Грамадства1313

Больш за 50 еўра за 180 км дарогі. Чаму растуць цэны на аўтобусныя квіткі з Менску ў Вільню

Цэны на квіткі паміж Менскам і бліжэйшымі еўрапейскімі сталіцамі ў разьліку за кіламетр сталі аднымі з найбольш высокіх ува ўсёй Еўропе і працягваюць расці. «Свабода» высвятляла, чаму так адбываецца.

На чэрвень 2025 году аўтобусы застаюцца адзіным відам грамадзкага транспарту, якім можна дабрацца зь Менску ў сталіцы бліжэйшых краінаў Эўразьвязу — у Вільню, Рыгу і Варшаву. Зь Беларусі ў Польшчу, Літву і Латвію па-ранейшаму ня ходзяць цягнікі і ня лётаюць самалёты. Моцна абмежаваны таксама рух церазь мяжу на асабістых аўтамабілях. Цэны аўтобусных квіткоў пры ўсім гэтым дасягнулі рэкордных велічыняў і надалей растуць.

45 эўра за 50 кілямэтраў

У чэрвені 2025 году цэны аўтобусных квіткоў на паездку зь Менску да Вільні ў адзін бок складаюць каля 180 рублёў. Іх можна бачыць пад спасылкай, якая вядзе з афіцыйнага сайту «Менсктрансу». Квіткі ў літоўскіх перавозьнікаў яшчэ даражэйшыя — ад 60 эўра (цэны параўноўвалі для суботы 14 чэрвеня, яны могуць нязначна вагацца залежна ад дня тыдня. — РС). Нягледзячы на дарагоўлю, купіць квіток у бліжэйшую да Беларусі сталіцу краіны Эўразьвязу ня так проста. З надыходам сэзону адпачынкаў квіткі ў продажы ёсьць не заўсёды і набываць іх варта загадзя.

Цэнтральны аўтавакзал Менску

Акрамя як зь Менску, да Вільні зараз можна даехаць аўтобусам і зь іншых беларускіх гарадоў. Аўтобусы ў літоўскую сталіцу ходзяць з Гомля, Магілёва, Барысава, Баранавічаў, Горадні. Амаль усе яны (акрамя горадзенскага маршруту, які ідзе празь Беняконі) перасякаюць беларуска-літоўскую мяжу ў пункце пропуску «Каменны Лог», некаторыя да таго спыняюцца ў Ашмянах.

Адлегласьць да Вільні ад гэтага беларускага гораду каля 50 кілямэтраў, даехаць адсюль да літоўскай сталіцы на аўтобусе зараз каштуе каля 150 рублёў (45 эўра). Падобна, гэта адно з найдаражэйшых перасячэньняў мяжы на кантынэнце на гэты момант. Цэны на квіткі (і аўтобусныя, і чыгуначныя) паміж гэтаксама блізка разьмешчанымі Браціславай і Венай складаюць каля 7 эўра.

Для параўнаньня — даехаць зь Менску ў Маскву на аўтобусе зараз можна прыкладна за 150 рублёў. Калі паклапаціцца пра куплю квітка загадзя, то і за 120.

«А што рабіць?»

Нягледзячы на высокія цэны і спробы літоўскага боку скараціць колькасьць аўтобусных маршрутаў паміж Менскам і Вільняй, за дзень зь беларускай сталіцы ў літоўскую ў сярэднім адпраўляецца каля 20 аўтобусаў. Гэта толькі тыя, што афіцыйна спыняюцца на цэнтральным аўтавакзале Менску і накіроўваюцца на віленскі аўтавакзал. Існуюць і больш экзатычныя варыянты, накшталт аўтобуса «Воранава — Трокі», які таксама заяжджае ў Вільню і высаджвае пасажыраў на прыпынку ля чыгуначнага вакзалу.

«А што рабіць, плацім, — расказвае на ўмовах ананімнасьці ў размове з Свабодай жыхар Менску Ўладзімер, які раз на некалькі месяцаў езьдзіць у Вільню. — Рэч тут нават ня ў цэнах, яшчэ больш абурае чаканьне на мяжы. Я ня ведаю, хто тут вінаваты больш — беларускія памежнікі ці літоўскія. Але часам ты проста гадзінамі стаіш і не разумееш, чаму».

На беларускіх і літоўскіх сайтах, якія гандлююць аўтобуснымі квіткамі на маршруты паміж сталіцамі, час падарожжа пазначаны ў межах ад 4 да 5 гадзін. За столькі часу з улікам памежнага і мытнага кантролю, паводле перавозьнікаў, можна пераадолець 180 кілямэтраў паміж сталіцамі Беларусі і Літвы. На практыцы гэты час трэба памнажаць амаль удвая. На «Каменным Лагу» залежна ад загружанасьці пераходу можна прастаяць і 3, і 5 гадзін.

«Апошні раз мы стаялі там недзе чатыры гадзіны, была чарга з аўтобусаў, — расказвае мянчук, які дабіраўся зь Менску ў Вільню на пачатку чэрвеня. — Усе ўжо прывыклі, здаецца. Я падыходзіў да кіроўцы пагаварыць.

Ён кажа, што празь вялікі попыт і гэтыя чэргі такія і цэны. Бо яму на адну паездку туды і назад у суме трэба ледзьве ня содні. Аўтобусы больш стаяць у чэргах, чым едуць. Перавозьнікам гэта нібыта нявыгадна (ніжэйшыя цэны на квіткі. — РС). Таму і растуць».

Такую ж вэрсію агучылі ў размове з Свабодай і прадстаўнікі аднаго зь перавозьнікаў.

З словаў суразмоўцаў, высокія цэны будуць трымацца датуль, пакуль на мяжы будзе напружаная сытуацыя, якая абвастрылася пасьля закрыцьця часткі пунктаў пропуску і абмежаваньня магчымасьці праезду ў Літву на аўтамабілях зь беларускімі нумарамі. Яны таксама пацьвярджаюць, што 180—200 рублёў за паездку — зусім не мяжа.

+10% за год, +300% за пяць

І так высокія цэны на аўтобусныя квіткі паміж беларускай і літоўскай сталіцамі насамрэч растуць надалей. Год таму, у чэрвені 2024 году, яны ў сярэднім былі прыкладна на 10% меншыя — каля 150 рублёў і 45 эўра. Гэта перавышае памер гадавой інфляцыі ў Беларусі — каля 7% (у Літве ў межах 1%).

Альтэрнатыву аўтобусным перавозкам маглі б скласьці чыгуначныя, аднак літоўскія ўлады вясной 2025 году чарговы раз адмовілі беларускаму боку ў аднаўленьні злучэньня, спаслаўшыся на палітычныя прычыны і мігранцкі крызіс на беларуска-літоўскай мяжы, які не спрыяе нармалізацыі адносінаў.

У сакавіку 2020 году, калі зь Менску ў Вільню адправіўся апошні на гэты момант пасажырскі цягнік, квіток на такое падарожжа каштаваў у сярэднім 16—18 эўра. Столькі ж трэба было аддаць і за падарожжа аўтобусам. Уся паездка, з памежным і мытным кантролем, тады займала каля 3—4 гадзінаў.

За пяць гадоў цана падарожжа паміж Менскам і Вільняй вырасла ўтрая, да падзеяў 2020 году за 60 эўра зь Менску ў Вільню можна было дабрацца самалётам.

«Буду езьдзіць усё адно, — гаворыць Уладзімер. — Я зараз працую ў Польшчы, у мяне няма іншага выйсьця. Дарога празь Літву ў ЭЗ усё адно самая танная і кароткая. Калі ехаць празь Берасьце, то яшчэ даўжэй і даражэй. У Беларусі я не хачу працаваць за тыя грошы, што мне прапаноўваюць, у Расеі тым больш. Агулам думаю пра тое, каб перавезьці сям’ю. Тады больш ня трэба будзе езьдзіць».

Суразмоўца дадае, што амаль 60 эўра за 180 кілямэтраў шляху паміж Менскам і Вільняй — найдаражэйшая частка яго падарожжа. Да Варшавы зь літоўскай сталіцы можна дабрацца звычайна ўтрая таньней і прыкладна за такі ж самы час.

  • Суседзі Беларусі — Літва, Латвія, Польшча, Украіна — прыпынілі міжнародныя пасажырскія чыгуначныя зносіны зь Беларусьсю ў сакавіку 2020 году, з пачаткам пандэміі каранавірусу COVID-19, але і па заканчэньні пандэміі ня сталі аднаўляць перавозак. Так, напрыклад, польскі ўрад матываваў абмежаваньні тым, што Беларусь можа выкарыстоўваць чыгуначныя зносіны для міграцыйнага ціску на Польшчу.

  • 23 траўня 2021 году самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, быў вымушаны сесьці ў нацыянальным аэрапорце «Менск» пасьля таго, як пілёты атрымалі ад беларускага дыспэтчара паведамленьне пра бомбу на борце лайнэра. Пасьля пасадкі самалёта пасажыраў і экіпаж некалькі гадзінаў пратрымалі на тэрыторыі аэрапорту. Блогера Рамана Пратасевіча і грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу затрымалі і пазьней судзілі, усе іншыя змаглі даляцець у Вільню.

  • Пасьля гэтага інцыдэнту Эўразьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Эўрапейскім авіякампаніям таксама забаранілі авіяперавозкі празь Беларусь.

  • У верасьні 2024 году акруговы суд Варшавы завочна арыштаваў трох грамадзян Беларусі ў справе аб захопе кантролю над самалётам Ryanair. Паводле ведамства, супрацоўнікі авіядыспэтчарскай службы перадалі ілжывую інфармацыю пра нібыта закладзенае на борце выбуховае прыстасаваньне, вымусіўшы экіпаж зрабіць аварыйную пасадку ў Менску. Паведамляецца, што гэта «спрычыніла непасрэдную пагрозу жыцьцю і здароўю многіх людзей, у тым ліку грамадзян Польшчы, і незаконнае пазбаўленьне волі экіпажу і пасажыраў самалёта».

Каментары13

  • %
    11.06.2025
    Кроў з вачэй, занадта розум у вас цьвярозы, што ажно кроў з вачэй. Сталінкай карыстайцесь колькі заўгодна, але тое не беларуская мова
  • Вопрос
    11.06.2025
    А что за тайный автобус Вороново - Тракай? Интернет о нем ничего не знает.
    И надо немного критичнее относится к материалу. За последний год не в период праздников и отпусков автобус шел 4-5 часов довольно стабильно. Это почти не отличается от доковидных времен. А стоимость такая не потому, что невыгодно, а потому что "заплятят и 100, куда они денутся".
  • Цім
    11.06.2025
    Кроў з вачэй, Гэта ж цікава! Трохі інакш, і мазгам прыемна папрацаваць :)

Цяпер чытаюць

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе3

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуска абурылася коштам лісічак у 55 рублёў за кілаграм3

Сярэдні заробак «бруднымі» складае 911 даляраў4

Адначасова дзве аварыі пад Мінскам, пацярпелі некалькі чалавек. Людзі кажуць пра зачараваны ўчастак трасы

«Пакуль не чуў, каб беларусаў дэпартавалі». Амерыканскі адвакат пра міграцыйную палітыку ЗША пры Трампе2

Купалаўскі тэатр прапаноўвае новую паслугу: цяпер там можна пабрацца шлюбам13

Крутога айцішніка, які вярнуўся з Грузіі, асудзілі па чатырох палітычных артыкулах10

У Амурскай вобласці Расіі разбіўся самалёт з 49 чалавекамі на борце

Два малыя браты атрымалі моцныя апёкі пры распальванні лазні

Ходзіць легенда, што Озі Осбарн адкусіў галаву жывому кажану. А што ж адбылося насамрэч?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе3

Пад Мінскам адбыўся магутны выбух на газавым трубаправодзе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць