Грамадства11

У Гомелі закрываюць найбуйнейшы спартыўны клуб — прычыны, напэўна, палітычныя

Гомельскі гарвыканкам адмовіў у акрэдытацыі «Клубу дзюдо «Прайд». Гэты папулярны спартыўны клуб з шырокай сеткай залаў у Гомелі і Жлобіне. У тым ліку гэта найбуйнейшая ў Беларусі школа дзюдо.

«Прайд» налічвае каля 50 груп, у якіх займалася больш за тысячу дзяцей. Клуб заснаваў майстар спорту па дзюдо Канстанцін Палей. Ён не раз станавіўся героем публікацый дзяржпрэсы, у прыватнасці, пасля таго, як адкрыў групы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, піша «Флагшток».

У лютым Гомельскі гарвыканкам адмовіў клубу ў праходжанні «дзяржаўнай акрэдытацыі на права ажыццяўлення дзейнасці па развіцці фізічнай культуры і спорту». Патрабаванне аб акрэдытацыі спартыўных устаноў, у тым ліку фітнэс-клубаў, трэнажорных залаў увялі з 1 студзеня 2024 года — для працягу працы яны павінны былі выканаць шэраг умоў.

У рашэнні за подпісам старшыні гарвыканкама Уладзіміра Прывалава гаворыцца аб адмове «ў дзяржаўнай акрэдытацыі на права ажыццяўлення дзейнасці па развіцці спорту (правядзенне спартыўных мерапрыемстваў і (або) удзел у іх) з правам ажыццяўлення дзейнасці па развіцці фізічнай культуры». Прычынай названа «невыкананне крытэрыяў для праходжання дзяржаўнай акрэдытацыі, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2023 г. № 416».

Пункт 2.6, з-за якога не пройдзеная акрэдытацыя, палітычны. Ён змяшчае такія крытэрыі:

«Адсутнасць фактаў прыцягнення да адказнасці за непаважлівае стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, у тым ліку дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, канстытуцыйнага ладу, кіраўніка, намеснікаў кіраўніка арганізацыі (…), а таксама адсутнасць фактаў прыцягнення гэтых асоб да адказнасці за ўчыненне супрацьпраўных дзеянняў супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці».

Вядома, што ў 2020 годзе заснавальнік і старшыня клуба Канстанцін Палей падвяргаўся адміністрацыйнаму арышту і падпісваў зварот спартыўнай грамадскасці ды заклікі да ўладаў спыніць гвалт.

У пабліку клуба з'явілася відэа, у якім сам Канстанцін Палей пракаментаваў адмову ў акрэдытацыі. Ён распавёў, што шмат гадоў клуб займаўся развіццём дзюдо ў рэгіёне і ўсёй краіне, што падмацоўвалася высокімі вынікамі, падзякаваў усім, хто прыязджаў на турніры і са шкадаваннем адзначыў, што клуб больш не можа арганізоўваць спаборніцтвы:

«Гэта звязана з тым, што нам адмовілі ў акрэдытацыі — спасылаюцца на невыкананне крытэраў. У студзені паўстала пытанне — як далей быць? Адсутнасць трэніровак адбіваецца на стане дзяцей. Я рады, што гэтая сітуацыя доўжылася не вельмі доўга».

Палей заявіў, што з'явіўся чалавек, які ўзяў на сябе адказнасць і вырашыў «згуртаваць у новай арганізацыі ўсе нашы традыцыі». Гэта Яўген Сёмачкін — беларускі самбіст і дзюдаіст, майстар спорту міжнароднага класа, начальнік курса Гомельскага філіяла ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС.

Яўген Сёмачкін злева (фота: ucp.by)

Як патлумачыў Палей, Сёмачкін стварыў клуб «Леон», у якім будуць працаваць трэнеры з клуба «Прайд», там жа будуць займацца і выхаванцы.

Пра сябе Палей распавёў, што, паколькі больш не можа кіраваць арганізацыяй, будзе займацца сваім уласным ростам — ён паступіў у Міжнародную акадэмію дзюдо, дзе будзе атрымліваць адукацыю (верагодна, ідзе гаворка пра Міжнародную акадэмію дзюдо ў Кыргызстане).

Выхаванцам клуба ён пажадаў стаць сапраўднымі, прыстойнымі людзьмі і грамадзянамі краіны.

У снежні 2023 года «Прайд» паспеў правесці ў Гомелі міжнароднае спартыўнае свята, якое складалася з серыі маштабных турніраў. Спаборніцтвы сабралі больш за 1200 спартсменаў. У рамках свята прайшоў Міжнародны турнір па дзюдо Pride Cup III, у якім удзельнічалі каля 600 спартсменаў з Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана, Казахстана, Расіі і Беларусі.

Каментары1

  • Юзик
    27.03.2024
    Этому режиму плевать на белорусских детей, на их спортивное развитие, главное трон удержать всеми методами под дряхлеющим диктатором.

Цяпер чытаюць

Суддзі, якія плакалі, суддзі, якія атрымлівалі асалоду, і суддзі, якія прыніжаліся перад міліцыяй

Суддзі, якія плакалі, суддзі, якія атрымлівалі асалоду, і суддзі, якія прыніжаліся перад міліцыяй

Усе навіны →
Усе навіны

Катэдж за Нацыянальнай бібліятэкай стаў самым дарагім домам Беларусі, прададзеным у кастрычніку

У Францыі з царквы скралі і знішчылі мошчы святога Мікалая — таго, хто стаў правобразам Санта-Клауса6

Гамяльчук збіў сяброўку, скінуў яе з другога паверха, а пасля прапанаваў ажаніцца3

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў8

На Арлоўскай у Мінску сталі зносіць двухпавярховікі2

Зяленскі назваў найхутчэйшы спосаб завяршыць вайну33

Качанаву спыталі пра Threads. Яна адказала, што на дэстабілізацыю Беларусі «кінутыя такія грошы»31

У беларускіх чатах у Польшчы вярбуюць трафарэтчыкаў. За надпіс «Слава УПА» на помніку абяцаюць 500 даляраў14

Беларуска непрыемна здзівілася, калі пабачыла ў Гродне дзіцячыя танкі побач з будынкам былой камендатуры7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Суддзі, якія плакалі, суддзі, якія атрымлівалі асалоду, і суддзі, якія прыніжаліся перад міліцыяй

Суддзі, якія плакалі, суддзі, якія атрымлівалі асалоду, і суддзі, якія прыніжаліся перад міліцыяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць