«Можам і ў футбол пагуляць, і разам на шавуху схадзіць». Футбаліст са Слоніма, які стаў ксяндзом, расказаў пра сваё жыццё і прынцыпы
Як ужо паведамлялася раней, у траўні былы гулец мінскага МТЗ-РIПА і слонімскага «Камунальніка» Сяргей Гусар прыняў сан ксяндза. Выданне Bet News шчыра паразмаўляла з братам Сяргеем (менавіта братам, бо былы футбаліст адносіцца да манаскага ордэну капуцынаў), многія былыя аднаклубнікі якога яшчэ працягваюць выступленні, пра футбол, ягоны жыццёвы шлях і шлях да Бога.

— Брат Сяргей, калі ўвогуле ў ваша жыццё прыйшоў футбол?
— Напэўна, калі мне было 5-6 гадоў. Мой тата працаваў дзіцячым трэнерам у маім родным Слоніме ў спартыўнай школе ў Альбярціне і ўжо пасля садка падключаў нас, малых, да трэніровак са старэйшымі дзецьмі. Мяне ўжо тады гэта падкупіла, бо футбол — такая прыгожая супольнасць. Ды і дзяцінства ў мяне было яшчэ без інтэрнэту, без тэлефонаў, таму малымі праводзілі ўвесь вольны час на вуліцы. А каля майго дома было футбольнае поле. Таму мы з іншымі дзецьмі ўлетку з ранку да цямна там гулялі. Пачало нешта атрымлівацца ў гэтай гульні — так вось і пайшло…
— Але ўсё ж асноўную ролю ў тым, што вы сталі спартсменам, адыграў менавіта ваш тата?
— Так, вядома. Тым больш я яшчэ памятаю, як бацька сам гуляў у футбол, і, калі мне было гадоў 8, ён нават браў з сабой на выезды. Каманда, здаецца, называлася «Гідратэхнік», і яна гуляла ў чэмпіянаце Гродзенскай вобласці. Тата нават адзін раз стаў найлепшым бамбардзірам таго чэмпіяната. На прафесійны футбольны ўзровень ён так і не выйшаў, але на аматарскім гуляў топава.

— Але адзін з ягоных сыноў усё ж такі стаў прафесійным футбалістам…
— Так. Да 15 гадоў я займаўся футболам ў Слоніме, а потым мяне запрасілі ў мінскі МТЗ-РІПА.
— Тады ўладальнікам клуба быў літоўскі бізнэсовец Раманаў?
— Яшчэ не. Калі не памыляюся, нас тады запрасіў на прагляд Анатоль Аркадзевіч Шкляр, а самім клубам кіраваў ягоны бацька. А недзе праз год у клуб прыйшоў Раманаў.
— Значыць, калі вы туды перайшлі, там яшчэ не было вялікіх грошай.
— Не. Тады, здаецца, дарослая каманда МТЗ-РІПА толькі выйшла з першай лігі ў вышэйшую.
— Складана было падлеткам пераязджаць у Мінск?
— Слухай, вельмі цяжка было. Я быў такім «хатнім дзіцём». Мы пачалі жыць у інтэрнаце на Ваўпшасава, 23, дзе была наша база. І гэта быў мой першы досвед дарослага жыцця — самому трэба было нешта рабіць, хадзіць у краму. Тым больш мабільныя тэхналогіі былі яшчэ не так развітыя, таму адразу тэлефанаваць дадому прыходзілася хадзіць на пошту. Такі шок быў — усё ў жыцці змянілася адразу. Тым больш у спорце трэба было даказваць трэнерам усё наноў.
— Калі ў МТЗ-РІПА ўжо прыйшлі замежныя інвестары, ваш заробак у клубе змяніўся?
— Ведаеш, у нас, падлеткаў, не надта. Можа, недзе ў разы паўтара хіба што. Мы ўсё ж былі юніёры. Але грошы для падлетка былі сапраўды някепскія. Плюс мы жылі там пры клубе — нас кармілі, за жытло плаціць не трэба было. Але ж гэта не былі такія ўжо вялікія грошы менавіта ў нас, юніёраў. Асноўная каманда — зусім іншая справа.
— З кім з вядомых футбалістаў у вас атрымалася згуляць у МТЗ-РІПА?
— Як футбаліст я не трапіў нават у дубль МТЗ-РІПА, не атрымалася ў мяне, не пашанцавала. Таму больш гуляў з імі на тым жа «Хрустальным мячы». А з вядомых футбалістаў — Антоха Бубноў, які таксама са Слоніма. Жэнька Севасцьянаў — мы з ім ў пары працавалі на кожнай трэніроўцы і былі такімі па духу блізкімі людзьмі. Сярога Кіслы — быў такі вельмі пэрспектыўны футбаліст некалі… Сяргей Паліцевіч, Саша Талканіца з Ваўкавыска, Макс Вітус. З тых, хто цяпер гуляе — Андрэй Якімаў і Ягор Зубовіч з «Нёмана».
Потым за зборную Гродзенскай вобласці гуляў разам з Сяргеем Чэрнікам. Ды і тады ў Мінску быў сапраўдны футбольны бум, гэтыя каманды арганізоўваліся, і мы, юныя футбалісты, адзін аднаго ведалі. Таму вельмі часта перасякаліся па дзецях з Мішай Сіваковым, Ягорам Філіпенкам, Сяргеем Кісляком, Алегам Верацілам і іншымі…

— Гуляючы супраць тых жа Сівакова і Філіпенкі, маглi падумаць, што яны праз некалькі год будуць у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў, а потым у серыі А і Ла Лізе?
— Ведаеш, добрае пытанне. Тады ўжо па дзецях добра ведалі іх талент, нам іх у прыклад ставілі. Але што яны даб'юцца па мерках Беларусі такіх вышыняў, насамрэч я падлеткам уявіць не мог. Вельмі рады за хлопцаў, што ў іх так крута ўсё склалася. Бо яны вельмі таленавітыя спартоўцы!
— Вы таксама ўспомнілі Сяргея Кіслага. Ці сапраўды па падлетках гэта быў круты футбаліст?
— Ну, талент, канешне, у яго быў. Ведаеце, калі ў 15-16 гадоў я быў такі яшчэ зусім падлетак знешне, то гэты хлопец з Вушачаў быў ужо на галаву вышэйшы і вельмі магутны па камплекцыі, таму сярод аднагодкаў ён выдзяляўся. Але потым нешта ў яго не атрымалася ў спорце. Насамрэч і не ведаю, як склаўся лёс гэтага чалавека далей…
— Вы ж паспелі папрацаваць у МТЗ-РІПА з Эдуардам Малафеевым?
— Так, Эдуард Васільевіч прыйшоў у клуб у мой апошні год у МТЗ. У чалавека проста шалёная энергетыка, гэта такі матыватар, што пасля ягоных настаўленняў мы былі гатовыя «носам рыць землю». Плюс ён унёс нешта новае ў трэніровачны працэс. З'явіліся нават трэніроўкі з трэнерам па мастацкай гімнастыцы раніцай. Плюс Малафееў як чалавек меў мудрасць.
У мяне дагэтуль у памяці засталіся яго словы: «Хлопцы, можа, вы футбалістамі вялікімі і не станеце, але футбол вам у жыцці заўсёды дапаможа». У маім выпадку гэта на сто адсоткаў споўнілася. Бо калі вучыўся на святара і ў Італіі, і ў Польшчы, усе ведалі, што я былы футбаліст, і мне гэта заўсёды адразу дапамагала ў камунікацыі: футбол любяць паўсюль. Таму гэта такія нават прарочыя словы Эдуарда Васільевіча.

— Хто з трэнераў паўплываў на вас як на чалавека, акрамя Малафеева?
— У МТЗ-РІПА кожны з трэнераў зрабіў нейкі свой уплыў. Але ў мяне вельмі добрыя ўспаміны аб працы з Аляксандрам Бразевічам. Нешта такое прыгожае і чалавечае ў ягонай асобе ёсць. І нават потым, калі я ўжо ў семінарыі вучыўся, мне мой баця казаў, што калі па трэнерскай працы ён перасякаўся з Бразевічам, то той заўсёды пытаўся, як мае справы. Кожнага трэнера, з кім працаваў, магу ўспомніць добрым словам. У МТЗ-РІПА паўплывалі на мяне як на асобу Бразевіч, Малафееў і Уладзімір Алегавіч Дзяцел. Потым у Слоніме — Сяргей Ярмоленка, Аляксандр Кадаўбік. І, канешне, дзіцячыя трэнеры: Сан Саныч Гусар, Георгій Уладзіміравіч Вярбіцкі, Уладзімір Дзмітрыевіч Гароднікаў і іншыя.
— Пасля МТЗ-РІПА вы вярнуліся у родны Слонім і пачалі гуляць за мясцовы «Камунальнік».
— Так, пасля «Хрустальнага мяча» ў другую каманду МТЗ-РІПА, якая гуляла тады ў другой лізе, я не прайшоў і вярнуўся дадому ў Слонім. І хоць мой тата тады працаваў у структуры слонімскага клуба, у меня быў прагляд. Прайшоў. І пачаў гуляць за «Камунальнік». Правёў там у першай лізе чатыры гады і потым яшчэ быў ў другой.
— Вы нават сталі там капітанам…
— Гэта было ў мой апошні год. Каманда выбрала капітанам легенду слонімскага футбола Дзяніса Куцко, а мяне — віцэ-капітанам. Але ў першых турах Куца атрымаў вельмі цяжкую траўму, і амаль увесь сезон капітанам на полі быў я, хаця намінальна я быў усё ж віцэ-капітанам.

— Вось сітуацыя: вы віцэ-капітан каманды з роднага горада, амаль як рок-стар, гуляеце вы таксама някепска для ўзроўню першай лігі, ёсць перспектыва росту. І тут у 24 гады вы раптам завяршаеце спартовую кар'еру. Як так сталася?
— Ведаеш, гэта, напэўна, звязана з гісторыяй майго паклікання да жыцця святарскага, жыцця манаскага. Такая гісторыя: у МТЗ-РІПА ў мяне, будзем шчырымі, не атрымалася сябе рэалізаваць. І я паставіў сабе мэту даказаць, што, мабыць, у Мінску не мелі рацыі, што я, па іх меркаванні, недастаткова добры футбаліст. Хацеў даказаць перш за ўсё самому сабе, а таксама трэнерам, якія ў мяне не верылі — што я нешта магу на полі. І пару добрых футбольных гадоў у Слоніме у мяне ўсё ж атрымалася.
І калі я ўсім даказаў, што ўсё ж неяк умею гуляць у футбол, па заканчэнні сезону 2012 года ў меня ўнутры з'явілася нейкая пустата. Быццам я прыйшоў у футбол, але шчасця там не знайшоў. І адным з маіх асабістых пакліканняў да святарства было пытанне — а што такое сапраўднае шчасце? Таму прычынай, што я так рана завяршыў спартовую кар'еру, было тое, што я не знайшоў шчасця ў футболе.
— Гуляць у родным горадзе ў футбол — гэта вялікая адказнасць…
— Так, вядома. А яшчэ большая адказнасць была, калі ў Слоніме, акрамя «Камунальніка», з'явілася каманда «Белтрансгаз». І гэта былі сапраўдныя дэрбі. Наш «Камунальнік» быў, можна сказаць, народнай камандай. «Белтрансгаз» — каманда, якую штучна стварылі, у якой па мерках Слоніма з'явіліся вельмі добрыя грошы. І ў гэтых гульнях адказнасць яшчэ большая была, бо хацелася даказаць, што мы першыя, мы сапраўдная слонімская каманда!
— Вам не прапаноўвалі перайсці ў «Белтрансгаз»?
— Не.
— У футболе вам сустракаліся яшчэ дастаткова веруючыя гульцы?
— Ведаеш, цікавае пытанне. Насамрэч ужо шмат часу прайшло. Ёсць такі ксендз Артур Малафей, ён таксама родам са Слоніма, служыць у Гродне. І вось ён арганізоўваў у Слоніме футбольны турнір памяці Яна Паўла Другога. І на першы турнір тады прыехаў Дзіма Кавалёнак з «Нёмана». І вось тады мяне, яшчэ зусім маладога футбаліста, гэта ўразіла — што такі праймавы на той час футбаліст чэмпіяната Беларусі прыехаў на турнір пры касцёле ў Слоніме. Тады ў мяне, пэўна, з'явілася прыгожае пытанне пра веру — што можна адначасова і быць такім моцным футбалістам, і верыць у Бога.

Але ў адной камандзе з сабой, пэўна, такіх ужо глыбокіх вернікаў не сустракаў. Хаця ў «Камунальніку» была традыцыя, што перад кожным сезонам мы ехалі ў Жыровічы на малебен, і нейкі рэлігійны аспект там быў. Паказухай я гэта ніяк не назаву. Нешта рэлігійнае ў многіх маіх аднаклубнікаў было адназначна.
— Зараз вы сочыце за беларускім футболам?
— Зараз больш цікаўлюся замежным футболам, «Барселонай» там, «Манчэстэр Юнайтэд». А ў Беларусі ў асноўным цікаўлюся справамі хлопцаў, з якімі сам гуляў. Той жа Ягор Зубовіч нядаўна забіў у фінале Кубка Беларусі, малайчына. Але ж ад беларускага футбола я ўсё ж крышачку адышоў. Не асабліва нават і ведаю, хто ў нашай зборнай цяпер гуляе.
— Вы зараз служыце і жывяце ў Маладзечне. Можа, крышачку сочыце за мясцовым клубам? Часам не клікала да сябе мясцовая каманда, у якой не вельмі добрыя справы футбольныя?
— Там працуе прэс-сакратаром такі глыбока веруючы каталік Паша Малашка. Ён нават футбольным фанатам быў і прыязджаў у Слонім падтрымаць свой клуб, калі я яшчэ гуляў за «Камунальнік». І ўжо тады па касцёлу мы ведалі адзін аднаго. І пасля гульні я падыходзіў да маладзечненскага сектара, мы з ім заўсёды размаўлялі. Паша зараз працуе ў структуры клуба, і дзякуючы яму я трошкі ведаю, што там адбываецца. І нават я быў на іх матчы з «Нафтанам», і там пабачыў Мішу Калядку, з якім яшчэ ў Слоніме гулялі. Было вельмі прыемна яго пабачыць.
Таксама я ўбачыў, што многім людзям у Маладзечне баліць, што іх каманда кепска выступае. Таму калі мяне паклічуць як святара памаліцца за каманду, каб нешта ў футбольным плане палепшылася, то я абавязкова прыду. Бо шкада, што ў горадзе, дзе так любяць футбол і столькі чакалі вяртання каманды ў эліту, зараз такія справы.
— Калі вы апранутыя «не по форме», людзі пры знаёмстве не здзіўляюцца, што вы ксёндз?
— Бывае. Калі чалавек гатовы размаўляць шчыра, то я заўсёды гатовы расказаць яму гісторыю свайго жыцця. Ведаеш, я ж, акрамя футбола, і ў Маскве працаваў — добра зарабляючы, і вышэйшую адукацыю яшчэ да святарства атрымаў. Але нідзе неяк шчасця свайго не мог знайсці. А вось калі прыходзіў да касцёла і ў кляштар да братоў-капуцынаў, то адчуваў нейкі супакой. І да мяне доўга прыходзіла пытанне: «Чаму я нідзе, акрамя касцёла, такога не адчуваю?»
Вось гэта я людзям і расказваю. І яны часта згаджаюцца. Бо можна і спартсменам быць знакамітым, і грошай шмат зарабляць, а на душы мець нейкую пустэчу. Я гэта вельмі моцна ў нейкі момант адчуў і вырашыў, што для сябе выбіраю шлях святарства, бо менавіта праз служэнне Пану Богу я адчуваю сябе шчаслівым.

— Калі вы стоадсоткава вырашылі, што хочаце стаць святаром?
— У 2016 годзе, калі мне споўнілася 28 гадоў. У 24 я скончыў з футболам і паехаў працаваць у Маскву. Бо у меня тады была дзяўчына — прыгожая, веруючая, вельмі разумная. І я думаў тады: можа, мой лёс быць разам з ёй, сям'ю стварыць. Таму ў 2012 годзе я і паехаў працаваць у Маскву, каб зарабіць грошай на кватэру і машыну. Сам разумееш, што, гуляючы ў першай-другой лігах, такіх грошай не заробіш. Працаваў менеджарам по продажу мэблі і грошы зарабіў. Вымалёўвалася нейкая кар'ера. Але потым прыйшло разуменне, што мы з той дзяўчынай усё ж не бачылі адно аднаго спадарожнікамі жыцця. Неяк так склалася, што я паўсюль шукаў сябе, але не знаходзіў. І ў 28 я вырашыў, што калі не паспрабую святарскага жыцця, то перад смерцю, напэўна, буду шкадаваць.
— Колькі вы былі разам з той дзяўчынай? Зараз вы з ёй падтрымліваеце які-небудзь кантакт?
— Чатыры гады. Моцна кантактаў мы не падтрымліваем. Але вось нядаўна ў Слоніме ў касцёле мы сустрэліся — яна зараз такая паспяховая бізнэсвумэн, стварыла сваю сям'ю. І я вельмі шчыра рады, што ў яе жыцці ўсё так складваецца. Быў рады яе ўбачыць і паразмаўляць — бо яна засталася для мяне роднай душой.
— Калі мы завялі размову пра дзяўчат, то задам такое пытанне. У касцёл прыходзіць шмат прыгожых дзяўчат. Ці не выключаеце, што падчас святарства можаце закахацца ў адну з іх?
— Ведаеш, гэта вельмі добрае пытанне. Пытанне пра выбар. Я ведаю, што ў нас хапае вельмі прыгожых дзяўчат, у тым ліку прыхажанак, і прыемна з імі размаўляць. І не выключаю, што я магу ў кагосьці з іх закахацца, бо я здаровы нармальны малады чалавек. І рысы нармальнага маладога чалавека мне не чужыя. Але калі я адчуваю, што якая-небудзь дзяўчына мяне прываблівае больш, я хачу ёй недзе больш увагі надаць, то для меня тады ўзнікае пытанне: «Колькі часу я прысвячаю малітве?» Можа, гэта такі сігнал, што мае адносіны з Богам у гэты час занадта слабыя, што я недзе ў іншым месцы пачынаю нешта шукаць.
Для меня гэта пытанне выбару. І калі нават я закахаюся, хачу, каб гэта павяло мяне яшчэ больш у бок Бога. Не выключаю, што магу закахацца ў дзяўчыну па вушы, але я хачу быць святаром. І пакідаць гэты шлях я не жадаю, бо ўсё жыццё прысвячаю Богу.

— Вы тры гады вучыліся ў Італіі — вельмі футбольнай краіне. Як успрымалі італьянцы, што вы былы футбаліст?
— Як бы ні было, але я некалькі год прафесійна гуляў у футбол і разумею, што пэўны ўзровень у мяне застаўся. Плюс я вельмі люблю спорт, нейкую форму і зараз падтрымліваю — бегаю, трэніровачкі раблю. І калі ў той жа Італіі ці Польшчы мы пачыналі гуляць у футбол пры кляштарах з моладдзю, то было класна за імі назіраць. Яны там прыходзяць у фірмовай адзёжы, у дарагіх бутсах, пачынаюць нейкія фінты паказваць. І тут я такі думаю: ну, добра-добра.
І вось памятаю, як у Італіі, мы, браты з манастыра, гулялі з юнакамі, а яны маладзейшыя за нас, хутчэйшыя. А мы іх 14:2 перамаглі. Вось я такія моманты люблю, таму што, можа, нехта думае пра нас, братоў-манахаў, што мы нейкія не такія. Але потым, калі моладзь бачыць, што я праз футбол магу быць для іх нейкім аўтарытэтам, то футбол становіцца мовай, на якой мне ім нашмат лягчэй нешта пра Бога казаць.
— Цікава, таму што ў мяне вобраз ксяндза ў дзяцінстве быў крышачку іншы — гэта такі строгі дагматычны чалавек, і менавіта так прыкладна мне казала мая бабуля. А тут ксёндз гуляе ў футбол!
— Мы, святары, такія ж людзі, як і ўсе. Ты класна кажаш, што раней у ксяндзоў быў другі вобраз, які сфарміраваўся ў нашых бабуль і дзядуль. А мы, святары, з моладдзю можам і ў футбол пагуляць, і разам на шавуху схадзіць:)
— Значыць, сучасны святар можа з'есці фастфуд?
— Ды ўвогуле без праблем! Галоўнае, каб у меру! Тым больш я тры гады пражыў на поўдні Італіі, дзе, акрамя каталіцтва, ёсць яшчэ дзве «рэлігіі» — футбол і ежа. Мне гэта перадалося. Я вельмі люблю смачна паесці, вельмі люблю нешта новае спрабаваць і, як ужо казаў, магу на шаўрму схадзіць і з моладдзю, і з братамі-капуцынамі.

— Маючы зносіны з моладдзю, вы, напэўна, ужо ведаеце значэнні словаў «крынж», «пікмі» і гэтак далей?
— Так, ведаю:) Нават у сваіх казаннях стараюся часам гэтыя словы ўжываць. Каб з моладдзю крышачку размаўляць на іх мове, скажам так. Бо мова — гэта заўсёды нейкі код.
— Дарэчы, у паўсядзённым жыцці вы размаўляеце па-беларуску?
— Так, у асноўным на роднай мове. На расейскай размаўляю, калі бываю дома ў Слоніме, бо і мае бацькі размаўляюць на расейскай, і асяроддзе там у асноўным расейскамоўнае. Але ўсё роўна па-расейску мне цяжэй. Бо калі ўжываеш увесь час беларускую мову, нават руская ператвараецца ў трасянку. Ды і ў тым жа Маладзечне беларускую мову можна пачуць нашмат часцей.
Увогуле вывучаць розныя мовы — адно з маіх захапленняў. Бо я вучыўся ў слонімскай гімназіі, якая дала мне вельмі добрую базу ангельскай мовы. Таксама я добра ведаю польскую і італьянскую мовы дзякуючы вучобе. Зараз, зноў стала жывучы ў Беларусі, стараюся глядзець фільмы і чытаць кніжкі на замежных мовах. Мне гэта падабаецца.
— Якую музыку вы слухаеце?
— Я вельмі люблю рок-музыку. Калі жыў у Маскве, два разы быў на канцэрце брытанскага гурта Muse. На канцэрт Linkin Park хадзіў, калі Чэстэр яшчэ быў жывы. Гэтыя два гурты вельмі люблю. Таксама ў Італіі палюбіў італьянскую поп-музыку — яна такая з сэнсам, мне падабаецца. У Польшчы мне вельмі даспадобы прыйшоўся мясцовы рэп — гэта проста паэзія на музыку! Вельмі прыгожы, вельмі глыбокі сэнс. А тое, дзе ёсць прыгажосць і глыбіня, я люблю, і гэта могуць быць розныя стылі.

— А як вы ацэніце новую вакалістку Linkin Park?
— Ну, шаную і паважаю Эмілі, але калі ўжывую чуў Чэстэра, то гэта не параўнаць. Надзвычай таленавіты чалавек быў.
— Які апошні фільм вы глядзелі?
— «Опенгеймер». Мне спадабаўся.
— Вы як ксёндз можаце паглядзець моладзевую камедыю?
— З задавальненнем.
— А як ставіцеся да фільмаў жахаў ці артыстаў кшталту Мэрліна Мэнсана?
— Як да сучаснага мастацтва. І, ведаеш, для меня галоўнае пытанне, што гэтым хочуць перадаць, які там мэсэдж. Бо артысты маюць сваю візію, вельмі часта яна неардынарная. І калі яны гэтымі вобразамі паказваюць дабро, нейкую глыбіню, нейкія вартасці, няхай нават сваім спосабам, то я, вядома, добра стаўлюся, бо гэта праява сучаснай культуры. І я супраць, каб нешта дэманізаваць, нейкія там ярлыкі навешваць. Але калі там ёсць нейкая прафанацыя, высмейванне ці штосьці яшчэ, то тады я гэтага ўжо не прымаю.
— І апошняе пытанне. Што сказаў ваш тата і першы футбольны трэнер па сумяшчальніцтве, калі даведаўся, што вы ідзеце вучыцца на ксяндза?
— Ён сказаў: «Сын, я тобой горжусь!»

Каментары