МЗС Польшчы: «Памагатары» ў рэгістрацыі на падачу на візы перасталі быць эфектыўнымі
Польскі МЗС мяркуе, што ўведзеная летась відэаверыфікацыя падчас рэгістрацыі на падачу дакументаў на візы палепшыла гэты працэс, а паслугі незаконных пасярэднікаў перасталі быць эфектыўнымі. Гэта вынікае з адказу дэпартамента інфармацыі МЗС Польшчы са спасылкай на Консульскі дэпартамент на пытанні тэлеканала «Белсат» адносна цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца беларусы, спрабуючы атрымаць польскія візы. Асобна ведамства расказала пра сітуацыю з гуманітарнымі візамі.

Польскія консулы ўвесь час сочаць за сітуацыяй з візамі
Нядаўна расказвалася, праз што праходзяць беларусы, якія хочуць атрымаць польскую візу, напрыклад, працоўную. Запісу на падачу дакументаў у Менску цяпер даводзіцца чакаць чатыры месяцы і даўжэй. І гэта нават праз «памагатараў» і за немалыя грошы. Польшча абяцала змагацца з пасярэднікамі і ботамі, якія рэзервуюць месцы на сайце візавага цэнтру, уводзіла дадатковыя патрабаванні, напрыклад, відэаверыфікацыю, аднак відаць, што робіцца толькі горш.
Гісторый беларусаў, якія звярнуліся да «памагатараў» і ўжо некалькі месяцаў чакаюць, пакуль іх запішуць на падачу дакументаў для візы — процьма, у чым можна пераканацца, зазірнуўшы ў адмысловыя чаты, прысвечаныя запісу на візы ці лоўлі датаў на падачу дакументаў.
«Белсат» напісаў запыт у МЗС Польшчы. У ім ён спытаўся, чаму беларусам усё складаней запісацца ды атрымаць польскія візы розных тыпаў і ці вядзецца нейкая барацьба з «памагатарамі», якія зусім не знікаюць, а наадварот, працуюць ды падымаюць цэны. А таксама — што рабіць беларусам, каб прабіцца праз усе бюракратычныя перашкоды і ўсё ж атрымаць візу.
Дэпартамент інфармацыі МЗС у сваім адказе гаворыць, што польскія консулы ўвесь час сочаць за сітуацыяй з візамі і прыкладаюць намаганні для паляпшэння сістэмы прыёму заявак вонкавым пастаўцам паслуг (візавы цэнтр VFS Global — афіцыйны партнёр польскай амбасады ў Беларусі).
«Таму была ўведзеная дадатковая працэдура правярання асобы, каб пазбегчы ўдзелу мясцовых пасярэднікаў у працэсе падачы заявак на візу. Паводле назіранняў, пасля ўвядзення паслугі вынікае, што незаконныя пасярэднікі перасталі быць эфектыўнымі», — гаворыцца ў атрыманым «Белсатам» лісце з МЗС.
МЗС папярэджвае пра недапушчальнасць карыстання паслугамі пасярэднікаў
Інфармацыя пра даты вызвалення наступных месцаў на падачу дакументаў для візаў публікуецца на сайтах VFS Global. Праз вялікую зацікаўленасць візамі вакантныя месцы займаюцца цягам двух-трох гадзін пасля іх запуску, таму людзі, якія не паспяваюць зарэгістравацца, атрымліваюць паведамленне ад сістэмы пра немагчымасць рэгістрацыі. Такая сітуацыя звязаная не з сістэмай, а з абмежаванай колькасцю месцаў, сцвярджае дыпламатычнае ведамства.
Пры гэтым падкрэсліваецца, што і польскія консулы, і Міністэрства замежных спраў папярэджваюць пра недапушчальнасць карыстання паслугамі незаконных пасярэднікаў.
«Пасярэднікі ніяк не супрацоўнічаюць з польскімі консуламі. І іх паслугі, хоць і высокааплатныя, не ўплываюць на выдачу візы. Варта адзначыць, што з ростам попыту на візы гэты від дзейнасці разлічаны выключна на вымаганне сродкаў у патэнцыйных заяўнікаў на візу без якіх-небудзь гарантый яе выдачы. Мы падкрэсліваем, што консулы ўвесь час кантралююць візавую сістэму і не спыняюць сваіх намаганняў дзеля ўдасканалення сістэмы прыёму заявак ад вонкавых пастаўшчыкоў паслуг», — кажа МЗС.
Гуманітарную візу дадуць, калі ёсць пагроза жыццю ці здароўю
Асобна «Белсат» запытаўся пра сітуацыю з гуманітарнымі візамі, бо ёсць сведчанні, што здараюцца сітуацыі, калі консульства ў Мінску адмаўляла ў гэтым тыпе візы беларусам нават з доказамі рэпрэсій.
Заяўкі на гуманітарныя візы разглядаюцца і візы выдаюцца, заяўляе МЗС Польшчы. На сённяшні дзень кожная заяўка разглядаецца індывідуальна, каб вызначыць, ці існуе рэальная пагроза з боку ўладаў Беларусі для канкрэтнай асобы.
«Варта падкрэсліць, што выдача гуманітарнай візы мусіць быць звязаная з рэальнымі сітуацыямі, непасрэдна звязанымі з пагрозай жыццю або здароўю заяўніка і ягоных блізкіх сваякоў або крымінальнай адказнасцю за дзеянні, нязручныя для ўладаў Беларусі (у тым ліку за ўдзел у акцыях пратэсту, апазіцыйную дзейнасць). Пытанні міжнароднай абароны мусяць высвятляцца непасрэдна з кіраўніком Упраўлення па справах замежнікаў, якая ёсць органам, кампетэнтным у наданні міжнароднай абароны», — зазначаецца ў адказе з МЗС.
«Ускладняюць працэс рэгістрацыі». Для запісу на польскія візы з'явіліся новыя патрабаванні
Лідар на Пірэнеях. З'явіўся «народны» рэйтынг устаноў, праз якія яшчэ можна атрымаць шэнгенскую візу
Канец «мутнай схемы». Што зараз будзе з польскімі працоўнымі візамі для беларусаў
«Жалезная заслона вакол нашай краіны». Беларусам усё цяжэй атрымаць польскія візы
Каментары
От на такім ён будзе гатовы гандлявацца і выпускаць палітвязняў.
На такім, а не на абнясенні калючым дротам разам з Расеяй!
Адкрыць Беларусь на Эўропу, дзе яны заўсёды належала!