Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»1515

У Маскве і Бруселі сінхронна чухаюць рэпу

Тутэйшае начальства паралельна даслала сігналы і Расіі, і Еўразвязу: глядзіце, калі што, дык саскочым, застанецеся з носам! Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

У сваім маніпуляванні вектарамі тутэйшае начальства дасягнула віртуознасці. Зноў паралельна дасланы сігналы Расіі і Еўразвязу: глядзіце, калі што, дык саскочым, застанецеся з носам!

Вось распачынаецца Мінскі форум. Першае, што ўбачыў у яго кулуарах ваш пакорлівы слуга: кіраўнік Лукашэнкавай адміністрацыі Макей па-сяброўску шпрэхае з уплывовымі немцамі. І той самы Макей праз лічаныя хвіліны заяўляе журналістам: Палата бярэцца за пытанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Еўразвязаўскія выступоўцы на форуме тут жа вядуцца — і ну адгаворваць: ды што вы, не рабіце дурнога! У нас жа такія перспектывы… Карацей, пачынаюць наравіць як ліхой скуле.

Адбываецца класічная падмена тэзаў. Іншыя патрабаванні прыглушаюцца. Акцэнт ужо не на рэформах у краіне, а на гандлі геапалітычным паветрам.

Потым, Макей у Мінску і Лукашэнка ў Кіеве практычна сінхронам ставяць ўмову: лістападаўская Рада ЕЗ мусіць канчаткова скасаваць візавыя санкцыі, іначай…

А што іначай? Ды нічога. Тутэйшае начальства выдатна разумее: на скасаванне санкцый — пры фактычнай адсутнасці дэмакратычнага прагрэсу ў краіне цягам заліковага перыяду — Брусель пайсці не можа: гэта страта твару. Аднаўляць халодную вайну там таксама не хочуць. Таму — амаль 100%, што падвесяць пытанне яшчэ на паўгода ці год. Пралангацыя замарозкі — во ў якіх сюррэалістычных тэрмінах даводзіцца акрэсліваць сюжэт развіцця дачыненняў Мінска з Бруселем.

У выніку тут скрывяць губу, але потым заявяць: ну халера з вамі, калі дасце пернікаў, дык надта крыўдзіцца не станем, давайце майстраваць наш прагматычны дыялог далей!

Псіхалагічная ініцыятыва на беларускім баку. Еўропа мусіць дзіка радавацца, што тут, напрыклад, велікадушна згодзяцца прыняць яе крэдыт. Сэнк’ю, мерсі і данке шон!

Ну, а Масква атрымала пігулку ў выглядзе працяглага візіту Лукашэнкі на Украіну. Дамоўленасці пакуль што дэкларатыўныя, але Крамлю ўжо бачацца кашмарныя абрысы антырасійскага альянсу. Што адразу ж выплюхваецца цераз іхны «КоммерсантЪ».

І Лукашэнка ва ўкраінскай сталіцы не без асалоды канстатуе, што піяраўская страла трапіла ў ахілесаву пяту імперскіх комплексаў: «Некаму не надта падабаецца наша збліжэнне да ўзроўню стратэгічных дачыненняў. Але гэта не наша праблема, а праблема тых, хто на гэта так рэагуе. Не мусіць быць ніякай алергіі з нагоды нашых перамоў у Кіеве».

Ну, алергія — гэта яшчэ мякка сказана. Таямнічы «нехта» рызыкуе займець сапраўдны гемарой, калі альянс хоць часткова рэалізуецца.

І таму лепей адкупіцца, напрыклад, нейкімі зніжкамі на газ ды нафту. І потым, а раптам сапраўды воўк у лесе здохне — і Лукашэнка прызнае дзве каўказскія рэспублікі? Ва ўсякім разе, спікер Грызлоў («блажен, кто верует») ужо натхніўся.

Што ў сухой астачы? Еўразвяз можа падкінуць неўзабаве макрафінансавую дапамогу, а Масква згодзіцца на адносна лагодныя ўмовы пастаўкі энерганосьбітаў. Карацей, зімоўка забяспечана, а там — бог не выдасць, свіны грып не з’есць, мяркуюць тутэйшыя стратэгі.

Аляксандр Класкоўскі.

Каментары15

Цяпер чытаюць

Вось якое хараство за 40 мільёнаў даляраў прадае сябар-трэнер Лукашэнкі1

Вось якое хараство за 40 мільёнаў даляраў прадае сябар-трэнер Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

У 48 гадоў памёр першы намеснік начальніка Партызанскага РУУС Мінска28

Памёр экс-футбаліст зборнай Італіі і «Мілана» Франка Барэзі

Хаскі з Мінска стаў тварам новай калекцыі Mark Formelle. За гэта ён атрымаў адну футболку2

«Сцены вільготныя, цвіль паўсюль». Што адбываецца ў сталінках на вуліцы Леніна ў Мінску праз месяц пасля пажару1

Трамп заявіў пра гістарычнае пагадненне з ХАМАС3

Маліны ці ажыны — якія ягады больш карысныя?1

Трамп паставіў пад сумнеў перадачу Украіне ліцэнзіі на ракеты для Patriot8

Дроны ўдарылі па складах Wildberries і НПЗ у Валгаградзе11

Іспанія не дае рады наплыву мігрантаў у сваім афрыканскім анклаве20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось якое хараство за 40 мільёнаў даляраў прадае сябар-трэнер Лукашэнкі1

Вось якое хараство за 40 мільёнаў даляраў прадае сябар-трэнер Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць