«Вайна ўсё спіша». Беларускім удзельнікам гей-прайда ў Вільні пагражалі расправай ад імя беларускіх ваяроў за выкарыстанне бела-чырвона-белага сцяга
Падчас Парада роўнасці ў Вільні беларусам, што неслі бела-чырвона-белы сцяг, адміністратарка чата блогера-канспіролага Віруса і яе сяброўка пагражалі фізічнай расправай, спасылаючыся на «наказ ваяроў». Як выявілася, гэта не пустыя словы — за імі стаіць рэальны беларускі добраахвотнік, які цяпер ваюе ва Украіне.

У суботу, 7 чэрвеня, у Вільні прайшоў Балтыйскі прайд (Baltic Pride). Шматтысячны марш прайшоў па галоўнай вуліцы сталіцы Літвы, шэсце скончылася вялікім музычным канцэртам.
Шматлікія сцягі, транспаранты, тыпажы і вобразы, у тым ліку дрэг-квін, стваралі каляровы паток, які цёк па вуліцам Вільні больш за гадзіну. У калоне сярод іншага прайшоў разам з жонкай мэр Вільні Валдас Бянкунскас.

Былі і праціўнікі прайда — некалькі маладзёнаў з літоўскімі нацыянальнымі сцягамі і два тузіны людзей сталага ўзросту з крыжамі і харугвамі з выявай Маці Божай Вастрабрамскай. Людзі ахвотна фатаграфавалі іх на памяць, але з адлегласці, каб не правакаваць канфлікт.

Тым не менш, канфлікт з праціўнікамі ЛГБТ у час Віленскага прайда ўсё ж здарыўся — ён разгарэўся вакол беларускай калоны.
На чале беларускай калоны ўжо традыцыйна ехаў цацачны ружовы аўтазак — ён стаў своеасаблівым беларускім богартам, якога можна перамагчы толькі ператварыўшы яго жахлівы вобраз у камічны. Следам за аўтазакам ішлі беларускія актывісты, праваабаронцы, прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі і проста неабыякавыя да праблем ЛГБТ людзі.

Яны неслі па вуліцах літоўскай сталіцы вялікі нацыянальныя бела-чырвона-белы сцяг. Гэты сцяг стаў прычынай нападак на ўдзельнікаў шэсця і, як сцвярджаюць відавочцы, пагроз расправіцца з усімі датычнымі.
«Ручкі трасуцца? Трэба да псіхіятра звярнуцца»
Ахвярай нападак стала дзяўчына Д., якая расказала «Нашай Ніве» пра тое, што адбылося на прайдзе.
Бліжэй да пачатку марша, калі Д. і яшчэ пара чалавек рыхтаваліся да маршу, да іх падышлі дзве жанчыны. Удзельнікі прайда здолелі апазнаць у іх Іну Трусаву і Алену Пуцыковіч.
Іна Трусава па першай адукацыі лагапед-дэфектолаг, а па другой — сямейны псіхолаг. Яе можна пабачыць у Вільні на мерапрыемствах, якія ладзіць фонд «Дапамога». На адным з такіх мітынгаў у студзені 2024 года Трусава публічна адчытвала Франака Вячорку за нібыта недастатковую інфармацыйную прадстаўленасць беларускіх праблем у свеце.
Другая жанчына, Алена Пуцыковіч, былая палітзняволеная, якая з’ехала з Беларусі ў 2022 года пасля таго як атрымала два з паловай гады хатняй хіміі. Да затрымання яна працавала настаўніцай у Іванаве.
Цяпер Пуцыковіч далучылася да каманды блогера-канспіролага Віталя «Віруса» Кандраценкі, які штодня пляжыць беларускую апазіцыю. Пуцыковіч — адміністратар у чаце канала Кандраценкі пад нікам Бумеранг.

Па словах сведкаў, якія былі побач з беларускай калонай, Трусава спачатку завяла прыязную размову з удзельнікамі шэсця, а Пуцыковіч моўчкі знаходзілася поруч з ёю.
«Робячы выгляд добрай, яна [Трусава] сказала: «Ой, якія вы прыгожыя, малайцы…», а пасля пачала — спачатку з усмешкай — дадаваць:
«Ну не дай бог, вы дастанеце нашы сцягі». Я адказала, што сцяг чакае свайго часу. Тады яна ўзяла мяне за руку, падсунулася да майго вуха і прашаптала: «Слухай сюды, даражэнькая, калі ты гэта зробіш — я цябе ўрыю».
Я так разумею, яна абрала менавіта такі варыянт пагрозы, каб ніхто не чуў і не мог пацвердзіць», — расказвае пра здарэнне Д.
Д. адразу паклікала на дапамогу каляжанку, але Трусава ўжо пачала адмахвацца і сцвярджаць, што яна нічога такога не казала.

«Яна пабачыла мой трэмар — я інвалід з дзяцінства, і рукі трасуцца ў мяне заўсёды — і сказала: «Ой, а што так ручкі трасуцца? Трэба да псіхіятра звярнуцца». Я так разумею, што яна спрабавала ціснуць на стэрэатыпы, быццам людзі з ЛГБТК-супольнасці «хворыя».
Гэта іранічна, бо я проста гетэра, якая падтрымлівае правы людзей, у тым ліку ЛГБТК+», — адзначае Д.
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы АПК Вольга Зазулінская, якая была на прайдзе ў Вільні, адзначае, што Трусава і Пуцыковіч не зразумелі, што маюць справу не толькі з прадстаўнікамі ЛГБТК+, але і з гетэрасэксуальнымі беларусамі, якія прыйшлі падтрымаць іх. І для ўсіх бчб-сцяг — гэта не «маркер» супольнасці, а агульны сімвал нацыянальнай ідэнтычнасці, гонару і супраціву.
Словы Д. пацвярджае актывістка Наста Базар, якая была відавочцам здарэння і падышла да жанчын, калі дзяўчына падала сігнал, што ёй патрэбная дапамога. Яна адразу голасна заявіла, што ўдзельніцы шэсця атрымліваюць пагрозы. У адказ Трусава пачала абурацца: «Яна вар’ятка, яна хлусіць! Ды вы што!»
Базар кажа, што Трусава і Пуцыковіч заявілі, што яны прыйшлі на прайд з «паведамленнем» ад беларускіх ваяроў — маўляў, тыя забараняюць выкарыстоўваць бела-чырвона-белы сцяг. Пасля гэтага яны пачалі здымаць удзельнікаў на відэа, каментуючы: «Давай, здымай — каб потым усіх ідэнтыфікавалі».
Калі беларусы ўсё ж разгарнулі вялікі сцяг, то жанчыны пачалі хадзіць вакол, здымаючы зблізку твары тых, хто нёс яго ў руках, чапляліся да іх. Пасля гэтага ўдзельніцы прайду звярнуліся па дапамогу да мужчын з калоны і да валанцёркі прайду, каб паведаміць, што яны маюць праблему з гэтымі жанчынамі.
Жанчыны не слухалі валанцёрак, таму тыя паклікалі паліцэйскіх, якія ахоўвалі прайд.

Алена Пуцыковіч пачала апраўдвацца перад паліцэйскімі, паказваючы на тэлефоне тое, што яна наздымала. Гэты момант трапіў у стрым Андрэя Павука, які заявіўся на прайд з чырвона-зялёным сцягам. Блогер вырашыў, што гэта правакатарка, якая нешта здымае на свой тэлефон, і паспрабаваў даведацца больш. Гэтым ён прыцягнуў увагу паліцэйскіх, якія, відаць, прынялі яго самога за правакатара.
«А вось гэты правільны сцяг тут. Няхай рэжым пасля паказвае сцягі. Гэты чалавек нічога не парушыў, гэта наш чалавек», — заступілася жанчына за Павука, які трымаў чырвона-зялёны сцяг.
На пытанне Павука, навошта яна размаўляе з паліцыяй, Пуцыковіч адказала, што паведамляе ўсім, быццам людзі з БЧБ-сцягам на прайдзе — гэта правакатары. «Яны робяць усё для прапаганды. Гэта падарунак для прапагандыстаў», — дадала яна.

Пасля канфлікт паўтарыўся, і ўдзельнікі калоны звярнуліся да галоўнай валанцёркі. Трусава спрабавала абараніцца па-руску, але ёй адказалі, што не размаўляюць на мове агрэсара. З-за слабога валодання англійскай яна не змагла данесці сваю пазіцыю. Жанчыну папярэдзілі: калі не спыніць канфлікты, яе выведуць. Пасля гэтага жанчыны адчапіліся ад беларускай калоны і адышлі.
Зазулінская заўважае, што Д. не адзіная, каму ў той дзень пагражалі на прайдзе, падобныя пагрозы гучалі таксама і ў адрас Маргарыты Ворыхавай, яе каляжанкі з АПК: «Вы адкажаце за тое, што сёння тут стаіце са сцягам».
Ворыхава пацвердзіла «Нашай Ніве», што такое мела месца і патлумачыла, чаму ёй важна быць на прайдзе з бел-чырвона-белым сцягам:
«Бел-чырвона-белы сцяг на прайдзе — гэта не пра тэрыторыі, нацыянальнасць ці палітыку. Гэта пра людзей. Пра тых, хто сёння не можа быць тут. Хто жыве ў страху. Хто сядзіць за тое, што яны прадстаўляюць супольнасці. Хто вымушаны хаваць сваю ідэнтычнасць. У Вільні я выйшла не толькі як беларуска, але як чалавек, які верыць у роўнасць. Для мяне прайд — гэта пра салідарнасць».
Меркаванні ўдзельнікаў пра канфлікт вакол сцяга
Беларусы, што сёлета ўдзельнічалі ў прайдзе ў Вільні, былі шакаваныя агрэсіўнымі нападамі — хай пакуль і чыста славеснымі — з боку суайчынніц.
«Калі мы хочам будаваць дэмакратыю і пры гэтым выключаць з яе розныя групы, то мы нічым не адрозніваемся ад лукашыстаў. Мне незразумелая гэтая прыватызацыя на сцяг», — кажа Д.

З ёю згодная і Вольга Зазулінская, якая кажа, што не чула, каб беларускія добраахвотнікі забаранялі несці нацыянальны сцяг на прайдзе.
«Мне гэта падаецца маніпулятыўнай спробай падзяліць людзей. Нацыянальны сцяг належыць кожнаму беларусу, хто адчувае сябе часткай гэтай краіны і змагаецца за яе годнасць», — мяркуе Зазулінская.
Яе пужае, што тое, што за нападкамі стаялі не нейкія невядомыя маргіналы, а знаёмыя ёй прыстойныя людзі.
«Гэта дарослыя жанчыны, з адукацыяй, з вопытам працы з уразлівымі групамі. І менавіта таму тое, што адбылося, выклікае яшчэ большую трывогу. Замест дыялогу мы ўбачылі агрэсію і запалохванне — і гэта непрымальна», — адзначае Зазулінская.

Аднак нападкі і пагрозы не сапсавалі ўдзельнікам прайда агульнага ўражання ад падзеі. Як адзначае Д., людзей, якія разумеюць і падтрымліваюць, было значна больш.
Усё ж пасля здарэння Д. прызнаецца: з’явіўся страх за ўласнае жыццё і здароўе, бо ніколі не ведаеш, калі агрэсары могуць перайсці ад слоў да дзеянняў. Паводле яе слоў, ахвярай гамафобіі можа стаць любы — нават калі не належыць да ЛГБТ-супольнасці, як і яна:
«Не зразумела ж па твары: ты гетэра ці не, але цябе могуць для нападкаў абраць таму што ты па целаскладзе малы, таму што бачаць, што ты не дасі адпор, ну і калі ты тут, то апрыёры ты з «тых самых». Па сутнасці гэта, як кажуць, той самы варыянт — выехаў з Беларусі, але Беларусь не выехала з цябе».
Чат разладу
Гісторыя канфлікту на прайдзе ў Вільні пачалася за некалькі дзён да яго правядзення. 4 чэрвеня тэлеграм-канал «Дапамога» апублікаваў допіс, у якім фонд запрашаў беларусаў прыняць удзел у Парадзе роўнасці, каб нагадаць пра праблемы прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, на якіх у Беларусі аказваецца дадатковы ціск, і падтрымаць адно аднаго.

Допіс аказаўся самым гарачым на канале за апошнія некалькі гадоў, у чаце канала адкрылася апраметная: з’явілася больш за дзве сотні каментароў, большасць якіх называла злачынствам, апаганьваннем і дыскрэдытацый сімвала тое, што нацыянальны сцяг панясуць на прайдзе.
Меншая частка каментатараў выступала супраць прыўлашчвання сцяга. Сярод іх была і кіраўніца фонду Наталля Калегава, якая нагадала, што кожны беларус мае права на сцяг, а сярод палітвязняў, на меркаванне якіх спасылаліся яе апаненты, доля прадстаўнікоў ЛГБТ не менш, чым у цэлым па грамадстве.
Сярод соцен допісаў пад публікацыяй было нямала і тых, што пакінулі ўжо вядомыя нам Іна Трусава і Алена Пуцыковіч.

«Пытанне не пра гамафобію. А пра тое, што знаходзячыся ў вымушанай эміграцыі расце самасвядомасць! І каштоўнасць галоўнага наша сімвала — сцяга! Няма гамафобіі ў тым, што сімвал нашых продкаў, якія аддавалі жыццё за Радзіму, ваяроў, якія зараз ва Украіне, палітвязні, якія за кратамі… Гэта — іх душа і сэрца. Гэта наша душа і сэрца. Гэта Сцяг Радзімы. А не сімвал выбару партнёра ці партнёркі.
Калі ласка, давайце не будзем сварыцца. А з павагай будзем ставіцца да нацыянальных каштоўнасцяў!!! Кожны абірае свой сэксуальны шлях. І ёсць свае колеры ў гэтым аб’яднанні. Выкарыстоўваць іх ніхто не забараняе», — мяркуе Трусава.

Алена Пуцыковіч апублікавала ў чаце канала відэа, якое яна зняла на прайдзе, зблізку здымаючы твары тых, хто трымаў бела-чырвона-белы сцяг, каб апазнаць іх.
«Малайцы, дапаможны сцяг прынеслі на прайд. Усе, хто нёс, зафіксаваны. Вас жа прасілі па-чалавечаму. І ваяры прасілі», — такім допісам Пуцыковіч суправадзіла сваё відэа.

«Наказ ваяроў»
Можна заўважыць, што абедзве жанчыны не аднойчы, каб надаць сваім словам больш вагі, спасылаюцца на нейкіх неназваных беларускіх ваяроў, якія быццам забаранілі выкарыстоўваць бела-чырвона-белы сцяг на гей-прайдах.
Як расказалі нам самі ўдзельнікі беларускай калоны, у тым самым чаце «Дапамогі» раней было апублікавана галасавое паведамленне ад ваяра з нікнэймам «Сенат», якое змяшчала пагрозы за выкарыстанне сцяга на маршы. Цяпер паведамленне выдалена, але яго запіс маецца ў распараджэнні «Нашай Нівы».
«Тут нехта прыводзіць прыклад, што сцягі краін Балтыі ёсць на гей-парадах. Глядзіце: калі ў гэтых краінах не хапае ваярскага духу — каб ваяры прыйшлі і сказалі, што пад гэтым сцягам гінулі байцы, і забаранілі яго выкарыстанне на гей-парадзе — гэта іх асабістыя праблемы.
Я як прадстаўнік беларускіх ваяроў і сам беларускі ваяр, кажу: кожны, хто выкарыстае беларускі сцяг, зроблены крывёй (калі вы памятаеце легенду яго стварэння), пад якім пахавана вялікая колькасць нашых ваяроў, — мусіць ведаць: толькі маіх пабрацімаў больш, чым у вас пальцаў на руках і нагах. А колькі ўсяго беларускіх ваяроў загінула і за гэтую вайну, і за мінулыя — не злічыць.
Кожны, хто выкарыстае з гэтага моманту на гей-парадзе гэты сцяг, будзе задакументаваны. Гэта будзе ўсё закінута ў архіў і ў будучыні кожнаму з вас будзе адплачана. Я вам абяцаю.
Калі вы думаеце, што я проста піз*абол, то можаце проста запытаць хто я, што я, дзе раней служыў, якую маю спецыялізацыю, адукацыю і якія ў мяне метады.
Вайна ўсё спіша. Мы зараз удзельнічаем у Трэцяй сусветнай вайне. Вам там у вашых цёплых Вільнях пра гэта не вядома. Дык вось тут, ва Украіне, гэта ўсім вядома.
І вайна ўсё спіша — усе нашы метады вайна спіша. Як калісьці «Масаду» ўсё прабачылі за тое, што ён караў тых, хто забіваў і здзекаваўся з габрэяў, з іхніх традыцый, каштоўнасцяў. Так і мы будзем караць тых, хто здзекуецца з беларускіх каштоўнасцяў, з беларускага сцяга, з беларускіх ваяроў і гэтак далей», — гаворыць у галасавым паведамленні «Сенат».

Узгадваючы пра гісторыю Другой сусветнай, «Сенат» замоўчвае, што нацысты з такой самай жорсткасцю знішчалі не толькі габрэяў, але і гомасэксуалаў. Іх пазначалі ружовымі трыкутнікамі, саджалі ў канцлагеры і масава забівалі.

Варта адзначыць, што «Сенат» — гэта не нейкі інтэрнэт-персанаж, а рэальны чалавек, які не хавае сваёй асобы і праявіў асаблівую мужнасць у час вайны, абараняючы Украіну.
Пад пазыўным «Сенат» ваюе 32-гадовы Раман Яроменка, які раней служыў у Сілах спецыяльных аперацый Беларусі і ў Французскім замежным легіёне. З 2022 года ваюе ва Украіне, цяпер — аператар цяжкага дрона «Вампір» у тактычнай групе Крыўцова ў складзе інтэрнацыянальнага легіёна галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны.
Менавіта на яго меркаванне спасылаюцца Іна Трусава і Алена Пуцыковіч, калі гавораць пра «наказ ваяроў» не выкарыстоўваць бела-чырвона-белы сцяг і вырашылі зафіксаваць удзельнікаў беларускай калоны на прайдзе.
Як бачым, тэма права ЛГБТ на публічную прысутнасць усё яшчэ моцна падзяляе беларусаў і выклікае палкія дыскусіі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары