Грамадства99

«Я ўрэшце растаў і закахаўся». Дзве гісторыі беларусаў, якія пазнаёміліся з дзяўчатамі ў сеціве, а тыя аказаліся махляркамі

Беларус расказаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку гісторыю анлайн-знаёмства з дзяўчынай: праз шмат тыдняў актыўнай перапіскі (актыўнай хутчэй з яе боку) хлопец западозрыў, што яго суразмоўніца — махлярка. CityDog.io папрасіў дазволу на публікацыю яго гісторыі (на ўмовах ананімнасці) і дапоўніў іншай.

Гісторыя першая: «Яна паставіла мне ўльтыматум: альбо я пакажу, што давяраю ёй, альбо яна не зможа са мной размаўляць»

— Пазнаёміўся з азіяткай у інтэрнэце, — расказвае Рыгор (імя зменена, кантакты героя ёсць у рэдакцыі CityDog.io). — Яе месца знаходжання было ці то ў Піцеры, ці то ў Калінінградзе, а нумар у WhatsApp — брытанскі.

Я адразу ставіўся да ўсяго гэтага скептычна, таму што не бачу сэнсу знаёміцца с кімсьці з іншых гарадоў і краін, з кім нельга сустрэцца, а толькі месяцамі перапісвацца. Тым не менш, дзяўчына праяўляла энтузіязм, і я вырашыў падтрымаць размову з цікаўнасці.

Яна прадставілася брытанкай кітайскага паходжання. Нарадзілася ў Ганконгу, з сям’ёй эмігравала ў Брытанію. Перапісваліся на рускай мове, хаця яна яе не ведала і карысталася гугл-перакладчыкам.

Калі даведалася, што я беларус, то спыталася, у чым розніца паміж Беларуссю і Расіяй. Вядома, я не змог пакінуць такое важнае пытанне без разгорнутага адказу, асабліва пасля яе заяў пра добрую палітыку Пуціна. Змарнаваў шмат часу і настрачыў гіганцкія паведамленні пра адносіны Беларусі, Расіі, Украіны, а таксама Кітая і Брытаніі з гістарычнымі адсылкамі.

Потым падумаў, што на іншым канцы лёгка можа быць кадэбэшнік, і дадаў, што спадзяюся, што яна — не ён, бо я там панапісваў усялякага. Так, гэта звычайная беларуская параноя, выпрацаваная ў беларусаў дзесяцігоддзямі, з якой расіяне смяяліся і прыкалваліся, а сёння ім самім не да смеху. Яна засмяялася і адказала, што ёй стала цяпер усё больш зразумела, бо яна не разумела, чаму «пасля аб’яднання Расіі і Беларусі беларусы працягваюць змагацца».

Наша гутарка цягнулася тыднямі. Ініцыятыву ў асноўным праяўляла яна: зычыла мне добрай раніцы і добрага вечара, распытвала пра справы і ўсё астатняе. Я з-за сваіх спраў не паспяваў за яе актыўнасцю.

Часцей за ўсё ў нашых гутарках расказваў пра сваё жыццё, прафесію, а яна пра сябе амаль нічога. Аказалася, што яна ў Маскве. Мы трохі абменьваліся фатаграфіямі.

Аднойчы я абмовіўся, што пакутую ад цяжкай формы пракрастынацыі і зусім не магу працаваць. Яна спыталася, ці не спрабаваў я атрымліваць пасіўны даход, і сказала, што яна займаецца нейкімі аперацыямі на анлайн-біржы і можа мяне навучыць, як ёй карыстацца, бо там усё проста. Я адказаў, што я мастак па жыцці і ўсе гэтыя справы далёкія ад мяне, але ж я не выключаю, што некалі магу паспрабаваць разабрацца ў гэтым.

Дарэчы, некалькі гадоў таму я разабраўся ў крыпце, рабіў кашалькі, абменьваў і купляў за яе. Але яна быццам бы зразумела мой адказ як «так» і праз дзень пачала настойліва прапаноўваць зарэгіцца на нейкай анлайн-біржы.

Пасля некалькі маіх ветлівых адмоў і пераносаў яна абурылася і пачала літаральна прэсаваць мяне — я здзівіўся, бо не разумеў, што здарылася. Я думаў: альбо гэта яе завуаляваная спроба выклікаць у мяне ініцыятыўнасць да яе, альбо яна неадэкватная ці, можа, гэта нейкая яе культурная асаблівасць.

У выніку яна паставіла мне ўльтыматум: альбо я пакажу, што давяраю ёй, і паспрабую зрабіць, што яна просіць, альбо яна больш не зможа са мной размаўляць. Вядома, я афігеў ад такой неспадзяванкі на пустым месцы, спрабаваў некалькі разоў ёй усё шчыра і зразумела патлумачыць, але нашы зносіны раптам абарваліся.

Прайшоў тыдзень, і выпадкова я трапляю на выпуск-расследаванне на YouTube-канале «Асцярожна, Сабчак!» пра тое, як у Брытаніі адзін іспанец пазнаёміўся ў тындары з расійскай дзяўчынай, якая быццам бы жыве ў іншым горадзе ў Брытаніі. У іх завялася бурная перапіска, амаль што раман з відэапаведамленнямі, і ў нейкі час яна прапанавала яму зарабіць на крыптабіржы.

Ён ва ўсё гэта ўцягнуўся, паверыўшы ёй, уклаў спачатку невялікія грошы і сапраўды атрымаў нейкі прыбытак. Потым павялічваў суму ўкладу, уцягнуў у справу сваіх сяброў, і раптам усё скончылася — хлопец згубіў 40 тысяч долараў. Тут я ўспомніў і пра іншую нядаўнюю навіну пра беларускага хлопца, падкаванага ў крыпце, якога амаль што такім жа чынам развяла нейкая дзяўчына на вялікія грошы. І тут у мяне ўсё стала на свае месцы.

Цяпер спытаў у гэтай кітаянкі, ці гатова яна працягнуць са мной зносіны без закранання тэмы біржы. Яна, вядома, адказала, што не можа размаўляць з тым, хто ёй не давярае. Я пайшоў наўпрост і спытаў, ці не махлярка яна.

Вядома, яна адказала, што я фантазёр і ў мяне няма ніякіх падстаў для гэтага. Тады я падрабязна расказаў пра гэту схему і спытаў, ці адгадаў я яе планы. Яна паставіла лайк пад гэтым паведамленнем, але працягнула ўхіляцца ад адказу. Напісала, што адкажа мне пазней.

Гісторыя другая: «Мне стала вельмі балюча — я зразумеў, што гэта развод і махлярства»

— Пазнаёміўся я з Алінай дзесьці ў сакавіку 2023 года, — расказвае Руслан пра свой няўдалы досвед знаёмства ў тындары. — Гэта была вельмі прыгожая 24-гадовая дзяўчына. Мяне адразу трохі збянтэжыла, што яна знаходзіцца ў Амстэрдаме, а ў мяне стаіць у тындары абмежаванне на адлегласць, здаецца, каля 80 км.

І зносіны адразу не вельмі завязвалася: я хоць і быў ветлівы, але гучалі ноткі сарказму — навошта я такой прыгожай дзяўчыне, ды яшчэ і так далёка, 1800 км? Але яна прыгожа і пісьменна пісала на рускай мове — я зацікавіўся.

Расказала, што яна родам з Новасібірска, але з'ехала ў 17 гадоў вучыцца ва ўніверсітэт у Нідэрландах. У 2023 годзе тата — дастаткова забяспечаны чалавек — дапамог ёй купіць там кватэру.

Яна мне адразу ж выслала фота: кватэра пафарбаваная і аформленая ў тых жа тонах і стылі, як я люблю, і вельмі падобная да маёй. Гэта была першая цаглінка ў нашых адносінах, ці ключык да майго сэрца. У нас нават уваходныя дзверы былі амаль аднолькавыя (хоць я рабіў пад замову са сваім малюнкам даволі дарагія дзверы, больш нідзе такія ж не бачыў) — супадзенне было вельмі незвычайным і рамантычным.

Я быў насцярожаны ў пачатку зносін, але яна проста адразу пачала з галасавых паведамленняў. Напрыклад, расказвала пра надвор'е ў сябе ў горадзе: я дадаў у сваю праграму Амстэрдам і спраўджваў — усё было дакладна так, як яна і казала.

Так, у пачатку зносін я так і напісаў ёй, што цяпер шмат махлярак, якія просяць грошы за сустрэчу і іншае. Яна даволі спакойна на гэта адрэагавала, сказала, што ў іх такога няма і ёй трохі крыўдна, што я пра яе так падумаў. Але тут жа адзначыла, што я маю права, бо зусім яе не ведаю.

Зносіны былі зусім не падобныя на зносіны з нашымі дзяўчынкамі: не было аніякіх складанасцяў і праверак, ці гатовы ты на гэта ці на тое. На жаль, нашы дзяўчаты, з якімі я меў зносіны (не магу сказаць за ўсіх), так уладкаваныя, што шмат разоў правяраюць тваю плацежаздатнасць, а не зацікаўленасць. Але яна была іншай, ёй нічога не трэба было ад мяне.

Аліна казала, што па прафесіі яна нутрыцыёлаг, падтрымлівае правільнае харчаванне для здароўя і нармальнай масы цела. Я з гэтым знаёмы. Бывала, яна высылала мне відэа сняданку ці вячэры, і я звярнуў увагу, што на відэа яе рукі былі з тым жа пярсцёнкам, што і на фотках, якія яна дасылала.

Так, яна не прызнавалася мне ў каханні, але яе зносіны былі настолькі цёплымі, што я ўрэшце растаў і закахаўся. Мы вельмі шмат размаўлялі кожны дзень галасавымі пра ўсё. Можа, таму, што яна нагадала мне дзіцячае каханне: таксама блакітнавокая худзенькая дзяўчынка з шчыльным карэ і таксама бландынка, як мая Софа з дзяцінства. Не ведаю, як так здарылася.

У выніку мы пачалі дамаўляцца пра сустрэчу, я падаў дакументы на візу і рыхтаваўся ехаць у Нідэрланды на некалькі тыдняў. Яна сказала, што, калі я не знайду даступнае жыллё, яна мне дапаможа. А калі не задаволіць, то я змагу пажыць у яе.

Я ўжо прадчуваў два тыдні зносін з каханай дзяўчынай, пакуль аднойчы не спытаў: «Як ты дазваляеш сабе столькі падарожнічаць?» Яна аб'ездзіла ўсе паўднёвыя краіны — Малайзію, Сінгапур, Тайланд, Філіпіны, Камбоджу.

Аліна сказала, што яе прафесія — гэта хобі, а зарабляе яна на біржы. І па маіх пытаннях скінула мне выпіску пра свае паступленні: былі дні, калі яна зарабляла нават 2700 даляраў у дзень. Гэта і быў яе асноўны даход: «Але я ў гэтым не разбіраюся, у мяне ёсць брокер Андрэас, ён за мяне ўсё робіць за працэнт. Калі хочаш, я вас пазнаёмлю», — казала яна.

Я насцярожыўся, але ненадоўга: думаў, што ў нас з ёй будзе вочнае знаёмства ў Нідэрландах. Але праз некалькі дзён яна падняла тэму сама: сказала, што ў Андрэаса вызвалілася месца, бо ён не можа весці шмат інвестараў, і калі я не супраць, то ён мне патэлефануе і раскажа, як можна адкрыць рахунак.

Я сказаў, што вельмі заняты і цяпер нармальна зарабляю, таму мне гэта пакуль нецікава. Вядома, мне гэта не спадабалася, я адчуў падвох. Я вельмі добра бачу і адчуваю, дзе можна падмануць.

Пасля гэтага яна расказвала, як захапілася ёгай і правільным харчаваннем, а праз яшчэ некалькі дзён ці тыдзень зносін, калі я амаль павінен быў атрымліваць візу, яна раптам вярнулася да біржы. Сказала, што ў Андрэаса зноў ёсць вольны час і ён можа заняцца маімі інвестыцыямі. Мне трэба з ім пагутарыць у 21:00 па нашым часе.

Я праігнараваў і сказаў, што заняты. Мне стала вельмі балюча: я зразумеў, што гэта развод і махлярства. Я не адказваў, а яна пыталася: «Як ты? У цябе нешта здарылася? Чаму ты не адказваеш?»

Так і скончылася наша няздзейсненае каханне. Самае цікавае і незвычайнае, што яна не выдаліла мяне і не заблакавала, у мяне застаўся яе тэлефон і ўся перапіска. Было жаданне напісаць ці патэлефанаваць ёй.

Дарэчы, яна не прайшла маю дадатковую праверку, калі я прапанаваў пагутарыць па відэасувязі. Яна адмовілася, але з якой прычыны, не памятаю. Пакуль успамінаў гэтую гісторыю, вырашыў ёй напісаць — пакуль няма адказу. Магчыма, і не будзе.

Вось такая сумная гісторыя, заснаваная на жаданні кахаць і быць каханым.

Каментары9

  • Кастусь
    27.12.2023
    кватэра пафарбаваная і аформленая ў тых жа танах і стылі, як я люблю, і
    вельмі падобная да маёй. Гэта была першая цаглінка ў нашых адносінах, ці
    ключык да майго сэрца.
    ===
    о май гад
  • Максим Дизайнер
    28.12.2023
    [Рэд. выдалена]
  • аёй-аёй
    28.12.2023
    аёй-аёй

Цяпер чытаюць

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна атакавала тэхнапарк і завод па вытворчасці беспілотнікаў у Падмаскоўі1

Беларусь пераносіць вучэнні «Захад-2025» з заходніх межаў углыб краіны18

У назвах станцый метро на выхадах з падземкі зніклі некаторыя літары1

Карл ІІІ у Канадзе: Сапраўдная Поўнач моцная і свабодная1

Мінчук з яркай знешнасцю выкладае сэксі-танцы і вучыць мастацтву разняволення10

Латушка: У мяне ёсць асцярогі за жыццё Анжалікі Мельнікавай5

Як працуе Беларуская акадэмія: еўрапейская адукацыя на роднай мове6

На Байкале падлетак забіў нажом чатырох таварышаў на дні нараджэння і падпаліў дом

Спецпрадстаўнік Трампа адказаў Мядзведзеву: Заява не адпавядае статусу сусветнай дзяржавы5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Праз дзевяць месяцаў пасля вызвалення памёр палітвязень Валерый Богдан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць