Літаратура11

Дзень не такога і чужога жыцця вачыма журналіста-шпіёна

Рышард Капусцінскі — легендарны журналіст. І разведчык. І ўраджэнец Пінска. Ён прэтэндаваў на Нобелеўскую прэмію, але не паспеў яе атрымаць. Яго кніга «Яшчэ адзін дзень жыцця» па-ранейшаму фантастычна цікавая. У 1976 годзе ён піша так, што ў 2025-м ты не можаш адарвацца, адзначае Зося Лугавая. 

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Капусцінскі ўласнымі вачыма — як журналіст і, гэта высветліцца праз 17 гадоў пасля падзення камуністычнага рэжыму, як агент вайсковай разведкі Польскай Народнай Рэспублікі — сачыў за сітуацыяй у Афрыцы з пачатку дэкаланізацыі і вызваленчых рухаў і да 90-х гадоў. Кніга «Яшчэ адзін дзень жыцця» — гэта першыя месяцы грамадзянскай вайны ў Анголе, на фоне якіх краіна атрымала незалежнасць ад Партугаліі.

Здавалася б, 70-я гады, вайна, Афрыка — усё гэта даволі далёка, каб зачапіць і ўразіць нас ў ХХІ стагоддзі. Але Капусцінскі, без перабольшвання, геніяльны аўтар. У 1976 годзе ён піша так, што ў 2025-м ты не можаш адарвацца. Гэта і журналістыка, і літаратура, і філасофскае разважанне. А яшчэ гэта яркі, дынамічны, сучасны тэкст. 

Рышард Капусцінскі — непасрэдны ўдзельнік драматычных эпізодаў у гісторыі краін Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі. Ён назіраў, як яны перажывалі дзяржаўныя перавароты, рэвалюцыі, войны і крызісы. Але на першым плане ў Капусцінскага заўсёды не палітыка і вайна, а звычайны чалавек. «Немагчыма пісаць пра людзей, з якімі ты не перажыў хоць бы каліва таго, што перажываюць яны», — скажа аўтар у «Яшчэ адным дні жыцця».

Капусцінскі шмат расказвае пра вельмі простых людзей. Напрыклад, пра пакаёўку сталага веку, дону Картажыну, што працавала ў гатэлі ў Луандзе, дзе ён жыў. Пра недасведчаных жаўнераў, часам, зусім юнакоў. Адзін з іх кажа, што хоча вучыцца маляваць, але спярша вымушаны пайсці на фронт, бо потым яго абяцаюць адправіць у школу. Пра 86-гадовую кабету, якая не разумее, што адбываецца ў краіне, але працягвае пячы хлеб, як і ўсё сваё жыццё. Першы прэзідэнт Анголы — Агустыньё Нэту — узнікне на старонках кнігі значна пазней. Аказваецца, Капусцінскі быў з ім някепска знаёмы, некалькі разоў браў інтэрв’ю, але расказвае пра гэта сярод іншых ангольскіх гісторый. 

Дарэчы, першы прэзідэнт Анголы быў доктарам і паэтам. Найбліжэйшымі паплечнікамі гэтага марксіста таксама былі паэты — Вірыяту да Круш і Марыё дэ Андрадэ. «З’яўленне вызваленчага руху ў Анголе — справа рук гэтых трох паэтаў», — адгукаецца чымсьці знаёмым. 

У кнізе Ангола ў стане хаатычнай, неарганізаванай грамадзянскай вайны. Спачатку даволі складана разабрацца ў тым, хто з кім ваюе, які ў гэтым удзел партугальцаў, краін НАТА, кубінскіх жаўнераў. Можна даверыцца тэксту (паступова сітуацыя праясніцца), альбо адразу прачытаць апошні раздзел: «Ангола ад А да Я». Там Капусцінскі сцісла расказвае пра ключавыя этапы ў гісторыі Анголы, племянную структуру, шматрасавасць краіны і тры асноўныя рухі ў грамадзянскай вайне — Народны рух за вызваленне Анголы (MPLA), Нацыянальны фронт вызвалення Анголы (FNLA) і Нацыянальнае аб’яднанне поўнага вызвалення Анголы (UNITA). 

Фронт у традыцыйным уяўленні ў той вайне адсутнічаў. Ангола — вялікая краіна, займае 7-е месца на кантыненце, з на той момант не вельмі вялікай колькасцю насельніцтва. Тады ў вялізнай краіне жыло ўсяго каля 5 мільёнаў. Паміж аазісамі, дзе ёсць пітная вада, можа быць некалькі сотняў кіламетраў. А калі няма вады, то і фронта там быць не можа. «Тут фронт усюды і нідзе. Гэтая зямля занадта вялікая, а людзей тут занадта мала, каб існаваў лінейны фронт. Гэта дзікі і неарганізаваны свет, з ім цяжка суіснаваць».

Адзін з дасведчаных жаўнераў, моцна стомлены камандантэ Нгозі, які працягвае зацята змагацца, скажа: «Гэта краіна, дзе вайна цягнецца пяцьсот гадоў, з тагу часу, як сюды прыйшлі партугальцы. Ім былі патрэбныя нявольнікі на продаж, на экспарт у Бразілію, на Карыбы, наогул за акіян. З усёй Афрыкі Ангола паставіла на той кантынент найбольшую колькасць нявольнікаў. Таму нашу краіну называюць чорнай маці Новага свету. Палова бразільскіх, кубінскіх, дамініканскіх сялян мае продкаў з Анголы. Некалі гэта была людная, заселеная краіна. А потым зрабілася пустой, нібыта праз яе прайшоў мор». Ён жа скажа і іншае, кароткае, але глыбокае: «Столькі пакуты, каб быць вольным».

Рышард Капусцінскі бачыў розныя войны. Таму ягоныя выказванні пра вайну такія ёмістыя. Калі я чытала іх, то не магла не думаць пра навіны апошніх месяцаў, у якіх палітыкі дазваляюць сабе легкадумныя выказванні пра вайну, пра якую яны быццам маюць уяўленне, таму што бачылі сторыз у сацсетках. 

«…вобраз вайны неперадавальны. Ні пяром, ні голасам, ні камерай. Вайна з’яўляецца рэальнасцю толькі для тых, хто знаходзіцца ў яе скрываўленым, агідным, брудным нутры. Для іншых — гэта старонка кніжкі, карцінка на экране, больш нічога».

У кнізе багата разважанняў аўтара. Але не толькі пра сваё ўспрыманне падзеяў і свае эмоцыі. Капусцінскі зазірае глыбока ў ангольскую душу. Настолькі глыбока, наколькі яму дазваляе жыццёвы досвед і веданне мовы. Напрыклад, ён даволі падбрабязна расказвае пра confusão — спецыфічны стан разгубленасці і дэзарыентацыі, які здараецца з ангольцамі. Гэта тое, што не могуць зразумець еўрапейскія журналісты, калі на некалькі дзён прыязджаюць зрабіць рэпартажы пра падзеі ў Анголе. Яны не могуць знайсці нікога, хто б мог сказаць нешта ўцямнае. А тыя, хто можа, на пытанне «што цяпер адбываецца?» адказваюць толькі адно: confusão.

«Confusão — гэта слова-ключ, слова-сінтэз, слова-ўсё… Гэта сітуацыя, якую стварылі людзі, але ў працэсе страцілі над ёй кантроль і панаванне, зрабіўшыся ахвярамі confusão. У confusão прысутнічае нейкі фаталізм». 

Але пры ўсёй, падавалася б, безнадзейнасці і складанасці сітуацыі, аўтар знаходзіць тое, на што можна абаперціся, каб вытрываць усе выпрабаванні. Некаторыя пасажы ў кнізе — чыстая псіхатэрапія. Асабліва калі прачынаешся раніцай і ў навінах чытаеш, што ў свеце пачалася чарговы ўзброены канфлікт: 

«Нават калі нас атачае акіян зла, з яго будуць выступаць зялёныя і ўрадлівыя выспачкі. Іх відаць, яны на даляглядзе. Нават найгоршая сітуацыя, калі мы апынаемся ў ёй, раскладаецца на асноўныя элементы, і сярод іх будуць такія, за якія можна ўхапіцца, як за галінку куста, што расце на беразе, каб супрацьстаяць вірам, якія зацягваюць на дно». 

Адзін з самых яркіх, на мой погляд, момантаў у кнізе і даў ёй назву. Яго і цяпер можна зрабіць лозунгам на кожны дзень. Бо ўжо відавочна, што чалавецтва вельмі павольна робіць высновы, калі ўвогуле робіць. І напісанае паўстагоддзя таму ўсё яшчэ можа быць актуальным:

«Нэльсан раптам спыніўся, выпрастаў плечы і сказаў: «Яшчэ адзін дзень жыцця». Бо цяпер дарога да самай Бенгелы была свабоднай. І ён пачаў рабіць гімнастыку, і мы ўсе разам з ім». 

Рышард Капусцінскі. Яшчэ адзін дзень жыцця. — Кракаў: Гутэнберг-паблішэр, 2024. Пераклаў з англійскай Яўген Саляйчук

Каментары1

  • Цікава, пачытаю
    15.05.2025
    Дзякую!

Цяпер чытаюць

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны10

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны

Усе навіны →
Усе навіны

У Крыме ўпершыню знішчаны два расійскія самалёты-амфібіі Бе-12 — ГУР

Міністр абароны Ізраіля: Палесцінскай дзяржавы ніколі не будзе10

«Не можам трапіць у Беларусь». Утварылася чарга на латвійскай мяжы, аўтобусы стаяць з вечара4

На вайне загінуў польскі паліцэйскі, які ваяваў на баку Расіі5

«Ты села ў турму і не падумала пра мяне». Ларыса Шчыракова пра пачуццё віны перад сынам4

Кіраўнік БРСМ стаў галоўным ідэолагам Мінска4

Будаўніцтва метро ў Шабаны палічылі немэтазгодным?

Сталі вядомыя новыя дэталі ў маштабнай справе арганізатараў канцэртаў5

Пашырэнне метро, знос старой забудовы. Падвялі вынікі абмеркавання новай рэдакцыі генплана Мінска1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны10

Былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло прызнаў, што набраў хабараў на $2 мільёны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць