Стала вядома, каго з расійскіх вайскоўцаў лячылі ў бальніцах Гомельшчыны ў пачатку вайны
Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтра атрымалі доступ да ўнутранай базы Мінабароны Расіі і верыфікавалі даныя пра сотні параненых расійскіх вайскоўцаў, якія праходзілі лячэнне ў Беларусі падчас і пасля аперацыі па захопе Кіева. Сярод іх — байцы элітных падраздзяленняў, удзел якіх раней не пацвярджаўся дакументальна. У матэрыялах утрымліваюцца імёны, дыягназы, даты шпіталізацыі.

За першыя 21 месяц поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну праз бальніцы Гомеля і Хойнікаў прайшлі 898 расійскіх вайскоўцаў і байцоў Расгвардыі.
Журналісты БРЦ даведаліся пра гэта, атрымаўшы доступ да базы Галоўнага вайскова-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ.
У бальніцах Гомельшчыны аказвалі дапамогу байцам 16-й асобнай гвардзейскай брыгады адмысловага прызначэння ГРУ. Адзін з расійскіх ваенных аглядальнікаў выказваў здагадку, што менавіта гэтая брыгада брала пад кантроль Чарнобыльскую АЭС у пачатку ўварвання, але дагэтуль доказаў гэтаму не было. Таксама журналісты знайшлі звесткі пра байцоў Цэнтру спецыяльнага прызначэння «Кубінка-2», якія ўдзельнічалі ў захопе Крыму ў 2014 годзе.
Персаналу беларускіх бальніц забаранілі распавядаць пра сакрэтных пацыентаў. Пра гэта БРЦ на ўмовах ананімнасці паведаміў былы супрацоўнік адной з медычных устаноў Гомельскай вобласці:
«Вельмі жорстка табе, як гэта сказаць, раілі не дзяліцца гэтай інфармацыяй ні з кім і ні пра што. Бо можаш пацярпець і ты, і твая сям’я».
У гомельскіх бальніцах ляжаў адзін з удзельнікаў аперацыі 24 лютага 2022 года, калі расейцы спрабавалі захапіць аэрадром «Антонаў» у Гастомелі. Раман Зязін паступіў з раненнем твару і адкрытым пераломам ніжняй сківіцы.

Пра тыя падзеі ён расказаў у снежні 2024 года ў інтэрв’ю расійскаму тэлеканалу «Звезда»: «Мы вырушылі непасрэдна ў прыгарад і сам горад Гастомель, дзе я атрымаў раненне. І быў эвакуяваны».
На пачатку шырокамаштабнага ўварвання Зязіну быў 21 год. У 2018-м ён далучыўся да «Юнарміі» — дзіцяча-юнацкага руху, створанага па ініцыятыве ўжо былога міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу. Старыя профілі Рамана Зязіна, а таксама яшчэ трох дастаўленых у беларускія бальніцы расійскіх вайскоўцаў — Сабухі Баладава, Паўла Нікіціна і Мацвея Шыпунава — знайшлі ўнутры сістэмы «Юнарміі» айці-адмыслоўцы арганізацыі KibOrg.

Зязін на фронт не вярнуўся. Цяпер ён — курсант ваеннага інстытута фізкультуры.
Пасля бітвы за Гастомель у бальніцы Гомеля трапілі 68 параненых расійскіх амапаўцаў.
Старшы лейтэнант паліцыі Аляксей Артамонаў атрымаў тры аскепкавыя раненні і пералом. Старшага сяржанта паліцыі Івана Дзюканава даставілі з чэрапна-мазгавой траўмай і ўдарам. Андрэй Лявонаў паступіў у гомельскую бальніцу 6 сакавіка з чэрапна-мазгавой траўмай і кантузіяй. У бальніцу трапіў і старшы сяржант паліцыі Андрэй Хітроў.

У гомельскай бальніцы праходзілі лячэнне таксама трое амапаўцаў з Краснаярска. Адзін з іх — Ілля Чуракаў — атрымаў аскепкавае раненне акурат у дзень масавага забойства цывільных у Гастомелі. Двое іншых — гэта Сяргей Цапкоў і Дзяніс Каткоў.
Яшчэ двое расейцаў — Мунко-Жаргал Жалмаеў і Зорык Зыгбін — прыбылі ў Гомель 9 сакавіка 2022 года. Абодва атрымалі аскепкавыя раненні і фігуруюць у спісе, знойдзеным мясцовымі жыхарамі каля Жытомірскай трасы, у вёсцы Бярозаўка. Вядома, што Зыгбіна даставілі ў гарадскую бальніцу. 25 сакавіка з мінава-выбуховай траўмай у тую ж бальніцу паступіў Дзмітрый Цярэнцьеў. Усе трое служылі ў вайсковай частцы №46108 з Улан-Удэ.
Адзін з магчымых удзельнікаў забойстваў у Бучы — Аляксандр Квітко з пазыўным «Шкіпер», камандзір 6-й роты пскоўскіх дэсантнікаў — паступіў у гомельскую бальніцу 28 сакавіка 2022 года з аскепкавымі раненнямі шыі, рукі, галёнкі і ягадзіцы.

Паводле звестак праекта «Схемы», Квітко знаходзіўся па адрасе вуліца Яблонская, 144 у Бучы, дзе трымалі мясцовых чальцоў тэрытарыяльнай абароны перад іх расстрэлам. Гэта журналістам пацвердзіла мясцовая жыхарка, якая пазнала яго па фотаздымку.
Акрамя таго, Квітко можа быць датычны да забойства пенсіянеркі Аллы Мінаевай, чыё цела знайшлі ў яе ўласным доме. Пра гэта журналістам «Радыё Свабода» паведамілі ў галоўным следчым упраўленні Нацпаліцыі Украіны.
Паводле даных з базы Галоўнага ваенна-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ, акрамя беларускіх бальніц, з лютага 2022 года да сярэдзіны чэрвеня 2024-га медычную дапамогу расійскім вайскоўцам аказвалі ў анексаваным Крыме, на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, а таксама ў самой Расіі. Паводле ацэнкі «Радыё Свабода», за гэты перыяд праз ваенныя шпіталі РФ і Крыму прайшло каля 166 тысяч сакрэтных пацыентаў.
Каментары
1856 - пацярпела паражэнне ад Брытаніі і Францыі
1905 - пацярпела паражэнне ад Японіі
1917 - пацярпела паражэнне ад Германіі
1920 - пацярпела паражэнне ад Польшчы, Фінляндыі, Эстоніі і ўсіх краін Балтыі
1939 - пацярпела паражэнне ад Фінляндыі
1969 - пацярпела паражэнне ад Кітая
1989 - пацярпела паражэнне ад Афганістана
1989 - пацярпела паражэнне ў халоднай вайне
1996 - пацярпела паражэнне ад Чачні
2022 - пацярпела паражэнне ад Украіны
2024 - пацярпела паражэнне ў Сірыі
Другую сусветную вайну Бальшавікі пачыналі як хаўруснікі Гітлера. Другая сусветная вайна выйграна ЗША/Брытаніяй, тым часам нават афіцэры Сталіна былі расстраляныя або адпраўленыя ў ГУЛАГ. Мільёны трапілі ў ГУЛАГ, у тым ліку эмпэрыц Салжаніцын.
Адзіныя перамогі Масквы прыпадаюць на ўварванні ў безабаронныя , зусім невялікія краіны:
a) Венгрыя 1956
b) Чэхаславакія 1968
c) Малдова 1992
d) Грузія 2008.