Беларускі бізнесмен Бірукоў, які займаўся «ё-мабілем», запусціў новы праект у Расіі
Беларускі бізнесмен Андрэй Бірукоў запускае новы транспартны праект у Расіі — у Ніжнім Ноўгарадзе з’явіцца гібрыдны грамадскі транспарт, распрацаваны сумесна з «Белкамунмашам». У планах — аўтобусы, тралейбусы і электробусы на адзінай платформе.

Старшыня савета дырэктараў сумеснага беларуска-расійскага прадпрыемства «Нижэкотранс» Андрэй Бірукоў паведаміў пра планы распрацаваць лінейку гібрыднага грамадскага транспарту на адзінай платформе з даўжынёй кузава 12 метраў.
У яе павінны ўвайсці тры гібрыдныя аўтобусы, што працуюць на сціснутым і звадкаваным газе, а таксама на дызельным паліве; тралейбус з запасам аўтаномнага ходу і два электробусы з рознай хуткасцю зарадкі.
Прадпрыемства «Нижэкотранс» было створана «Карпарацыяй развіцця Ніжагародскай вобласці», «АМБ-ХОЛДЫНГАМ» Андрэя Бірукова і ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Белкамунмаш».
Прадпрыемства выпускае трамваі і электробусы пад маркай «МіНіН» для Ніжняга Ноўгарада і ўжо паставіла 20 аднасекцыйных трамвайных вагонаў у Краснадарскі край.
Андрэй Бірукоў — беларускі бізнесмен, які стаў вядомым у сярэдзіне 1990-х, калі наладзіў вытворчасць тэлескапічных экскаватараў на прадпрыемстве «Святовит», нагадвае officelife.media. Ён таксама быў акцыянерам «МінскКомплексБанка» і сузаснавальнікам «Белросбанка». У Расіі Бірукоў стварыў холдынг «ЯРОВИТ», які займаўся вытворчасцю грузавікоў, праектамі ў энергетыцы, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы.
Найбольш вядомым праектам Бірукова стаў «ё-АЎТА», які ён спрабаваў рэалізаваць разам з расійскім мільярдэрам Міхаілам Прохаравым. Гэты праект, аднак, аказаўся няўдалым.
У 2017 годзе Бірукоў з партнёрамі з Германіі, Кітая, Беларусі і Расіі распачаў стварэнне навукова-вытворчага цэнтра кампазітных матэрыялаў у індустрыяльным парку «Вялікі камень» пад Мінскам. Праект прадугледжваў укладанне 220 млн еўра і выпуск дэталяў для транспарту і тавараў народнага спажывання.
Аднак завод спачатку апынуўся ў працэдуры ліквідацыі, а цяпер — у банкруцтве.
У 2024 годзе Бірукоў прадставіў гібрыдны цягач MAZ-X, выраблены з выкарыстаннем лёгкіх кампазітных матэрыялаў.
Каментары