Грамадства22

Затрыманні ў 2020-м, арышт у 2024-м, эміграцыя ў 2025-м. Гісторыя 21-гадовага беларускага «тэрарыста»

На свабоду з калоніі «Воўчыя норы» выйшаў 21-гадовы Аляксей Мазука, якога асудзілі за допісы ў дваровым чаце, пакінутыя там у 16-гадовым узросце. «Свабода» паразмаўляла з ім.

4 пратаколы за лета 2020-га

Летам 2020 году Аляксею Мазуку было 16 гадоў, ён толькі перайшоў у 11-ы клас. У чэрвені таго году ля сталічнага Камароўскага рынку альтэрнатыўныя дзейнаму прэзідэнту кандыдаты ладзілі шматлікія перадвыбарчыя пікеты, на якія хадзіў Аляксей. Там было шмат ціхароў з сілавых структураў, якія здымалі пікеты на відэа, і юнака даволі хутка вылічылі, узгадвае ён у размове з «Свабодай». Аляксей быў непаўналетнім, таму ў Заводскае РУУС яго выклікалі разам з маці. Там на хлопца склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

«Жанчына-міліцыянтка гаварыла, што я на пікеце «крычаў у процівагазе». Маё фота трапіла тады на сайт Deutsche Welle, магчыма, яшчэ і з гэтай прычыны міліцыя ўзбудзілася. Паколькі мне было толькі 16 гадоў, паставілі на ўлік ў інспекцыю ў справах непаўналетніх.

Летам мяне яшчэ раз затрымалі, я быў на ровары, склалі трэці пратакол, нібыта я не спешыўся на пераходзе. І чацвёрты адміністрацыйны пратакол я атрымаў 10 жніўня. Прычым мы не збіраліся ні на якую акцыю, у сяброўкі быў дзень народзінаў. Схадзілі ў кавярню, потым паехалі на Грушаўку, збочылі ў двары. У мяне выпадкова аказаўся сцяг, я яго накінуў на спіну. А ў гэты час у двары пабеглі людзі з праспекту, бо прыехаў АМАП. Мяне скруцілі і да раніцы пратрымалі ў міліцыі. На наступны дзень выклікалі маму, яна мяне забрала. То бок за лета 2020-га я зарабіў ажно 4 пратаколы», — апавядае юнак.

Браты Пачобуты і Deviation

Аляксей прызнаецца, што 16-гадовыя вучні паралельнага лінгвістычнага класа летам 2020-га таксама хадзілі на акцыі пратэсту. А ягоныя пратэсныя настроі сфармаваліся пад уплывам альтэрнатыўнай музыкі — з дзяцінства захапляўся панк-рокам, вельмі любіў творчасць братоў Пачобутаў — Стаса і Анджэя, іх гурт Deviation.

Перад пачаткам новага навучальнага году Аляксей атрымаў папярэджанне пракуратуры. Маўляў, пасля пятай адміністрацыйнай справы яго адправяць у спецыяльную школу для малалетніх злачынцаў. У школе яго прасілі забраць дакументы з апошняга класа, Аляксей адмовіўся. Па ягоных словах, тады ж завуч па выхаваўчай працы склала вельмі шчыльны расклад пазашкольнай занятасці, каб у адзінаццацікласніка не заставалася вольнага часу.

Школу Аляксей паспяхова скончыў, паступіў у прафесійна-тэхнічны каледж мантажных і пад’ёмна-транспартных работ. Там хлопец ладзіў панк-акцыі.

«Перад рэферэндумам у лютым 2022-га да нас у каледж прыслалі нейкую жанчыну з БРСМ, мы яе проста «расстралялі» вострымі пытаннямі, і яна літаральна збегла. Аднойчы, калі я быў на бальнічным, тэлефануе куратар: маўляў, трэба прыйсці на мерапрыемства ў Палац спорту. Я пятым пунктам адчуваю: штосьці тут не так. На галаве стаўлю «шыпы свабоды», надзяю чырвоныя штаны ў клетку — усё як трэба ў панк-року. З прыступак тэлефаную куратару, маўляў, «я на падыходзе, выходзьце, сустракайце мяне з квітком». Тут падлятаюць два амапаўцы, я яшчэ быў на сувязі з куратарам, званіў яму з дапамогай слухавак. З міліцыянтамі адбыўся такі дыялог:

— Ты куды?

— На мерапрыемства з каледжу запрасілі.

— У такім выглядзе???

— Я і сам туды не вельмі хачу.

— Ну і п**** на х**!

Куратар усё чуў — мяне больш у каледжы нікуды не запрашалі», — узгадвае Аляксей.

«Больш за ўсё мне спадабалася на Валадарцы»

Да пачатку 2024 году Аляксея Мазуку не чапалі. Ён скончыў каледж, уладкаваўся на працу. Але 17 студзеня да яго ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу: нібыта на хлопца заведзеная крымінальная справа паводле 342-га (удзел у масавых мерапрыемствах) і 361-га артыкулаў КК— за перапіску ў раённым чаце, калі людзі выходзілі на дваровыя акцыі.

Хлопец расказвае, што спачатку яго завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, дзе пратрымалі 5 дзён. Потым перавялі на Валадарку. Але СІЗА № 1 хутка закрылі, а вязняў развезлі па іншых установах. Аляксея на паўтара месяца перавялі ў Жодзінскую турму, а потым у новы СІЗА ў Калядзічах.

«Усяго ў розных СІЗА я правёў 8 месяцаў. Больш за ўсё мне спадабалася на Валадарцы — там атмасфера старога замку, а ў Калядзічах было больш сумна. Але паводле 342-га артыкулу на мяне нічога не накапалі. Застаўся толькі адзін 361-ы артыкул — за перапіску ў дваровым чаце. Я напісаў увосень 2020 году: «Іншага выйсця, акрамя вуліцы, няма. Я за радыкалізацыю пратэстаў, дыверсіі ў дачыненні спецтэхнікі і асабістай маёмасці», — кажа Аляксей.

Асудзіла Мазуку суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Ананіч, працэс прайшоў хутка. 15 ліпеня 2024 году яна прызначыла хлопцу 2 гады калоніі.

«У 2020 годзе я быў «малалеткам», таму прысуд даволі мяккі — 2 гады. Да таго ж, паколькі я быў непаўналетнім на момант здзяйснення злачынства, мне залічылі дзень знаходжання ў СІЗА за два, а не дзень за паўтара, як звычайна. Пашанцавала. Так і не зразумеў, на якіх падставах мяне ўключылі ў спіс «тэрарыстаў» КДБ», — кажа юнак.

Малады «тэрарыст»

У спісе «асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» ад КДБ Аляксей Мазука апынуўся пад нумарам 1258. Ён там адзін з самых маладых. Мазука нарадзіўся ў 2003-м, крыху маладзейшы — 2004 году нараджэння — толькі Аляксандр Бранавіцкі, асуджаны паводле 130-га артыкулу КК. На гэты момант у лукашэнкаўскім «тэрарыстычным спісе» 1286 чалавек, з іх 592 — беларусы.

Адбываў пакаранне Аляксей Мазука ў папраўчай калоніі №22 «Воўчыя норы» каля Івацэвічаў. Як і ўсіх «палітычных», пасля карантыну яго змясцілі ў ШЫЗА і прызналі «злосным парушальнікам». На «промцы» (вытворчасці) працаваў у ангары, дзе скалочваюць драўляныя паддоны. З вядомых асобаў Мазука перасякаўся ў «Воўчых норах» з удзельнікам «прэзідэнцкага пулу» Дзмітрыем Семчанкам, музыкам гурту Tor Band Аляксеем Ярэмчыкам.

«Адміністрацыя больш жорстка ставіцца да палітычных, чэпяцца да розных дробязяў, іх стражэй караюць… Але тыя, хто даўжэй сядзіць, апавядалі, што раней было больш сурова», — расказвае Аляксей.

16 мая Аляксей Мазука цалкам адбыў свой тэрмін. Яму адносна «пашанцавала» — вызваліўся без нагляду, толькі з прафілактычным улікам, але з статусам «тэрарыста».

«Калі я пайшоў станавіцца на ўлік у міліцыю, зразумеў, што буду вымушаны хадзіць туды штодзень. Купіў SIM-карту, яна працавала два дні — і ў мяне адключылі сувязь. У банку я не змог адкрыць рахунак, таксама не здолеў зрабіць даверанасьць на машыну. Аўтамабіль мой, можна сказаць, адціснулі. Не мог нават медыцынскую страхоўку зрабіць — «тэрарыстам не паложана». Трэба было хутка з'язджаць, пакуль не паспелі абмежаваць выезд з краіны. Дзякуючы аператыўнасці фонда BySol мне пашчасціла даволі хутка пакінуць Беларусь», — кажа Аляксей Мазука.

Цяпер ён у бяспецы, пачынае наладжваць новае жыццё ў чужой краіне.

Каментары2

  • Морфеус
    27.05.2025
    Лукашистское [Рэд. Выдалена] во всей красе.
    Уже в детских лет запугивают, прессуют.
    С детских лет делают так чтобы человек вырос безропотным, безвольным рабом.
    Что ждёт такую страну, с таким населением?

    [Зрэдагавана]
  • Жыгуль
    27.05.2025
    Добра што паспеў з'ехаць, там бы ўжо жыцця не далі. Хай шчасціць у новай краіне!

Цяпер чытаюць

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка2

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка

Усе навіны →
Усе навіны

«Анёл» шукае чалавека, які знік больш чым чвэрць стагоддзя таму

Віцэ-прэм'еры атрымаюць дадатковыя паўнамоцтвы1

Мядзведзю не дала прайсці з Літвы ў Беларусь памежная сцяна ВІДЭА

Лукашэнка паскардзіўся Пуціну, што ўсю беларускую бульбу прадалі ў Расію14

Праект «Жыццё-маліна» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем3

Пасол Беларусі ў Турцыі абвергнуў інфармацыю пра знікненне беларускі з малым сынам

На ўсходзе Кітая адбыўся магутны выбух на хімічным заводзе

Настаўніца з запраўкі ў Вілейцы расказала, чаму пайшла са школы6

У Беларусі дабудавалі самы высокі ў краіне панэльны дом. І знаходзіцца ён не ў Мінску2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка2

Валанцёр «Вясны» Чапюк расказаў, як яго затрымаў ГУБАЗіК адразу на выхадзе з калоніі і як дапытвалі пра Міколу Дзядка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць