыў, што незадаволены паводзінамі Пуціна.
Больш падрабязна пра гэтыя меркаваныя новыя пастаўкі Трамп не гаварыў: гэта быў кароткі абмен пытаннямі і адказамі на розныя тэмы перад вячэрай з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху.
«Па распараджэнні прэзідэнта Трампа Міністэрства абароны адпраўляе Украіне дадатковыя абарончыя ўзбраенні, каб украінцы маглі абараняцца, пакуль мы працуем над дасягненнем трывалага міру», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Пентагона Шона Парнела, якая з’явілася на сайце міністэрства неўзабаве пасля заявы Трампа.
Якія гэта ўзбраенні, Парнел не ўдакладніў. Прэс-сакратар ваеннага ведамства ЗША адначасова запэўніў, што рэвізія ваеннай дапамогі ЗША па ўсім свеце працягваецца. Гэтай рэвізіяй амерыканскія афіцыйныя асобы тлумачылі прыпыненне ваеннай дапамогі Украіне.
На мінулым тыдні стала вядома — спачатку з прэсы, а потым з афіцыйных крыніц — што Пентагон прыпыніў адпраўку зброі Украіне. Заходняя прэса паведамляла, што ЗША прыпынілі адпраўку Украіне некаторых відаў зенітных ракет і іншых высокадакладных боепрыпасаў.
У панядзелак прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт сказала, што паўза ў пастаўках Украіне звязаная з пераглядам Злучанымі Штатамі стратэгіі ваенных паставак па ўсім свеце.
«Гэта стандартная праверка Пентагонам усіх узбраенняў, усёй дапамогі і ўсёй падтрымкі, якую ЗША аказваюць усім краінам і рэгіёнам свету, а не толькі Украіне», — сказала Левіт на брыфінгу, пацвердзіўшы, што рэвізія праводзіцца па даручэнні міністра абароны ЗША Піта Хегсета.
«Паўза ўзята з мэтай аналізу, каб пераканацца, што ўсё, што Пентагон адпраўляе, адпавядае інтарэсам нашай арміі», — сказала Левіт.
Выданне Politico у панядзелак увечары паведаміла са спасылкай на ананімных афіцыйных асоб, што пастаўкі Злучанымі Штатамі некаторых відаў тэхнікі Украіне могуць аднавіцца пасля некалькіх сустрэч спецапасланца Трампа Кіта Келага і міністра абароны Украіны Рустэма Умерава на гэтым і наступным тыдні.
Праўда, з публікацыі Politico вынікае, што пакуль гаворка ідзе толькі пра асобныя віды тэхнікі: паводле слоў суразмоўцаў выдання, ЗША далі Украіне зразумець, што хутка аднавіць пастаўкі інжынернай тэхнікі і «некаторых бранямашын», але дакладныя тэрміны пакуль не названыя.
Кіт Келаг і Рустэм Умераў па планах сустрэнуцца на гэтым тыдні ў Рыме на канферэнцыі, прысвечанай дапамозе Украіне, а затым яшчэ двойчы, на гэтым і наступным тыдні, у Кіеве.
У пятніцу, 4 ліпеня, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пагаварыў па тэлефоне з Дональдам Трампам і пасля размовы назваў яе «вельмі важнай і карыснай».
Зяленскі напісаў у сацсетках, што абмеркаваў з Трампам расійскія ўдары дронамі і ракетамі і дамовіўся, што Украіна і ЗША «будуць працаваць над павелічэннем абароны неба».
Каментары