Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі
Якія яшчэ былі вядомыя беларусы Грынкевічы? Яны такія розныя. Аказваецца, гэтае прозвішча настолькі распаўсюджанае, што гэты род даў нацыі як праведнікаў, так і прыстасаванцаў.

Генерал Алекс Грынкевіч (Alexus Grynkewich) прызначаны галоўнакамандуючым аб'яднанымі сіламі НАТА ў Еўропе. Ён не адзін вядомы чалавек з такім прозвішчам.
З роду Грынкевічаў выйшла некалькі слаўных людзей ХХ стагоддзя: як беларускія палітыкі, падпольшчыкі, медыкі, так і савецкія генералы. А ў нашы часы ёсць і Грынкевіч-палітвязень, і Грынкевіч-суддзя — які судзіў Сяргея Ціханоўскага. Дакладней, праўда, казаць не «з роду», а «з родаў», бо гэтае настолькі частае прозвішча, яно зарадзілася паралельна ў розных мясцовасцях.
Прозвішча Грынкевіч спрадвечна беларускае. Яно паходзіць ад імені «Грыня, Грынька» — гэта, як і Грыц, Грыць, Грынь, Грыша, Грышка, памяншальнае ад Рыгор. Таму Грынкевічаў у Беларусі многа — як і носьбітаў прозвішчаў Грыцкевіч, Грыцавец, Грынь, Грыц, Грыцук, Грыгарэня і Лігор.
Цэлы куст Грынкевічаў паходзіць з Сакольшчыны, раён горада Саколка, — гэтая зямля ў межах цяперашняй Польшчы да сярэдзіны ХХ стагоддзя была суцэльна беларускамоўнай.
Стуль выйшлі такія значныя постаці беларускай гісторыі, як Сяргей Прытыцкі, Аляксей Карпюк, Баляслаў Грабінскі.
Стуль жа, з вёскі Новы Двор на рацэ Бобры, выйшаў Францішак Грынкевіч (1884—1933) — адзін з першых ксяндзоў, якія беларусізавалі касцёл. Ён вучыўся ў Інсбруку і Мюнхене, а пасля служыў у Горадні і арганізаваў там беларускі гурток, з якога выйшла шмат патрыятычнай моладзі.

Ягоны малодшы брат Станіслаў Грынкевіч (1902—1945) быў з тых беларускіх самародкаў, што праявілі сябе і ў навуцы, і ў гаспадарцы, і ў палітыцы. Але міжваенныя палякі не давалі ім ходу, а саветы бязлітасна вынішчалі.
Стась Грынкевіч быў вядомым доктарам-псіхіятарам. Працаваў у клініцы ў Вільні, выкладаў у Беларускай гімназіі ў Вільні і ў медінстытуце ў Новай Вялейцы. Але пры гэтым цягнуўся і да грамадскай дзейнасці. У 1931—1936 гадах ён быў намеснікам старшыні папулярнай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Палякі арыштоўвалі яго за яго публікацыі — ён нямала пісаў на медыцынскія, грамадскія і палітычныя тэмы. І да гаспадаркі меў схільнасць: тады ж ён купіў пад Вільняй у Ерузалімцы 17 гектараў зямлі з хатай, у якіх пасяліў сваякоў.

Калі ў 1939-м саветы занялі Вільню, яны Грынкевіча як актывіста антыкамуністычнай партыі арыштавалі, але ён здолеў уцячы з цягніка падчас этапу. У вайну Грынкевіч ухіляўся ад усякай супрацы з немцамі, але ўдзельнічаў у працы падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі. Саветы паўторна арыштавалі яго ў 1944 і расстралялі ў 1945-м.
Іншы Станіслаў Грынкевіч (1913—1966), малодшы, быў пляменнікам тых Францішка і Станіслава. Таксама медык, сябар спачатку Беларускага студэнцкага саюза, а пасля Беларускай незалежніцкай партыі, ён пасля Другой сусветнай трапіў у ЗША. Быў сябрам Рады БНР.

Андрэй Грынкевіч (нар. 1960 у Берліне) быў дыпламатам, паслом Беларусі спачатку ў скандынаўскіх краінах, а пасля ў Румыніі.

Былі і Грынкевічы, што праявілі сябе ў шэрагах Савецкай арміі.
Франц Грынкевіч (нар. 1905, Гомель — 1943) камандаваў савецкай гвардзейскай танкавай брыгадай і загінуў у баях пад Запарожжам.
Дзмітрый Грынкевіч (1923—2009) сумленна прайшоў усю армію, даслужыўся да капітана. А ў пасляваенны час дарос на службе да генерал-палкоўніка, начальніка Галоўнага штаба — першага намесніка камандуючага Сухапутнымі сіламі (1981—1990).

Архітэктар Роберт Грынкевіч (1941—2021) быў родам з Баранавіч, а працаваў у Берасці.
Гугліцца і 34-гадовы Зміцер Грынкевіч — ахоўнік Аляксандра Лукашэнкі са Службы бяспекі прэзідэнта.
А Аляксандр Грынкевіч 15 гадоў, з 2000 да 2015, быў старшынём Гродзенскага абласнога суда.
Ёсць Грынкевіч і сярод сённяшніх беларускіх пакутнікаў. Барыса Грынкевіча (нарадзіўся ў 1985) з Салігорска схапілі ў 2024 годзе і асудзілі па цэлым букеце палітычных артыкулаў (130, 342, 361, 368, 369) на пакуль невядомую колькасць гадоў.
Улады ўнеслі яго спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» — як і сотні іншых асуджаных па аналагічных артыкулах, звычайна гэта робіцца за заклікі да пратэстаў супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. Трымаюць яго ў ІК №1 Наваполацка, дзе і Віктара Бабарыку.

Але што б вы думалі — ёсць і Грынкевіч Іван сярод суддзяў, якія штампуюць прыгаворы палітычных зняволеным. Ён старшыня суда Жодзіна, у яго юрысдыкцыі — і жодзінская турма. І менавіта ён на паўторным судзе судзіў Сяргея Ціханоўскага.

27 лютага 2023 года ён прызнаў мужа Святланы Ціханоўскай вінаватым і прызначыў яму ў дадатак да 18 гадоў калоніі яшчэ паўтара года зняволення. Ён быў адным з апошніх, акрамя турэмшчыкаў, людзей, якія бачылі Ціханоўскага. Амаль адразу пасля таго працэсу, з 9 сакавіка 2023 года, Сяргея Ціханоўскага пачалі ўтрымліваць у поўнай ізаляцыі ад свету ў рэжыме інкамунікада.
Зусім іншая доля ў генерала Алекса Грынкевіча, які зрабіў кар'еру ў амерыканскай арміі і цяпер будзе камандаваць самай магутнай вайсковай групіроўкай на еўрапейскім кантыненце.
Прадзед генерала Ілля Грынкевіч жыў у Мінску, а ў канцы ХІХ стагоддзя эміграваў у ЗША. Тады многія беларусы ехалі ў Паўночную Амерыку ў пошуках лепшай долі.
У Нью-Ёрку Грынкевіч змяніў імя на Эліяс і ажаніўся з ураджэнкай Вільні Настассяй Снігерэвіч. Пара жыла ў Брукліне і працавала ў гатэлі. Адным з чатырох дзяцей Эліяса і Настассі быў Мікалай (Нікалас) Грынкевіч, дзед генерала. А яго бацька Грэгары быў вядомым навукоўцам з патэнтамі і вынаходствамі ў сферы паўправаднікоў.
Алексус Грынкевіч служыў у авіяцыі, налётаў больш за 2300 гадзін на знішчальніках, а цяпер ён узначальвае ўпраўленне ў камітэце начальнікаў штабоў.

Іншая доля — але ж тая ж кроў.
Уражвае, наколькі падобныя твары двух Грынкевічаў з, магчыма, «мінскай лініі роду», Алекса і Івана — хоць іншых раздзяляюць як мінімум чатыры пакаленні і столькі іншых генаў. Тыя ж вочы, той жа нос.

Каментары