Карбалевіч адказаў, хто з атачэння Лукашэнкі мог бы яго замяніць і чаму не верыць у пераемніка Колю
Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч у выпуску ютуб-праекта «Жыццё-маліна» паразважаў пра магчымасць Колі Лукашэнкі змяніць свайго бацьку і пра тое, калі і з чаго могуць пачацца перамены.

Пра будучыню Мікалая Лукашэнкі
«Я скептычна стаўлюся да палітычнай будучыні Мікалая Лукашэнкі, бо пакуль ён яшчэ даволі малады, каб можна было ўсур'ёз казаць пра яго палітычную кар'еру. І не думаю, што Лукашэнка дачакаецца таго часу, калі Мікалай стане дарослым і пачне неяк уцягвацца ў палітыку», — выказаў свой погляд Валер Карбалевіч.
Пытанне і ў тым, што трэба ўмець утрымаць уладу. У Колі такіх навыкаў яшчэ няма.
«Я пакуль не бачу, што Колю спрабуюць весці па нейкай кар'ернай лесвіцы», — даводзіць аналітык.
Прыкладам уваходжання Мікалая Лукашэнкі ў палітыку магло б стаць прызначэнне яго чыноўнікам ці хаця б топам БРСМ ці «Белай Русі». Аднак такога няма.
На думку Карбалевіча, тое, што Мікалай суправаджае Лукашэнку падчас усіх візітаў, недастаткова.

Калі пачнуцца перамены ў Беларусі
Калі ж гаварыць пра пачатак перамен у краіне, Карбалевіч перакананы, што перамены ў Беларусі пачнуцца пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі ў незалежнасці ад таго, хто будзе ягоным наступнікам.
Ён тлумачыць:
«Сённяшняя палітычная сістэма, сённяшні палітычны рэжым — гэта класічны персаналісцкі рэжым, рэжым асабістай улады. 30 гадоў Лукашэнка ствараў гэты рэжым па сваім, што называецца, вобразе і падабенстве. Ён шыў яго пад сябе, з унікальнымі асаблівасцямі, падстройваў пад асобу менавіта самога Лукашэнкі.
І проста так у гэтай сістэме замест Лукашэнкі пасадзіць іншага чалавека і меркаваць, што нічога не памяняецца, гэта наўрад ці. Такога не будзе».
Як даводзіць аналітык, любы новы кіраўнік, які прыйдзе на месца Лукашэнкі, павінен будзе нейкім чынам дамагацца сваёй легітымізацыі, а яе можна будзе ўтрымаць, «толькі ідучы па шляху дэлукашэнізацыі Беларусі».
У якасці прыкладу ён згадаў, як пасля смерці Сталіна ягоныя наступнікі спрабавалі атрымаць легітымнасць, ідучы па шляху дэсталінізацыі:
«Прычым, першым пачаў такую лінію, і як бы гэта ні дзіўна, Лаўрэнцій Берыя. Вось, пасля ягонага расстрэлу быў Малянкоў, ну а потым і Хрушчоў, ХХ з'езд, развянчанне культу асобы і так далей. То бок, усе наступнікі, саратнікі Сталіна разумелі, што далей рухацца па тым жа трэку нельга. Трэба ісці ў іншы бок, трэба атрымаць падтрымку і эліты, і грамадства, а можна атрымаць, толькі ідучы па шляху дэсталінізацыі. Так і будзе і ў Беларусі».
Аналітык мяркуе, што змены будуць адбывацца не хутка, аднак кірунак іх будзе ў бок пэўнай лібералізацыі, як эканамічнай так і палітычнай, у тым ліку і ў адносінах з Захадам.
Ён тлумачыць, што сённяшнія палітычныя рэпрэсіі ў значнай ступені завязаныя на асобе Аляксандра Лукашэнкі, які перажыў моцную псіхалагічную траўму пасля падзей 2020 года. Цяпер ён кіруецца жаданнем помсты і страхам перад тым, што любыя паслабленні могуць справакаваць новыя пратэсты.
Ці ёсць у атачэнні Лукашэнкі замена яму?
Карбалевіч не сумняваецца, што ў атачэнні Лукашэнкі дастаткова людзей, якія змогуць падхапіць пасля яго ўладу.

«Калі казаць пра проста прэзідэнта, не пра «бацьку», не пра «айца нацыі», а проста пра чыноўніка, які на пяць гадоў заняў гэтую пасаду, як у Польшчы ці як у Літве, то, у прынцыпе, любы чалавек з ягонага атачэння гэтую функцыю зможа выконваць. Лепш, горш — але не думаю, што можа быць нейкая катастрофа. Таму любое прозвішча называй, любога міністра, любога кіраўніка, намесніка кіраўніка адміністрацыі, і ў прынцыпе, я думаю, што людзі справяцца».
Карбалевіч упэўнены, што шмат у каго ёсць палітычныя амбіцыі, бо «калі б у людзей амбіцый не было, то яны б не спрабавалі ісці па кар’ернай лесвіцы».
Праўда, як заўважае аналітык, у іх няма такой прагі да ўлады, як у самога Лукашэнкі.
«Лукашэнка, чапляючыся за ўладу, стварыў такую палітычную сістэму, якая пасля яго сыходу хутчэй за ўсё выкліча палітычны крызіс. Таму што сёння палітычная вага розных інстытутаў расцягнутая.
Ёсць урад, ёсць парламент, прычым дзве палаты, ёсць прэзідэнт, яго адміністрацыя, ёсць яшчэ Усебеларускі народны сход. Усе гэтыя інстытуцыі не працуюць, таму што ўсе рашэнні прымае адзін чалавек. А калі чалавек гэты знікае, то гэтыя інстытуцыі, як бы, запрацуюць. І паміж імі пачнецца барацьба за ўладу».
У момант крызісу можа з'явіцца магчымасць для правядзення лібералізацыі і шанц да ўдзелу ў сістэме дэмакратычных сіл.
«Розныя інстытуцыі, тыя ж самыя сілавыя структуры, не будуць ведаць, на каго арыентавацца і што ім рабіць. І ў гэтай сітуацыі ўжо ў гэтую абстаноўку могуць уклініцца і розныя, скажам, апазіцыйныя сілы, якія адчуюць, што з'явілася, адкрылася нейкая фортачка».
Каментары
Это задача минимум, чтобы наделить неприкосновенностью младшего сына Колю.
Его мать Ирина Абельская уже наделена иммунитетом как член Совета Республики.