Сацыёлаг расказаў, ці супадае з настроямі грамадства жаданне Ціханоўскага зламаць рэжым
Праз пяць гадоў зняволення, значную частку з якіх ён прабыў у адзіночнай камеры і ў рэжыме інкамунікада, Сяргей Ціханоўскі поўны энергіі. На сустрэчах з журналістамі і беларусамі Сяргей кажа пра тое, што збіраецца далей актыўна дзейнічаць і — пры падтрымцы людзей ці не — «ламаць рэжым». Такія настроі адгукаліся сотням тысяч у 2020-м, але наколькі яны актуальныя цяпер, у сярэдзіне 2025 года? «Люстэрка» спытала пра гэта сацыёлага Генадзя Коршунава.

«Людзі не бачаць магчымасці паўплываць на тое, што выходзіць за межы паўсядзённасці»
У апошнія пяць гадоў падзеі 2020 года сапраўды паступова знікалі з парадку дня, канстатуе Генадзь Коршунаў. Асабліва на гэта паўплывала вайна ва Украіне, лічыць ён.
— Яна шмат у чым эмацыйна перабіла той запал, які быў, — адзначае эксперт. — Гэта добра бачна па шэрагу даследаванняў. Так, на думку шмат каго, дасягненнем улады лічыцца тое, што Беларусь як мінімум са сваімі войскамі не ўступіла ў вайну. Другі момант — не спраўдзіліся чаканні на эканамічны абвал у сувязі з вайной. Ёсць пэўная эканамічная стабільнасць. І два гэтыя моманты даволі моцна ўплываюць на свядомасць.
Але пры гэтым праблемы, актуальныя ў 2020 годзе, нікуды не зніклі і ніяк не вырашыліся, удакладняе суразмоўца. Такім чынам, актуальнай застаецца і незадаволенасць людзей.
— Мы атрымліваем такі слаёны пірог. Верхні слой — гэта задаволенасць тым, што не стала горш. Але пад гэтым — адсутнасць прыняцця і радасці ад сітуацыі ў глабальным сэнсе, — апісвае ён настроі ў беларускім грамадстве.
На дзеянні людзей у глабальным сэнсе ўплываюць тры фактары: тое, што чалавек хоча зрабіць, што можа і як складваюцца абставіны, тлумачыць Коршунаў.
— Я б сказаў, што цяпер людзі не бачаць магчымасці паўплываць на тое, што выходзіць за межы паўсядзённасці. То-бок можна, вядома, кожны дзень біцца галавой аб сцяну і спадзявацца яе разбурыць. Але выглядае, што людзі засяроджваюцца на тым, што могуць рабіць проста цяпер.
Як пацверджанне сацыёлаг прыводзіць звесткі даследавання, над апрацоўкай вынікаў якога цяпер працуе. Ён кажа, што ў грамадстве прыкметны стан «задушанасці», калі практычна немагчыма выказваць сваё меркаванне.
— Розныя праявы думак, жаданняў і памкненняў у бізнесе, у адукацыйнай дзейнасці, у чым заўгодна прыціскаюцца да немагчымасці вымаўлення. І цяпер «шырокае маўчанне» грамадства нават большае, чым было ў 2019 годзе. Гэта я назіраю па шэрагу пытанняў, калі людзі адмаўляюцца адказваць, калі выбіраюць варыянты адказаў «Цяжка сказаць» — такога вельмі шмат, — канстатуе Коршунаў.
«Досвед Ціханоўскага і досвед грамадства цяпер адрозніваюцца»
Што да настрояў беларусаў унутры краіны і за яе межамі, яны шмат у чым падобныя (агульны боль), але і шмат у чым адрозніваюцца, адзначае суразмоўца.
— Паўсядзённасць вельмі адрозніваецца. Мы вырашаем розныя праблемы кожны дзень і выкарыстоўваем для гэтага розныя інструменты. Праз гэта будуецца крыху розная карціна свету, — апісвае стан рэчаў эксперт. — З іншага боку, грамадства прайшло пік узаемных абвінавачанняў, і цяпер бачныя пастаянныя (відавочныя ці латэнтныя) спробы падтрымліваць сувязь і нешта рабіць разам. Але усё вельмі складана, таму што фактычна з 2023 года рэжым Лукашэнкі аб’явіў вайну тым, хто з’ехаў. Гэта праяўляецца ў вельмі розных напрамках, пачынаючы ад немагчымасці атрымаць пашпарт і заканчваючы прызнаннем экстрэмісцкімі суполак беларусаў замежжа. Нават цягам апошніх дзён намагаліся рабіць правакацыі адносна збораў беларусаў замежжа.
Абапал мяжы беларусы знаходзяцца пад пастаянным прэсінгам уладаў. Як адзначае суразмоўца, такое становішча можна трываць нейкі час, але рана ці позна сацыяльная энергія ўсё роўна знойдзе выхад. Ці паскорыць гэта вызваленне Сяргея Ціханоўскага? Ацэнкі Коршунава не самыя аптымістычныя.
— Вялікага водгуку беларускага грамадства, прынамсі цяпер, я б адназначна не чакаў, — адзначае ён. — Тое, што Сяргей Ціханоўскі выйшаў не зламаны і зараджаны — гэта гонар, і вялікая павага яму за гэта. Але цяпер ён выходзіць на вуліцы з досведам свайго 2020 года. Ён яго пранёс у «чыстым варыянце», без таго, што беларускае грамадства пражыло за гэтыя пяць гадоў. Ягоны досвед і досвед грамадства цяпер адрозніваюцца. У Сяргея былі турма і ШІЗА, у беларускага грамадства — некалькі хваляў рэпрэсій, пачатак вайны, пераасэнсаванне свайго статусу і досведу, шмат выгарання, адсутнасць рэсурсаў, асэнсаванне, што магчымасці нешта рабіць сціскаюцца. І тут будзе вельмі вялікая розніца ва ўсведамленні таго, што хочацца і што цяпер рэальна.
Сацыёлаг падкрэслівае: час ідзе, адбываюцца ўсё новыя падзеі, некаторыя з іх маштабныя і трагічныя, як, напрыклад, вайна ва Украіне. У людзей з’яўляюцца новыя страхі, нейкія з іх становяцца рэальнасцю, нейкія — не.
— Таму спадзявацца, што мы зараз зробім так, як было ў дваццатым годзе, не выпадае. Сітуацыя і кантэкст, у тым ліку геапалітычны, ужо крыху не той. Што будзе потым — паглядзім, — падводзіць вынік Генадзь Коршунаў. — Магчыма, я не маю рацыі. Можа, сапраўды запал і імпэт Сяргея Ціханоўскага неяк паўплываюць на сітуацыю. Але вялікіх магчымасцяў у гэтым рэчышчы я, на жаль, не назіраю.
«Я толькі аднаго хачу: каб вы паверылі мне зноў». Як прайшла першая акцыя Ціханоўскага ў Варшаве пасля вызвалення
Ціханоўскі на мітынгу ў Варшаве: Я зламаю гэты рэжым ВІДЭА
Чалы: Лукашэнка гатовы пераступіць цераз асабістую нянавісць дзеля шанцу раскалоць эміграцыю
Іван Эйсмант: Калі Трамп скажа хоць слова з патрабаваннем вызваліць палітвязняў, ніводзін не будзе выпушчаны з турмы
Каментары
Коршунаў галосіць і ўжо ня першы раз сваё галашэнне спрабуе навязваць.
Што не можам выказацца ні ў сацыялогіі, ні ў іншых звыклых формах, то і без сацыёлага вядома.
Але Коршунаў "замыльвае" дзьве істотныя рэчы:
1) чаго раптам драйв 2020 года гэта сёння кепска?
2) чаго раптам Коршунаў вырашыў навечна закансерваваць Ціханоўскага ў 2019 годзе?
Ані тлумачэнняў, ані сацыялогіі тут сацыёлаг не мае, але падае як аксіёму: верце, я ж сацыёлаг.