Раніца для многіх пачынаецца з барацьбы з будзільнікам. Першы сігнал — рука цягнецца націснуць «адкласці», другі — яшчэ раз, і толькі праз некалькі хвілін чалавек сапраўды прачынаецца. Наколькі шкодная такая звычка?

Каб разабрацца ў гэтым пытанні, журналісты The New York Times звярнуліся да экспертаў і прааналізавалі навуковыя даследаванні, прысвечаныя сну і абуджэнню.
Паводле маштабнага даследавання, у якім на працягу паўгода з дапамогай смартфонаў адсочваліся звычкі сну больш як 21 тысячы дарослых з розных краін, высветлілася: у больш як палове зафіксаваных выпадкаў людзі карысталіся функцыяй адкладання будзільніка. У сярэднім яны рабілі гэта 2,4 разу перад тым, як канчаткова ўстаць.
Навукоўцы адзначаюць, што да так званага сну з перапынкамі асабліва схільныя «совы», людзі, якія адчуваюць моцную дрымотнасць пасля абуджэння, а таксама тыя, хто часта прачынаецца цягам ночы.
Магчымыя рызыкі
Скептыкі сярод навукоўцаў сцвярджаюць, што такая звычка можа пагаршаць якасць адпачынку, у прыватнасці — скарачаць фазу хуткага сну (REM). Менавіта гэты этап лічыцца важным для здароўя мозгу: ён звязаны з памяццю, апрацоўкай эмоцый і крэатыўным мысленнем.
Гэтая фаза часцей за ўсё прыпадае на гадзіны перад світаннем. Калі вы ставіце будзільнік раней, чым трэба, каб выкраіць час на дадатковы сон, вы перарываеце REM-фазу. Сон, які ідзе пасля гэтага, звычайна больш павярхоўны, фрагментарны і не дае паўнавартаснага аднаўлення.
Разам з тым, як падкрэсліваюць неўролагі, дакладных доказаў таго, што страта некалькіх хвілін REM-сну раніцай істотна ўплывае на самаадчуванне або разумовую працаздольнасць на працягу дня, пакуль няма.
Калі звычка адкладаць будзільнік можа нашкодзіць
Спецыялісты перасцерагаюць: рэальная небяспека ўзнікае тады, калі гульня з будзільнікам парушае стабільны рэжым дня. Калі праз пастаянныя пераносы сігналу час вашага канчатковага абуджэння вагаецца ў межах 30 хвілін і больш, унутраны біялагічны гадзіннік збіваецца. Як вынік — увечары становіцца цяжэй заснуць, а ранішняя стомленасць становіцца хранічнай.
Акрамя таго, медыкі падкрэсліваюць: адкладзены будзільнік часта выступае не прычынай праблем, а іх сімптомам. Калі арганізму патрабуецца дабіраць сон дробнымі фрагментамі раніцай, гэта сігнал, што начны адпачынак быў няякасным.
Прычынай такой паталагічнай млявасці могуць быць бессань, сіндром неспакойных ног ці апноэ. Таксама ранішнюю замаруджанасць часта правакуе прыём некаторых лекаў — напрыклад, заспакаяльных, антыгістамінных сродкаў, а таксама прэпаратаў, якія прызначаюцца пры дэпрэсіі ці эпілепсіі.
Праблема ў тым, што пастаяннае адкладанне будзільніка можа маскіраваць гэтыя станы і адкладаць зварот да спецыяліста. Каб зразумець, ці не хаваецца за ранішняй дрымотнасцю нешта больш сур’ёзнае, спецыялісты раяць хаця б на тыдзень строга наладзіць гігіену сну: класціся і ўставаць у адзін і той жа час, абмежаваць кафеін і алкаголь, не спаць удзень і стварыць у спальні ўмовы, якія спрыяюць паўнавартаснаму сну — без лішняга святла і шуму.
Галоўны маркер таго, што вы высыпаецеся, просты: вы павінны адчуваць сябе бадзёрым раніцай і не адчуваць моцнай санлівасці паміж 14:00 і 16:00. Калі ж нават пры захаванні рэжыму млявасць не знікае, гэта нагода звярнуцца па кансультацыю да доктара.

Нечаканы бонус
Нягледзячы на крытыку, некаторыя даныя сведчаць: для асобных людзей адкладанне будзільніка не толькі не шкодзіць, але і можа мець пэўныя плюсы. У невялікім даследаванні 2023 года было заўважана, што людзі, якія звыкла адкладваюць будзільнік, дэманстравалі лепшыя кагнітыўныя паказчыкі адразу пасля абуджэння, чым тыя, хто ўставаў з першага сігналу.
Магчыма, рэч у тым, што апошнія хвіліны сну праходзяць у больш лёгкай фазе, што змяншае ранішнюю млявасць і дапамагае паступова ўключыцца ў дзень.
Такім чынам, сама па сабе звычка адкладаць будзільнік на 10‑20 хвілін не з'яўляецца смяротнай, калі вы высыпаецеся і прытрымліваецеся рэжыму. Але калі без яе немагчыма прачнуцца, варта задумацца, ці сапраўды сон дае арганізму тое, што яму патрэбна.
Каментары