Кіно

«Джон Уік 4»: харэаграфія бою на фоне Осакі, Берліна і Парыжа

«Ёсць людзі, якім ёсць дзеля чаго жыць, людзі, якім ёсць дзеля чаго паміраць і людзі, якім ёсць дзеля чаго забіваць. Джон Уік не належыць ні да адных з іх», — кажа маркіз Венсан дэ Грамон, адзін з самых вытанчаных кіношных злыдняў з бездакорна заганным заломам вуснаў. Але ён памыляецца.

John Wick scene
Кадр з фільма «Джон Уік: Частка 4»

Па водгуках крытыкаў, «Джон Уік: Частка 4» стаў найлепшым фільмам ва ўсёй франшызе — самым драматычным, тэатралізаваным, маштабным і камічным. Гэтым разам рэжысёр Чад Стахелскі здзівіў не столькі сюжэтам, колькі візуалам і ўменнем ператварыць баявік у эстэтыку і мастацтва. Перад намі той выпадак, калі стыль — гэта і ёсць сюжэт.

Многія кінакрытыкі параўноўваюць новую стужку з балетам — дзе кароткія філасофскія размовы кілераў і «вялікіх босаў» пра сэнс жыцця выступаюць свайго роду інтэрмедыямі паміж захапляльнымі сцэнамі паядынкаў, якія разгортваюцца на фоне замка ў Осацы, на рэйв-вечарыне ў Берліне і на фоне галоўных славутасцяў Парыжа. Незадоўга да фіналу бойкі адбываюцца на лесвіцы, па якой галоўны герой падымаецца да парыжскай базілікі Сакрэ-Кёр, — і цяжка не параўнаць гэты пад’ём з узыходжаннем на Галгофу.

Вядома, можна бясконца здзіўляцца таму, як добра выглядае касцюм Джона Уіка пасля бясконцых перастрэлак і качання на падлозе з некалькімі дзясяткамі праціўнікаў і як цалкам спакойна галоўны герой штораз падымаецца пасля падзенняў з вышыні, але гэта не мае значэння: гледачам і так зразумела, што бойкі і кроў у фільме несапраўдныя, свет — выдуманы, але гэты выдуманы свет зацягвае і ў ім нават хочацца затрымацца.

Рэжысёры — Чад Стахелскі і Дэвід Літч — раней былі пастаноўшчыкамі трукаў трылогіі «Матрыца». Менавіта Кіану Рыўз прыцягнуў пару да працы над гэтым фільмам. Былы кікбаксёр Чад Стахелскі наогул пачынаў сваю кар'еру ў кіно як каскадзёр. І ў «Джоне Уіку» галоўнай адзінкай кінамовы становіцца віртуознасць трука.

Прывід шукае магілы

Першая частка «Джона Уіка» выйшла ў пракат у 2014 годзе. У ёй герой, вядомы кілер, які даўно адышоў ад «спраў», вымушаны зноў біцца з мафіяй, каб адпомсціць мужчынам, якія забілі яго сабаку — апошні падарунак нядаўна памерлай жонкі.

З таго часу сюжэт у фільме асабліва не змяняўся: каб адпомсціць крыўдзіцелям і здабыць волю, Джон Уік у кожным фільме б’ецца з мафіяй. Але дабрацца да галоўнага ворага ён зможа, толькі калі пройдзе па дзясятках трупаў яго памагатых — якіх будзе знішчаць з майстэрствам сапраўднага прафесіянала.

Безумоўна, галоўная постаць у фільме — акцёр Кіану Рыўз, чый характар і філасофія робяць яго забойцам, якога цяжка не прыняць як станоўчага персанажа. Джон Уік у чацвёртай частцы — чалавек-прывід, які ўжо даўно не жыве паўнакроўным жыццём, ён у пошуку толькі аднаго — збавення. «Ёсць людзі, якім ёсць дзеля чаго жыць, людзі, якім ёсць дзеля чаго паміраць і людзі, якім ёсць дзеля чаго забіваць. Джон Уік не належыць ні да адных з іх», — кажа маркіз Венсан дэ Грамон, адзін з самых вытанчаных кіношных злыдняў з бездакорна заганным заломам вуснаў.

Але ён памыляецца. Мяркуючы па ўсім, Джону Уіку якраз ёсць дзеля чаго і жыць, і паміраць, і забіваць. Аднак пры гэтым ён не будзе скачвацца ў сентыменталізм ці ўзвальваць на сябе місію па выратаванні свету. Калі «матрычны» Нэа змагаўся ў імя чалавецтва, то Уіку ад людзей даўно нічога не патрэбна. Ён маўклівы, стрыманы і максімальна адчужаны ад свету, а Кіану Рыўз даводзіць вобраз «моцнага, маўклівага тыпа» да крайнасці.

Як падлічыў Wall Street Journal, амаль трэць усіх рэплік персанажа ў новым фільме складаецца з аднаго слова. Па словах рэжысёра Чада Стахелскага, Рыўз выразаў прыкладна палову дыялогаў, напісаных для яго персанажа ў першапачатковым сцэнарыі — каб паказваць, а не расказваць. Сцісласць — гэта ключ да містыкі Джона Уіка.

Нечаканай дэталлю фільма для тых, хто не глядзеў папярэднія часткі, стане тое, што ў некалькіх эпізодах герой будзе размаўляць па-руску — як стала вядома з трэцяга фільма, Джон Уік нарадзіўся ў сям'і цыган у паселішчы Падгор'е ў Беларускай ССР. Пры нараджэнні меў імя «Джардані Яванавіч». Ва ўкраінскім пракаце чацвёртай часткі герою змянілі нацыяльнасць. «Я дзіця Украіны», — кажа галоўны герой голасам украінскага артыста.

Як «Джон Уік 4» трапіў у расійскі і беларускі пракат?

Увесну 2022 года неафіцыйна паведамлялася, што ў расійскі пракат фільм не выйдзе. Студыя Lionsgate, якая займалася вытворчасцю карціны, прыняла рашэнне аб прыпыненні выпуску сваіх фільмаў у Расіі.

Аднак фільм усё ж выйшаў: як піша Deadline, гэта адбылося таму, што студыя працягвае выконваць свае абавязкі па раней заключаных кантрактах з кампаніямі-дыстрыб’ютарамі, якія не знаходзяцца пад санкцыямі. Такой кампаніяй з’яўляецца мальтыйская Unicorn Media Limited, якая выпускае John Wick: Chapter 4 у Расіі.

Чытайце яшчэ:

Што паглядзець. «Рычар» — крымінальны серыял, ад якога нават крытыкі ў захапленні

Лінейка фільмаў Netflix на 2023 год выглядае небагата, але цікава

Каментары

Цяпер чытаюць

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі7

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў, што Пуцін не пачаў бы вайну, каб Расію не выключылі з «Вялікай васьмёркі»12

У Віцебску двухгадовы хлопчык упаў з дзясятага паверха

Паліна з Салігорска набрала 400 балаў на экзаменах. Вось куды яна будзе паступаць7

У Кіраўску брат забіў сястру, хочучы абараніць яе ад мужчын са сваіх галюцынацый

На Заслаўскім замку спрабуюць раскрыць таямніцу падземнага ходу2

Іран прыпыніў здабычу газу на найбуйнейшым у свеце радовішчы

Пасля разносу Лукашэнкі «Беларусьфільм» бярэцца ствараць «лінейку сваіх серыялаў»5

«Гэта не самы прывабны варыянт». Што думаюць беларусы пра ўвядзенне Грузіяй трохгадовага ДНЖ для айцішнікаў3

Трамп не збіраецца падпісваць заяву G7 па пытанні ізраільска-іранскага канфлікту

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі7

Расіянка расказвала пра глыбінную моц Лукашэнкі — цяпер яна ў слязах з'язджае з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць