Бортправаднік, які выжыў пасля падзення азербайджанскага самалёта ў Казахстане, расказаў, як усё выглядала знутры
Зульфугар Асадаў, бортправаднік самалёта Embraer E-190 кампаніі ЗАТ «Азербайджанскія авіялініі» (AZAL), які ляцеў 25 снежня з Баку ў Грозны і пацярпеў крушэнне паблізу казахстанскага горада Актау, падзяліўся з тэлеканалам APA TV дэталямі авіякатастрофы.

Праваднік расказаў, што падчас рэйса ў Грозны пазаштатная сітуацыя на борце самалёта ўзнікла яшчэ да моманту аварыйнай пасадкі.
«Мы вылецелі ў Грозны ў 8:00 раніцы. Пры заходзе на пасадку мы ўбачылі, што аэрапорт ахутаў вельмі густы туман. Капітан пачаў зніжэнне, але з-за дрэннай бачнасці быў вымушаны пайсці на другі круг, спадзеючыся, што туман рассеецца. Аднак і другая, і трэцяя спробы пасадкі не мелі поспеху», — паведаміў Асадаў.
У выніку, паводле яго слоў, пілот прыняў рашэнне накіравацца да найбліжэйшага аэрапорта.
«Але ў гэты момант звонку самалёта данёсся дзіўны гук. Я адразу выйшаў у салон разам з калегай Айдан Рагімлі. Мы пабачылі, што сярод пасажыраў пачалася паніка…», — дадаў бортправаднік.
Па словах Асадава, сітуацыю ўдалося ўзяць пад кантроль:
«Мы супакойвалі пасажыраў, кажучы, што няма прычын для непакою, маўляў, усё ў парадку, займіце свае месцы, прышпіліце рамяні. У гэты момант у выніку ўдару, які адбыўся са знешняга боку самалёта, я атрымаў парэз рукі. Узяў ручнік і перавязаў руку, зацягнуў тужэй. Айдан мне дапамагла. Мы працягнулі палёт. Я сказаў, каб Айдан села на сваё месца, а я заняў сваё.
Пасля гэтага камандзір экіпажа вырашыў змяніць месца пасадкі з воднай паверхні на сушу. Ён быў вымушаны пайсці на экстранную пасадку, бо была парушаная праца рухавіка самалёта. А рабіць цвёрдую пасадку на ваду пагражае трагедыяй, самалёт проста б разарвала на часткі, паколькі, наколькі я ведаю, вада на такой хуткасці цвярдзейшая за бетон. Ён змяніў сваё рашэнне, і мы паляцелі ў бок сушы. Мы і пасажыры дзейнічалі паводле інструкцыі».
Зульфугар Асадаў пракаментаваў і інфармацыю шэрагу расійскіх СМІ пра тое, што падчас палёту выбухнуў балон:
«Гэта няпраўда. Калі б нешта здарылася з кіслародным балонам, то самалёт разарвала б на часткі. Інфармацыя, што на борт пранеслі газавы балон, таксама не адпавядае рэчаіснасці. Пры праходзе на пасадку ўсіх пасажыраў правяраюць, пранесці што-небудзь немагчыма. Гэтая трагічная сітуацыя ўзнікла ў выніку знешняга ўздзеяння на самалёт».
Калі не лічыць час прылёту з Баку ў Грозны, то, па яго словах, у палёце борт правёў прыкладна каля гадзіны. Пілоты спрабавалі ўтрымаць самалёт, не трацячы вышыні, каб потым была магчымасць здзейсніць пасадку.
«На мой погляд, зямлі кранулася спачатку пярэдняе шасі самалёта. Калі б самалёт цалкам закрануў паласу, гэта значыць і пярэдняе і задняе шасі адначасова, то, магчыма, ніхто не застаўся б жывым. Калі зямлі кранулася пярэдняе шасі, самалёт разарвала на дзве часткі, пярэдняя яго кабіна адляцела.
Я быў у прытомнасці, нягледзячы на кроў, але было вельмі цяжка дыхаць. Мы з бортправадніцай Айдан Рагімлі ляжалі каля дзвярэй, я паспрабаваў іх адчыніць, пасля пранікнення паветра ў астатнюю частку салона стала лягчэй. Мы сталі дапамагаць пасажырам і разам з імі выбірацца з самалёта.
На выхадзе нас чакала выратавальная брыгада. Я паклікаў іх, таму што ў мяне было сур'ёзнае раненне рукі, не заставалася сіл. Я папрасіў іх дапамагчы вызваліць з самалёта пасажыраў, якія выжылі. Дзякуй ім за аказаную дапамогу!», — сказаў бортправаднік.
Асадаў адзначыў, што не спадзяваўся выжыць пасля падзення самалёта:
«Калі мы ўпалі на зямлю, я думаў, што мы ўжо мёртвыя. Таму што была моцная трасяніна. Нібы ўсё цела трэсла. Я не спадзяваўся выжыць. Слава Алаху, я выжыў. Шкада, што членам нашага экіпажа і іншым пасажырам так не пашанцавала. Мы выжылі дзякуючы гераізму нашага камандзіра экіпажа і другога пілота».
Адказваючы на пытанне, ці сутыкаўся ён раней з аварыйнымі сітуацыямі, Асадаў сказаў, што ў ягонай практыцы было здарэнне, калі пры пасадцы выбухнула кола самалёта, і тады ўсім удалося выжыць дзякуючы гераізму і прафесіяналізму пілотаў.
У Баку адмовіліся прымаць дапамогу ад Чачні пасля ўдару ракетай па самалёце
«Азербайджанскія авіялініі» прыпыняюць палёты ў некалькі гарадоў Расіі
Азербайджанскі дэпутат: Расія павінна выбачыцца за атаку на самалёт Баку — Грозны
Кадыраў узнагародзіў свайго пляменніка, адказнага за збіццё дронаў над Грозным
Крыніцы ва ўрадзе Азербайджана пацвердзілі, што самалёт Azerbaijan Airlines быў збіты расійскай ракетай
Цяпер чытаюць
«У выніку ён сказаў мне: «Хопіць мяне шантажаваць, я хачу палюбавацца гэтымі дрэвамі». Аксана Колб расказала, пра што размаўляла са Статкевічам на мяжы

Каментары
2014 : Расея катэгарычна адмаўлялася і адмаўляецца ад збіцця малазійскага Боінгу
2024 : зараз азербайджанскі самалёт