Ежа1414

Хлопец з Гомеля адкрыў беларускі рэстаран на Балі

На Балі ўжо некалькі гадоў святкуюць Купалле, спяваюць пра трох чарапах, гатуюць сырнікі ды п’юць «Крамбабулю». А ўсё дзякуючы таму, што некалькі гадоў таму беларусы адкрылі на востраве першы рэстаран нацыянальнай кухні.

Аляксей. Стваральнік рэстарана «Дранікі» на Балі. Тут і далей скрыншоты відэа ў YouTube

Пра незвычайнае месца расказваюць аўтары YouTube-канала «Усё пра Балі (Прытулак адэкватнасці)». Яго вядуць таксама беларусы — муж і жонка, якія ў 2014 годзе пачалі вандраваць па свеце, а ў выніку вырашылі пасяліцца на экзатычным востраве.

Блогер Дзмітрый распавядае, што яны сустракалі на Балі даволі шмат суайчыннікаў. Але было адчуванне: бракуе чагосьці, што аб'яднала б усіх беларусаў тут.

— Мы бачылі шмат кам'юніці розных нацыянальнасцей. Але беларускіх не заўважалі.

Раптам на Балі, дзе можна знайсці амаль усе кухні свету, з’явіліся энтузіясты-беларусы. Яны загарэліся ідэяй адкрыць уласны рэстаран і гатаваць там тое, чаго на востраве яшчэ не было — дранікі.

Назва не вельмі арыгінальная, затое пазнавальная — «Дранікі». Пра рэстаран у роліку распавядае яго стваральнік Аляксей. Кажа, што сам з Гомеля, вучыўся ў Мінску, а пасля сканчэння ўніверсітэта пераехаў у Літву, дзе і жыў апошнія 10 гадоў.

На Балі першапачаткова ён з сям'ёй ехаў на некалькі месяцаў — проста каб паглядзець, што і як. Нечакана экзатычнае места настолькі спадабалася, што Аляксей пачаў думаць, як застацца тут жыць. Галоўнае пытанне было адно: а зарабляць як? Хацелася паспрабаваць свае сілы ў новай сферы — у выніку вырашылі зрабіць рэстаран.

— Ідэя ўзнікла спантанна. Некалькі разоў мы на сваёй віле, якую арандавалі тут недалёка, ладзілі дранік-паці. Смажылі дранікі, збіралі знаёмых. І было так файна, што некаторыя госці жартавалі: «Вам трэба ўжо рэстаран з дранікамі тут адкрываць!», — распавядае ў відэа Аляксей. — Пажартавалі і ўсё. Але калі мы сур'ёзна пачалі думаць аб тым, каб жыць на Балі, я вырашыў: «Так, можна паспрабаваць. А чаму не?».

Блогер Дзмітрый жартуе, што на Балі шмат вельмі разнастайнай ежы, але вось толькі ў «Драніках» ёсць адчуванне, быццам ён прыехаў да бабулі ў госці і частуецца дамашнімі прысмакамі.

Навіна пра беларускі рэстаран хутка разляцелася па чатах, і ў «Дранікі» пачалі прыязджаць людзі з розных канцоў вострава, каб бавіць час у кампаніі суайчыннікаў.

Аляксей кажа, што ў яго не было нейкай вялікай мэты — хацелася проста дадаць крыху беларускай культуры на Балі ды пашырыць кругагляд замежнікаў.

— І калі мы адкрылі рэстаран, адбыўся нейкі ўсплёск сярод беларускага кам’юніці на Балі. Да гэтага жылі — беларусаў было не відаць і не чуваць. А «Дранікі» сталі месцам, якое аб’яднала беларусаў.

Наліснік-трак

У Аляксея не было раней вопыту працы ў рэстаранным бізнэсе. Але ж так атрымалася, што нязбытная мара ў выніку ператварылася ў пэўны праект.

У меню ёсць як класічныя стравы, так і іх сучасныя інтэрпрэтацыі — напрыклад, дранікі з намазкай з авакада, дранік-бургер, піца на велізарным драніку і «бульбачына» (кава, якую замест кубачка наліваюць у бульбачку).

Аляксей адзначае, што час ад часу рускія просяць дадаць у меню нейкія іх традыцыйныя стравы кшталту пельменяў. Але ён супраць. Кажа, што спрабуе рабіць то, чаго няма ў іншых месцах. Выключэнне робіць для страў літоўскай кухні — некалькі пазіцый ёсць у меню «Дранікаў».

— Напрыклад, у топе ў нас халаднік на кефіры, які больш ніхто на Балі не гатаваў.

Мужчына падкрэслівае, што імкнуўся стварыць сапраўды народнае месца.

— У нас няма шэфаў, мы ўсё робім самі ад пачатку і да канца. Кожную страву я прыдумваю самастойна.

У роліку на YouTube Аляксей не без гонару дэманструе сцяну, на якой напісана па-беларуску: «Важнейшыя за дранікі толькі людзі». Кажа, у гэтым надпісе ўся ідэя.

Вечарыны тут таксама адбываюцца нацыянальныя. Напрыклад, летам святкуюць Купалле: людзі ў нацыянальных строях плятуць вянкі, каб потым пусціць іх у акіян, і скачуць праз вогнішча.

Можа, вы здзівіцеся, але калядоўнікі з традыцыйнай казой у «Драніках» таксама бываюць.

Бізнэс паступова расшыраецца — ужо адкрыўся другі рэстаран «Дранікі». Ён знаходзіцца ў раёне Убуд (першы быў у раёне Перарэнан). Аляксей распавядае, што другі рэстаран вырашылі зрабіць больш сямейным — нават пабудавалі вялікую дзіцячую пляцоўку. Тут робяць і дзіцячыя мерапрыемствы — напрыклад, вучаць рабіць традыцыйныя лялькі-матанкі.

Беларус кажа, што замежнікаў заходзіць не вельмі шмат, але ўсё ж такі госці бываюць. Цікавей за ўсё яму было назіраць за інданезійцамі ды аўстралійцамі.

— Спытаеш, дзе Беларусь знаходзіцца, дык не кожны аўстраліец гэта будзе ведаць. У нас была гісторыя, што аўстралійцы пачалі часта замаўляць катлеты «Папараць-кветка» — ці ў рэстаране елі, ці на вынас бралі. І яны распавялі, што і ў іх нацыянальнай кухні існуе страва, якая вельмі падобная да нашай гэтай катлеты. Кажуць, смак амаль такі самы. Было цікава, што яны ў беларускай кухні знайшлі нешта сваё.

Аляксей распавядае, што кожнаму замежніку прыходзіцца тлумачыць асаблівасці беларускай кухні.

— Нам раілі, напрыклад, назваць дранікі ў меню панкейкамі, каб замежнікам было больш зразумела. Але ж дранікі — гэта дранікі. Чаму мы павінны называць іх бульбянымі блінамі?

З негатыўнай рэакцыяй ад тых, хто раней ніколі не каштаваў дранікі, у рэстаране амаль не сутыкаюцца — наадварот, большасць наведвальнікаў у захапленні.

Каментары14

  • бабруйчанін
    18.04.2025
    У меню раю дадаць кіраўскую смажэнку і бабруйскі бутэрброд да кавы гарбаты .Перекананы ёсць нейкія адметныя стравы паўсюль Гродне ці Полацку Спытайце
    Бабруйскі зефір дзелішь на два і паверх сыр на густ
  • чытаць і аблізвацца
    18.04.2025
    бо на Балі (Прытулку адэкватнасці) бульба ёсць, а
    ў Беларусі паўнейшая неадэкватнасць і праблемы нават з нацыяльнай гароднінай
  • Алё
    18.04.2025
    З памылкай напісана - проста скалькавалі з расейскай. Халаднік на кефіры - гэта не беларуская страва. у Беларусі халаднік заўсёды рабілі на бурачным адвары, а на кефіры - гэта літоўская страва і нашмат менш смачная за беларускую. Там, відаць. і астатняя кхняя гэткая ж "беларуская".

Цяпер чытаюць

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп даручыў адкрыць турму для асабліва небяспечных злачынцаў на востраве Алькатрас1

«На Раство падарылі 5 кілаграмаў рысу». Беларуска ў 65 гадоў пераехала ў Гану і займаецца манікюрам1

Ці ўключаць у Беларусі ацяпленне з-за халоднага надвор'я, адказалі ў ЖЭУ

«Этэрнаўт»: аргенцінскі Netflix выпусціў шматзначны серыял пра апакаліпсіс2

Камісар ЕС: Еўрасаюз удвая павялічыць дапамогу Украіне, калі Трамп не пераканае Пуціна заключыць мір3

У нядзелю розніца максімальных тэмператур у Беларусі склала 15 градусаў

У Брэсце патануў чатырохгадовы хлопчык. Ратавальнікам удалося вярнуць яго да жыцця

Вучоныя назвалі колькасць крокаў, якая ратуе офісных работнікаў16

Рыжанкоў даклаў Эйсмант, што накалоў дроў15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць