Грамадства100100

«У нас ёсць план, як стаць наступнай Фінляндыяй Усходняй Еўропы». Сяргей Ціханоўскі выступіў у Еўрапарламенце

«У вас ёсць інструменты, рэсурсы і сіла, каб зрабіць план рэальным. Цяпер ваш выбар, Еўропа. Не падвядзіце нас. Не так, як у мінулы раз! Жыве Беларусь!» — калі Сяргей Ціханоўскі скончыў свой выступ у Еўрапарламенце, дэпутаты апладзіравалі былому палітвязню стоячы.

Скрыншот трансляцыі выступлення Сяргея Ціханоўскага ў Еўрапарламенце

Сёння ў Страсбургу Святлана і Сяргей Ціханоўскія выступілі перад дэпутатамі Еўрапейскага парламента. Ніжэй прыводзім прамову Сяргея Ціханоўскага. 

Ціханоўскі адзначыў, што ён не прафесійны дыпламат, а таму будзе гаварыць шчыра — «з мінімальнай палітычнай карэктнасцю».

«Менавіта так, як нядаўна зрабіў генерал Келаг. Вось што ён сказаў, каментуючы свае нядаўнія паездкі ў Беларусь. Цытую: «Мы наладжвалі каналы сувязі з Пуціным, мы не збіраліся туды першапачаткова, каб вызваляць палітычных зняволеных». Канец цытаты.

Гэта разумная тактыка з боку амерыканскай Адміністрацыі. Я разумею. Часам трэба пагаварыць з Мусаліні, перш чым пагаварыць з Гітлерам. Стаўкі высокія. Амерыканцы гатовыя плаціць за паслугі пасярэдніка. Пасярэднік атрымлівае тое, што хоча. Але ўзамен ён аддае закладнікаў.

У адзін момант гэтых перамоваў, некалькі месяцаў таму, Лукашэнка паабяцаў вызваліць аднаго вядомага вязня. Гэта быў мой вялікі шчаслівы момант! У той час маё імя было найбольш вядомым на Захадзе дзякуючы намаганням маёй жонкі. Лукашэнка вельмі стараўся ўразіць прэзідэнта Трампа. Вось чаму я выйшаў.

Мне ўдалося перажыць пяць гадоў адзіночнага зняволення ў пекле беларускага ГУЛАГу. Некаторым з тых, каго я там сустрэў, не так пашанцавала. Мы губляем найлепшых з нашых людзей.

Што да мяне, я ведаю, што ніколі не перажыў бы дваццаць гадоў майго поўнага тэрміну ў тых жа ўмовах. Лёс Аляксея Навальнага быў вельмі верагодным і для мяне».

Сяргей Ціханоўскі кажа, што яго прыярытэт — выцягнуць усіх палітвязняў.

«Але што наконт краіны Беларусь? Гэта страчаная справа? Падчас майго знаходжання ў турме дыктатар трымаў мяне ў поўнай ізаляцыі: ні лістоў, ні спатканняў, ні кантактаў са знешнім светам. Адзіныя навіны, якія я атрымліваў, былі ад дзяржаўнай прапаганды па радыё.

Прайшло чатыры месяцы з моманту майго вызвалення, і я хутка даганяю свет. Але балюча бачыць, што сітуацыя пагоршылася. Справа змены рэжыму ў Беларусі, якую я пачаў з іншымі лідарамі пяць гадоў таму, застаецца незавершанай. Улетку 2020 года народ Беларусі паказаў, што яму дастаткова. Колькасць людзей, якія выйшлі на вуліцы супраць Лукашэнкі, была ашаламляльнай. Калі б маштабаваць гэтую лічбу адносна насельніцтва Расіі, гэта было б эквівалентна 15 мільёнам чалавек. Няма шанцаў, што Пуцін выжыў бы ў такім адкрытым паўстанні.

@nashanivanews «У нас ёсць план, як стаць наступнай Фінляндыяй Усходняй Еўропы. У вас ёсць прылады, рэсурсы і моц, каб гэта ажыццявіць. Цяпер справа за вамі, Еўропа. Не падвядзі нас! Не так, як у мінулы раз. Жыве Беларусь!» Сяргей Ціханоўскі скончыў свой выступ у Еўрапарламенце. Дэпутаты апладзіравалі былому палітвязню стоячы. #нашаніва #тихановская #тихановский #беларусьновости #мова ♬ mirage - théos & Antent

На кароткі час быў момант, калі мы думалі, што можам перамагчы. Некаторыя з чыноўнікаў урада Лукашэнкі выказвалі сімпатыю, але заставаліся нясмелымі. Яны не перайшлі на бок народа. Чаму? Таму што, калі прыйшоў час, рускія з'явіліся для бітвы. Еўрапейцы — не.

З-за нерашучасці Еўропы, Беларусь — прыгожая нацыя з моцнымі заходнееўрапейскімі каштоўнасцямі, гэтая нацыя, якая была цалкам гатовая стаць членам ЕС… Нас пакінулі адных, і Масква ўзяла верх. Гэта было не толькі трагічна і несправядліва — гэта таксама была сур'ёзная стратэгічная памылка. Не здолеўшы спыніць Пуціна ў Беларусі, Еўропа зрабіла вайну ва Украіне амаль непазбежнай.

Сотні тысяч забітых, мільярды даляраў патрачаных, і мы не бачым канца гэтаму. Нават калі прэзідэнт Трамп зробіць немагчымае, і баявыя дзеянні спыняцца заўтра, гібрыдная вайна працягнецца, і трыльёны еўра будуць выдаткаваны на еўрапейскую абарону. Проста падумайце, як гэта неразумна! На змяненне гульні ў Беларусі ў 2020 годзе магла спатрэбіцца мізэрная доля гэтага бюджэту. Але гэты карабель адплыў».

Ціханоўскі разважаў пра тое, што рабіць цяпер.

«У гэтай складанай, патэнцыйна вельмі доўгай гібрыднай вайне, перамога прыйдзе толькі да тых, хто возьме ініцыятыву. Мой пасыл просты: Еўропе трэба не проста стаць актыўным гульцом. Еўропе трэба стаць актыўным гульцом у Беларусі. Лукашэнка — хітры і ўмее выжываць. Але ён не неўміручы.

Перадача ўлады ў Беларусі непазбежная. Вось рэальнасць: пасля 2020 года народ Беларусі не прыняў дыктатара. Яны не палюбілі яго ў адказ. Яны не паўсталі, таму што яны проста мудрыя, асцярожныя і рэалістычныя. Яны разумеюць, што без якіх-небудзь рэальных саюзнікаў мы змагаемся ў пройгрышнай бітве.

Вядома, беларусы хацелі б далучыцца да NATO. Але пасля таго, што адбылося ва Украіне, беларусы ніколі не павераць, што нас калі-небудзь прымуць. Мы не такія наіўныя. Дык як мы вырашым гэтую праблему? Якая формула?

Адказ можна знайсці ва ўласнай гісторыі Еўропы. Падумайце пра Фінляндыю! Падумайце пра Фінляндыю да яе ўступлення ў NATO. Фінляндыя навучылася жыць побач са складаным суседам і пры гэтым будаваць паспяховую, незалежную краіну без уступлення ў вайну. Гэта быў асцярожны баланс, разумная стратэгія. Еўропа выйграла б, калі б Беларусь стала нейтральным мостам паміж ЕС і Расіяй.

Беларусы таксама выйгралі б. Гэта было б добра для абодвух бакоў. Адназначна бяспройгрышнае рашэнне.

Але, вядома, Пуцін бачыць Беларусь зусім інакш. Ён бачыць яе як буферную зону — ваенную базу, якую ён можа выкарыстоўваць для ціску на сваіх суседзяў, краіну з абмежаванай незалежнасцю, нешта накшталт Чачні, але ў Цэнтральнай Еўропе.

Пасля выступлення Ціханоўскага дэпутаты Еўрапарламента апладзіравалі яму стоячы. Скрыншот трансляцыі

Дык як нам гэта зрабіць? Ёсць толькі адно рашэнне.

Нам патрэбны трэці гулец у гэтай палітычнай гульні. На працягу многіх дзесяцігоддзяў Злучаныя Штаты эканомілі вам сотні мільярдаў даляраў кожны год, утрымліваючы парасон бяспекі. У той час як еўрапейцы былі занятыя пабудовай дзяржаваў сацыяльнага дабрабыту.

Але сёння Амерыка не можа ваяваць на ўсіх трох палях бітваў: на Блізкім Усходзе, у Еўропе і ў Азіі адначасова. Гэта Еўропа — а не Злучаныя Штаты — павінна ўзяць на сябе вядучую ролю на сваіх усходніх межах. Гэта Еўропа павінна стаць асноўным партнёрам у дапамозе Беларусі рухацца да дэмакратыі.

Вы вялікія, вы моцныя.

Ваша насельніцтва складае велізарныя 500 мільёнаў. Ваш ВУП складае 17 працэнтаў ад сусветнага! Вашы агульныя выдаткі на дапамогу Украіне складаюць усяго нуль цэлых адну дзясятую працэнта. Нешта падказвае мне, што вы б маглі рабіць значна больш.

Вам проста патрэбна ўпэўненасць. Вам проста патрэбна лідарства. Вам проста трэба пачаць дзейнічаць сур'ёзна!

У нас, беларускага дэмакратычнага руху, ёсць план. План, як стаць наступнай Фінляндыяй Усходняй Еўропы. У вас ёсць інструменты, рэсурсы і сіла, каб зрабіць яго рэальным.

Цяпер ваш выбар, Еўропа. Не падвядзіце нас. Не так, як у мінулы раз! Жыве Беларусь!»

Каментары100

  • Лёлік з-пад Лімасола
    22.10.2025
    і хай пылаюць дупы ў лукаботаў!)))
  • Дух пушчы
    22.10.2025
    Трындзець не мяшкі варочаць!
  • %
    22.10.2025
    Распавядзі пра план, блогер

Цяпер чытаюць

Беларус расказаў, як быў гідам у Дудзя на Мадэйры — елі дранікі ў бары і гулялі ў футбол на стадыёне Раналду

Беларус расказаў, як быў гідам у Дудзя на Мадэйры — елі дранікі ў бары і гулялі ў футбол на стадыёне Раналду

Усе навіны →
Усе навіны

На Аўтазаводскай лініі метро спыняўся рух цягнікоў3

На мяжы нуль машын, а выехаць можна толькі праз тыдзень. Што адбываецца з выездам з Латвіі ў Беларусь

Швецыя паставіць Украіне знішчальнікі Gripen5

«Не Лукашэнка вінаваты. І не сілавікі». Мацкевіч пра працу над памылкамі21

Транспартнікі Літвы асудзілі закрыццё мяжы з Беларуссю1

Экспарт бензіну з Беларусі ў Расію ў кастрычніку вырас у 30 разоў — прадаюць яго даражэй за расійскі3

У Харкаве расіяне трапілі ў прыватны дзіцячы садок3

Прэм'ер Літвы: Калі выпадкі з шарамі паўторацца — мы закрыем памежныя пункты з Беларуссю18

У якіх беларускіх банкаматах можна зняць грошы з замежнай карты і колькі гэта каштуе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус расказаў, як быў гідам у Дудзя на Мадэйры — елі дранікі ў бары і гулялі ў футбол на стадыёне Раналду

Беларус расказаў, як быў гідам у Дудзя на Мадэйры — елі дранікі ў бары і гулялі ў футбол на стадыёне Раналду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць