«Вы ж разумееце, што мы ад вас не адчэпімся». Як улады прымушаюць прыватныя кампаніі завесці ідэолагаў
Як стала вядома выданню «Люстэрка», па прыватных кампаніях Мінска выканкамы рассылаюць лісты з патрабаваннем даць справаздачу аб наяўнасці ў штаце ідэолагаў. Журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў чыноўнікам і даведаўся, якія наступствы чакаюць за адмову ад увядзення гэтай пасады.

Адзін з такіх лістоў 4 жніўня прыйшоў у кампанію, дзе працуе Сяргей (імя змененае). У ім — патрабаванне даць інфармацыю пра супрацоўніка, які курыруе ў арганізацыі пытанні ідэалагічнай работы: характарыстыка, даведка-аб'ектыўка, кантактныя звесткі. Адказ трэба накіраваць ва ўпраўленне па ідэалагічнай рабоце выканкама раёна Мінска. Характэрна, што ў дакуменце пазначаны тэрмін — да 1 жніўня 2025 года.
«Па-першае, дзіўна, што ліст атрыманы сёння, а даць справаздачу пра выкананне павінны былі яшчэ ў мінулую пятніцу, — смяецца Сяргей. — Па-другое, зусім не можам зразумець, што гэта наогул такое — работнік, які курыруе пытанні ідэалогіі».
Між тым у лісце гаворыцца, што гэта патрабаванне дырэктывы № 12 Аляксандра Лукашэнкі «Аб рэалізацыі асноў беларускай дзяржавы». Дакумент палітык падпісаў яшчэ ў красавіку, але некаторыя яго палажэнні ўступілі ў сілу толькі 9 ліпеня гэтага года.
Адно з іх — гэта пункт аб неабходнасці ідэолагаў нават у прыватных арганізацыях. Узгадняць кандыдатуры трэба ў выканкамах (калі ў кампаніі працуе больш за 600 чалавек) і раённых адміністрацыях (калі менш за 600).
«Пакуль нашы юрысты думаюць, што з гэтым рабіць, але ідэй у нас зусім мала, — прызнаецца Сяргей. — Ніхто з дзейных супрацоўнікаў стаць ідэолагам не хоча, а наняць асобнага чалавека для такой працы мы не можам — проста няма лішніх грошай на яшчэ адзін заробак».
Што кажуць чыноўнікі?
Журналіст «Люстэрка» пад выглядам кіраўніка прыватнага прадпрыемства патэлефанаваў ва ўпраўленне ідэалагічнай работы адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Там пацвердзілі, што такія лісты рассылаюць па прыватных арганізацыях сталіцы.
— Мы атрымалі ліст толькі сёння, але адказаць павінны былі да 1 жніўня. Нас пакараюць? — спытаў журналіст.
— Нічога страшнага, можаце даслаць адказ на гэтым тыдні, — адказала галоўная спецыялістка ўпраўлення Аляксандра Рагуцкая.
— Калі няма каго прызначаць з нашага штата, то мы павінны наняць новага супрацоўніка?
— Ну чаму? Гэта можа быць дырэктар, хтосьці з яго намеснікаў. Начальнік кадраў таксама можа быць.
— А калі яны не хочуць?
— Вы сам кіраўнік ці кадравік?
— Я кіраўнік.
— Вось сябе і прапануйце, значыць. Ёсць такія арганізацыі, у якіх у ролі ідэолага выступае непасрэдна сам кіраўнік.
— Потым мне трэба будзе перад вамі трымаць справаздачу аб праведзенай ідэалагічнай работы?
— Глядзіце, вы нам падаеце дакументы, мы вас запрашаем на сумоўе з намеснікам кіраўніка адміністрацыі, які непасрэдна курыруе сацыяльную сферу. Пасля гэтага пачынаем з вамі працаваць адносна мерапрыемстваў, сустрэч вашага працоўнага калектыву з кіраўніцтвам адміністрацыі і гэтак далей.
— Скажыце, гэта абавязкова? Вы спасылаецеся на дырэктыву, але гэта ж не ўказ.
— Так, дырэктыва — гэта не ўказ. Яна не абавязковая да выканання. Але ў любым выпадку, дзейнічае ўказ № 111 (насамрэч ён страціў сілу пасля таго, як запрацавала дырэктыва № 12 «Аб рэалізацыі асноў беларускай дзяржавы». — Заўв. «Люстэрка»). У ёй выразна пазначана, што за ідэалагічную работу ў працоўным калектыве адказвае непасрэдна сам яго кіраўнік. Гэта значыць у любым выпадку такі супрацоўнік у вас павінен быць.
— Якая адказнасць за адмову?
— Штрафу не прадугледжана, але, тым не менш, вы ж разумееце, што мы ад вас не адчэпімся, — рэзюмавала чыноўніца.
Галоўны ідэолаг Беларусі знайшоў у краіне «псеўдапатрыятычныя ячэйкі» і заклікаў да змагання з імі «адзіным баявым кулаком»
Рэчыцкія прапагандысты апалчыліся на лялек Лабубу
Хто тыя людзі, якімі запоўнілі Нацыянальны футбольны стадыён пры яго адкрыцці?
«Алё, ідэолагі, вы там зусім ку-ку?»: беларус абурыўся шалёным коштам папяровага чырвона-зялёнага сцяжка
У Гомелі школьнікаў трымалі 1,5 гадзіны на вуліцы, каб яны паглядзелі савецкі ваенны фільм. Тэмпература — 7 градусаў
Каментары