Кіно66

«Падзенне імперыі»: моцны фільм пра распад нацыі, што пакіне ў беларусаў адчуванне дэжавю

У сусветным пракаце смелая антыўтопія — фільм Civil War пра грамадзянскую вайну ў сённяшніх ЗША (у беларускім пракаце ён ідзе пад назвай «Падзенне імперыі»). Па краіне, ахутанай супрацьстаяннем, падарожнічаюць журналісты, і разам з імі мы пазнаем сутнасць вайны і саміх сябе.

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

Фільм выпусціла студыя А24. Сярод іх стужак апошніх гадоў ёсць, напрыклад, аскараносны «Усё, паўсюль і адразу» пра паралельныя сусветы, дзіўны «Герой нашых сноў» пра чалавека, які сніўся ўсім навокал, шакуючая «Зона інтарэсаў» пра каменданта Асвенціма і шмат іншых карцін, якія не пакінуць раўнадушным, і тут гэта не клішэ.

У перадвыбарны для ЗША год А24 выпускаюць стужку пра Амерыку, дзе правіць аўтакрат, які надта нагадвае аднаго з сёлетніх кандыдатаў і былога прэзідэнта Дональда Трампа. І гэта не проста гісторыя аўтакратыі: стваральнікі Civil War ідуць далей і паказваюць вялікі канфлікт, які раздзірае знешне маналітную краіну.

Прэзідэнт ЗША заходзіць на свой трэці тэрмін, чым парушае цяперашнія амерыканскія законы. Два вельмі розныя штаты, Тэхас і Каліфорнія, вырашаюць аб’яднацца супраць узурпатара і ўзнімаюць паўстанне, што разгараецца ў вялікую грамадзянскую вайну.

У такіх умовах працуюць фатографка Лі і яе калега, рэпарцёр Джоэл. Разам з Сэмі, некалі буйным журналісцкім босам з выдання New York Times, яны жадаюць праехаць усю краіну і трапіць у Вашынгтон. Вакол яго сціскаецца кола — месяц-два, і каліфарнійска-тэхаскае войска вызваліць сталіцу. А пакуль што ў Вашынгтоне правіць тыран, і можна прарвацца да яго на эксклюзіўнае інтэрв’ю: запытаць, напрыклад, пра авіяўдары па амерыканскіх грамадзянах, здзейсненыя па яго загадзе.

У гэтае падарожжа рэпарцёры, аднак, едуць учатырох. Нечакана кампанію ім складае Джэсі, фатографка-пачаткоўка, якая фанацее ад Лі і марыць пра такую ж кар’еру. За шлях да Вашынгтона яна паспявае пасталець і ператварыцца ў журналістку, здольную здымаць у любых умовах, толькі б атрымаць добры кадр. Але за такі адчайны прафесіяналізм даводзіцца плаціць нявіннасцю. Джэсі вучыцца глядзець на гвалт шырока расплюшчанымі вачыма і абіраць сваю працу там, дзе раней магла б адвярнуцца ці задавацца складанымі пытаннямі.

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

Civil War — фільм з вельмі рваным тэмпам. Збольшага гэта роўд-муві, гісторыя пра падарожжа, хоць яно і адбываецца ў антыўтапічных дэкарацыях. Але не трэба падманвацца: калі гэтыя абставіны змяняюцца на перастрэлкі і небяспеку, мы адчуваем жахлівае напружанне і бачым настолькі моцны гвалт, што падобнае рэдка трапляе на кінаэкраны. Нездарма ў ЗША фільм мае рэйтынг R, то-бок 17+, Civil War — кіно не для слабанервных.

І шмат для каго з беларусаў гэты фільм будзе поўны цяжкіх напамінаў і дэжавю. Раздзёртае грамадства, баі на гарадскіх вуліцах, танкі на дарогах — усё гэта мы бачылі ў апошнія гады, а гэта далёка не ўвесь гвалт, які паказваюць у фільме. Але праз досвед падзей у фільме мы праходзім разам з яго героямі, разам з імі плачам, разважаем і крычым, нават калі сіл на гэта няма — так, як маўкліва крычыць журналіст Джоэл, калі не можа трымаць перажытае ў сабе. І ў канцы, калі ўсё выплаканае, надыходзіць палёгка.

Адзначым, што ў расказе пра супрацьстаянне стваральнікі фільма здолелі не заняць нічыю пазіцыю. Тут няма добрых і дрэнных хлопцаў, як гэта часта бывае ў амерыканскіх, ды і не толькі, стужках, у катле вялікай вайны ўсе бакі змешваюцца.

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

І таму, калі Джэсі і Джоэл знаёмяцца з двума снайперамі, тыя не кажуць, за каго яны, бо і самі гэтага не ведаюць: ёсць іх дом, ёсць тыя, хто страляе, і яны, хто страляе ў адказ, каб выжыць, і нічога больш.

Адна з галоўных сцэн фільма — сварка з вайскоўцамі, якія раздумваюць, ці адпускаць Джэсі да калег. Каб патлумачыць ім, што рэпарцёры не нясуць небяспекі, Джоэл кажа — маўляў, мы амерыканцы, як і вы. Салдат у адказ пытаецца: якія амерыканцы? Гэтаксама і снайперы, якія абаранялі свой дом, не зважаюць на надпіс «прэса» на баку машыны журналістаў. 

У новай рэальнасці старыя шаблоны і ўяўленні пра сябе — амерыканцы, прэса — больш не дзейнічаюць, і кожны выпрацоўвае для сябе новую этыку. Так, як гэта зрабілі жыхары мястэчка ў сэрцы краіны, якія вырашылі не зважаць на вайну і жыць так, быццам нічога не адбываецца, хаця і са снайперамі на дахах. Ці так, як гэта атрымалася ў Джэсі, гатовай дзеля добрага фота на ўсё.

Фота: скрын з трэйлера на ютубе

Ёсць і менш заўважныя цаглінкі ў гэтым фільме, якія дапамагаюць яму быць такім пераканаўчым. Гэта выдатная праца аператара, файная праца Кірстэн Данст у ролі фатографкі Лі, ды і яе калег таксама, разумны Алекс Гарленд у ролі сцэнарыста і рэжысёра: ён не дае адказы на сподачку і не разжоўвае кантэкст, а дае прастору падумаць самім. І вядома, гэтая гісторыя — пра пашану да журналістаў, якія працуюць у гарачых пунктах і зонах канфліктаў.

Сярод засілля расійскага кіно і папсы накшталт «Манкімэна» і «Гадзілы» гэты фільм не варта прапускаць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Gorliwy Litwin
    01.05.2024
    Стаўка Расіі на выбарах у ЗША сёлета - гэта не столькі перамога Трампа, колькі не пераканаўчая і падважаная маштабным пратэстамі недаперамога любога з кандыдатаў. Рускія будуць раздзьмуваць любыя абвінавачванні ў фальсіфікацыях, з любога боку, у любым штаце і самі будуць актыўна спрыяць фальсіфікацыям і пратэстам супраць іх. Яшчэ невядома, ці не ўклаліся яны і ў гэты фільм
  • Тутэйшы
    01.05.2024
    Gorliwy Litwin , судзячы па сюжэту, фільм антытрампаўскай накіраванасці. Разнакаляррвыя шчырыя амераканцы змагаюцца з трампаўскай дыктатурай.

    Хутчэй за ўсё, грошы на такі фільм выдаткоўвалі каліфарнійскі я айці-прадпрымальнікі.
  • Янкель
    01.05.2024
    Лол, ты просто лукашист, несмотря на твой белорусский. Фильм о том, что президент принял нормативные акты, которые нарушили основные демократические нормы, и поэтому вылезли губазиковцы. Чем закончился фильм, посмотри.

Цяпер чытаюць

«У нас усе размаўляюць на рускай мове». Дзіцячы цэнтр не ўзяў на працу жанчыну, бо яна размаўляе па-беларуску

«У нас усе размаўляюць на рускай мове». Дзіцячы цэнтр не ўзяў на працу жанчыну, бо яна размаўляе па-беларуску

Усе навіны →
Усе навіны

Дроны атакавалі найбуйнейшы парахавы завод у Расіі1

Былога ўчастковага з Ганцавічаў асудзілі па палітычнай крыміналцы1

Страляніна ў аўстрыйскім Грацы: горад шакаваны нападам на школу і пагрузіўся ў жалобу2

Камандуючым НАТА стаў генерал Грынкевіч. Уражвае, наколькі ён падобны да некаторых Грынкевічаў, якія жывуць у Беларусі21

Пры атацы шахедаў на Харкаў загінулі два чалавекі, сярод пацярпелых — дзеці

«Застаецца раўці як бялуга». Рыжанкоў у Маскве расказаў пра поўны крах краін Балтыі28

У Беларусі расце колькасць фермерскіх гаспадарак. Чым яны займаюцца?

У першым матчы на новым футбольным стадыёне беларуская зборная ўчыстую прайграла Расіі4

У свеце існуе толькі адна краіна, здольная цалкам забяспечваць сябе ежай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У нас усе размаўляюць на рускай мове». Дзіцячы цэнтр не ўзяў на працу жанчыну, бо яна размаўляе па-беларуску

«У нас усе размаўляюць на рускай мове». Дзіцячы цэнтр не ўзяў на працу жанчыну, бо яна размаўляе па-беларуску

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць