Сэкс-цацкі і DHL: як Расія з дапамогай блатных разгортвала дыверсійную сетку ў Еўропе
Эксклюзіўны рэпартаж The Guardian раскрывае раней неапублікаваныя падрабязнасці дзейнасці сеткі кур'ераў у шэрагу еўрапейскіх краін і расказвае пра тое, як спецслужбы спрабавалі іх спыніць.

У 2024 годзе Еўропа апынулася ў цэнтры незвычайнай і патэнцыйна катастрафічнай дыверсійнай аперацыі. У пасылкі з сэкс-цацкамі і касметыкай закладалі запальныя прылады. Расследаванне журналістаў брытанскага выдання The Guardian Пятра Саўэра (Pjotr Sauer) і Шона Уокера (Shaun Walker) раскрывае новыя факты пра меркаваную расійскую агентурную сетку, што дзейнічала ў некалькіх краінах.
У цэнтры гэтай гісторыі — уцякач з Расіі Аляксандр Безрукавы, група кур'ераў, якія атрымлівалі аплату ў крыптавалюце, і ананімныя каардынатары, што дзейнічалі праз Telegram.
Уцёкі з Расіі
44-гадовы Безрукавы родам з Растова-на-Доне. Паводле расійскіх судовых дакументаў, ён не раз прыцягваўся да адказнасці: за захоўванне зброі, рабаванні, крадзяжы і наркатычныя злачынствы. У 2019 годзе яго абвінавацілі ў прыналежнасці да арганізаванай злачыннай групы, але ён паспеў уцячы — спачатку ва Украіну, а ў лютым 2024 года — у Малдову.
Паводле звестак The Guardian, ужо ў маі 2024 года мужчына трапіў у Шэнгенскую зону праз Харватыю. Пазней атрымаў дазвол на жыхарства ў Іспаніі дзякуючы фіктыўнаму шлюбу з украінкай, хоць у Расіі ў яго засталася жонка Наталля.
«Ён не мог вярнуцца ў Расію, бо быў там у вышуку, таму заставаўся ў Еўропе і чакаў, пакуль Масква здыме абвінавачванні», — расказала Наталля ў тэлефонным інтэрв'ю.
З Іспаніі ён пераехаў у Варшаву і пасяліўся разам са сваім знаёмым з Харкава Вячаславам Чабаненкам па мянушцы «Пончык», які таксама меў крымінальнае мінулае. Там жа ён пасябраваў з Сяргеем Яўсеевым з Луцка.
«Падпрацоўка»
Улетку 2024 года мужчыны пачалі шукаць падпрацоўку праз расейскамоўныя Telegram-каналы. Там яны і знайшлі групу VWarrior, за якой, паводле польскіх уладаў, стаяў супрацоўнік ГРУ.
Кіраўнік дасылаў ананімныя паведамленні з прапановамі кур'ерскіх заданняў: трэба было перавозіць скрынкі з горада ў горад за сотні даляраў.
Блізкі знаёмы Безрукавага па імені Кірыла (імя зменена, бо мужчына хаваецца ў трэцяй краіне па-за межамі Еўропы і Расіі) паведаміў The Guardian новыя падрабязнасці. Паводле яго, змесціва пасылак выглядала абсалютна выпадкова: «сэкс-цацкі з Кітая, вібратары, змазкі, касметыка… здавалася, гэта была нейкая лухта».
Сувязь і каардынацыя ішла праз Telegram: VWarrior дасылаў спісы тавараў, якія трэба было набыць і спакаваць. Па словах Кірылы, у VWarrior было некалькі акаўнтаў з варыяцыямі назвы — усе з выкарыстаннем слова warrior («ваяр»).
Большасць пасылак мужчыны перавозілі ўнутры Польшчы і Літвы, але як мінімум двойчы атрымлівалі загад адправіць іх праз DHL. Усе разлікі ішлі крыптавалютай.
Выбухі па ўсёй Еўропе
У ліпені 2024 года адбыліся тры выбухі пасылак — у Бірмінгеме (Вялікабрытанія), Ляйпцыгу (Германія) і каля Варшавы (Польшча). Усе яны былі адпраўленыя праз DHL з Літвы. Еўрапейскія службы бяспекі адразу западозрылі, што за інцыдэнтамі стаіць расійская разведка. Яны адбыліся на фоне шэрагу іншых варожых дзеянняў, у тым ліку падпалаў, кібератак, крадзяжу даных і нападаў на падводныя кабелі.
Вырашальнай аказалася чацвёртая пасылка, адпраўленая з Вільні іншым членам сеткі Безрукавага — украінцам Уладзіславам Дзеркаўцом. У адрозненне ад іншых, пасылка не ўзарвалася на складзе ў Варшаве, што дазволіла следчым прааналізаваць яе змесціва.
Па наяўнай інфармацыі выбуховыя прылады ўнутры пасылак былі абсталяваныя таймерамі, сабранымі з таннай кітайскай электронікі — такой, якую звычайна выкарыстоўваюць у бірульках для пошуку страчаных рэчаў. Гэтыя таймеры запускалі ўзгаранне ў загадзя зададзены час.
Вонкава прылады былі замаскаваныя пад звычайную касметыку: цюбікі, падобныя да крэму ці гелю. Насамрэч яны былі напоўненыя ўзгаральным гелем, у складзе якога быў, у прыватнасці, нітраметан — хімікат, здольны моцна ўзмацняць сілу агню або выбуху.
The Guardian публікуе фота змесціва адной з пасылак, якую выданню перадаў адзін з удзельнікаў схемы. Гэта першая выява падобнага роду, апублікаваная ў прэсе. На ім бачныя чатыры масажныя падушкі, некалькі цюбікаў з касметыкай і сэкс-цацкі — усё раскладзена на матрацы.

Па словах крыніцы, адпраўку каардынаваў невядомы праз акаўнт VWarrior. Ён таксама праз пасярэдніка аплаціў усё крыптавалютай — менавіта токенамі Tether (USDT).
Як атрымалася высветліць журналістам, у ліпені з крыптакашалька, які, па словах крыніцы, быў звязаны з VWarrior, было пераведзена $960 як аплата за дастаўку.
Аўтары адзначаюць, што застаецца незразумелым, якую менавіта ролю Безрукавы і яго хаўруснікі адыгралі ў трох узгараннях пасылак. Аднак усе кур'еры, відаць, дзейнічалі ў рамках адной сеткі і перавозілі падобнае змесціва.
Тэставыя пасылкі ў ЗША і Канаду
Як паведамляе выданне, 1 жніўня Безрукавы і Чабаненка на рынку пад Варшавай купілі дзве пары красовак Nike і шэсць камплектаў спартыўнай формы. Паводле атрыманага ўказання праз VWarrior, рэчы былі адпраўленыя дзвюма пасылкамі праз DHL у Вашынгтон і Атаву.
Польскія спецслужбы насцярожыліся: такія перасылкі былі эканамічна бессэнсоўныя. Яны западозрылі, што гэта была тэставая дастаўка, каб праверыць маршруты для будучых нападаў.
Вышэйшыя чыноўнікі ў адміністрацыі Байдэна ўспрынялі пагрозу сур'ёзна. Некалькі чалавек тэлефанавалі расійскім калегам і папрасілі іх перадаць Пуціну, каб ён спыніў аперацыю.
«Я думаю, званкі мелі ўздзеянне», — заўважыў у размове з журналістамі былы супрацоўнік службы бяспекі.
Арышты ва ўсёй Еўропе
4 жніўня паліцыя Варшавы арыштавала Чабаненку. Потым былі затрыманыя Яўсееў (у Іспаніі) і Дзеркавец (у Польшчы). Кірыла схаваўся за межамі Еўропы — на яго выдадзены ордар Інтэрпала за «шпіянаж і дыверсіі тэрарыстычнага характару».
Безрукавы быў выйшаўшы ў краму, калі па яго прыйшла паліцыя. Па словах яго жонкі Наталлі, сябры папярэдзілі яго аб налёце, і замест таго, каб вярнуцца дадому, ён уцёк.
Спачатку мужчына некалькі тыдняў хаваўся ў невялікіх вёсках у Славакіі, потым вырашыў паспрабаваць вярнуцца ў Расію, сказаўшы Наталлі, што лепш рызыкне быць арыштаваным на радзіме, чым будзе далей хавацца ў Еўропе. Але па дарозе, ужо ў Босніі, на яго след напалі польскія спецслужбы.
У прымежным мястэчку Басанска-Крупа мужчыну затрымала баснійская дзяржбяспека. Пазней, 3 лютага 2025 года яго экстрадавалі ў Польшчу. Масква, у сваю чаргу, адразу запытала яго выдачу па справе 2019 года, што можа сведчыць аб яго каштоўнасці для расійскіх уладаў.

Фрылансеры замест афіцэраў
Заходнія спецслужбы адзначаюць: цяпер штатныя афіцэры ГРУ амаль не выязджаюць за мяжу, а наймаюць «фрылансераў» — часцей за ўсё, злачынцаў ці людзей ва ўразлівым становішчы, якіх лёгка завербаваць і дыстанцыйна інструктаваць праз Telegram.
Адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў, знаёмых са справай, заявіў, што Безрукавы свядома супрацоўнічаў з ГРУ, але многія з яго сяброў маглі не разумець усёй карціны.
Кірыла расказаў Guardian, што ніколі не падазраваў, што пасылкі могуць быць звязаныя з працай спецслужб. Ён прызнаў, што не можа быць поўнасцю ўпэўнены, што яго стары сябар Безрукавы таксама не ведаў пра сапраўднае прызначэнне пасылак.
Магчыма, ён ведаў больш, чым казаў. Але нават калі так, па словах суразмоўцы, ён не верыць, што яго сябар дзейнічаў з нейкіх ідэалагічных перакананняў.
«Я ўпэўнены, што ён не рабіў гэтага «дзеля Радзімы» — ён проста хацеў лёгкіх грошай. Ён усё жыццё быў блатным», — кажа Кірыла.
Паводле ацэнак экспертаў, спробы сабатажу з боку Расіі будуць працягвацца — а значыць, новыя «кур'еры» і «сувязныя» апынуцца ў той жа пастцы.
«Знойдуцца і іншыя, хто захоча зарабіць грошай, і нехта скарыстаецца гэтым», — падсумоўвае Кірыла.
Каментары